Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна не разглядае Беларусь як свайго патэнцыйнага праціўніка, — сьпікер АТА Лысенка


Андрэй Лысенка

Андрэй Лысенка

Штодня на Данбасе гінуць людзі — украінскія вайскоўцы, цывільныя і расейскія грамадзяне. Ці дзейнічаюць менскія пагадненьні і ад якіх фактараў залежыць інтэнсіўнасьць абстрэлаў?

Пра гэта карэспандэнтка Радыё Свабода паразмаўляла са сьпікерам Адміністрацыі Прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях Антытэрарыстычнай апэрацыі Андрэем Лысенкам.

— Спадар Андрэй, як зараз характарызуецца сытуацыя на Данбасе і з чым зьвязаная некаторая актывізацыя баявых дзеяньняў?

— Мы заўважылі такую заканамернасьць — як толькі плянуюцца сурʼёзныя міжнародныя сустрэчы па пытаньнях разьвязаньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, то расейскія баевікі і часткова вайскоўцы, якія нібыта заблукалі на тэрыторыі Ўкраіны, павялічваюць колькасьць ды інтэнсіўнасьць абстрэлаў нашых пазыцыяў. Такім чынам, хутчэй за ўсё, хочуць паказаць, што яны не падуладныя Крамлю і на свой одум могуць або абстрэльваць, або не.

На самай справе мы разумеем, што ўсё адбываецца па камандзе з Крамля. Тое, што яны сьцьвярджаюць, што там ваююць некіраваныя банды баевікоў або казакоў, — гэта ўсё хлусьня і правакацыя, якую расейскія прапагандысты выкарыстоўваюць на міжнародным узроўні і ўнушаюць свайму насельніцтву.

Дарэчы, калі ў Варшаве адбываўся саміт НАТО, мы зарэгістравалі колькасьць абстрэлаў, якую можна параўнаць толькі з папярэднімі трыма месяцамі разам узятымі. Літаральна ў апошні дзень саміту было больш за 90 абстрэлаў, і кожны зь іх быў вельмі інтэнсіўны, з выкарыстаньнем цяжкага ўзбраеньня — гаўбіц, танкаў, мінамётаў, якія паводле менскіх пагадненьняў павінны быць адведзеныя на пэўную дыстанцыю.

Мы выконваем менскія пагадненьні і не падводзім на пярэдні край цяжкае ўзбраеньне. Гэта зь лёгкасьцю можа фіксаваць і місія АБСЭ. Дарэчы, яе прадстаўнікі ўжо ня раз пацьвярджалі, што ня могуць прасачыць за сытуацыяй з таго боку, паколькі баевікі і расейскія найміты не пускаюць іх туды.

Паводле нашай паветранай выведкі і высноваў АБСЭ, цяжкае ўзбраеньне з боку расейскіх акупацыйных войскаў знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці да лініі разьмежаваньня. І менавіта зь яго абстрэльваюцца нашы пазыцыі, кантрольна-прапускныя пункты, празь якія перасякаюць лінію разьмежаваньня мірныя жыхары, абстрэльваюцца населеныя пункты...

Сытуацыя на Ўсходзе Ўкраіны

Сытуацыя на Ўсходзе Ўкраіны

— То бок чым большы міжнародны ціск на Расею, тым больш баявых сутыкненьняў на лініі разьмежаваньня?

— Можна і так сказаць.

У іх ёсьць некалькі мэтаў. Выбіць як мага больш украінскіх вайскоўцаў, выведаць месцазнаходжаньне агнявых пунктаў украінскіх абарончых пазыцыяў, справакаваць у адказ агонь з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.

Мы яго адкрываем, але толькі з дазволенай зброі. Але гэткім чынам яны спрабуюць паказаць, што гэта ўкраінскія вайскоўцы правакуюць агонь.

Гэткую ж інфармацыю яны спрабуюць навязаць і місіі АБСЭ, і такім чынам абвінаваціць украінскія ўлады ў невыкананьні менскіх дамоўленасьцяў.

— Апошнім часам найбольшая актыўнасьць назіраецца на марыюпальскім кірунку, дзе знаходзіцца Кахоўская ГЭС, і на аўдзееўскім, дзе разьмешчаны вялікі коксахімічны завод. Ці не спрабуюць сэпаратысты гэткім чынам атрымаць доступ да кіраваньня энэргазабесьпячэньнем рэгіёну і прыбытковым мэталюргічным прадпрыемствам?

— Няма там барацьбы за эканоміку, таму што ніводнае прадпрыемства, якое засталося на акупаванай тэрыторыі, не павялічыла сваіх магутнасьцяў і эканамічных паказчыкаў.

Больш за тое — частка прадпрыемстваў наагул вывозіцца або выразаецца на мэталалом, бо расейскія акупацыйныя войскі ня маюць намеру падымаць эканоміку гэтага рэгіёну.

Але і гэта ня ўсё. Гэтак званыя «народныя ўлады» патрабуюць павелічэньня ўтрыманьня з боку Крамля, што, вядома, раздражняе расейскіх куратараў.

Мы не зафіксавалі на акупаванай тэрыторыі ніводнага адрамантаванага, узьведзенага ці пабудаванага абʼекта, які прыносіў бы эканамічны прыбытак акупацыйным войскам.

Разбураны завод у пасёлку Ніжняя Крынка

Разбураны завод у пасёлку Ніжняя Крынка

— Учора ўкраінскія вайскоўцы ўзялі ў палон расейскага грамадзяніна, які ваяваў у складзе дывэрсійнай групы, а сёньня ўкраінскія памежнікі затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна з пашпартам Паўднёвай Асэтыі. Украінскія вайскоўцы атрымалі загад на стварэньне гэтак званага «абменнага матэрыялу», каб вызваляць сваіх вязьняў з Расеі?

— Расейскія дывэрсійна-выведныя групы рыхтуюць прадстаўнікі Галоўнага выведнага ўпраўленьня Генштабу Расейскай Фэдэрацыі і ФСБ. Час ад часу яны самі ўдзельнічаюць у гэткіх групах.

Туды набіраюць самых падрыхтаваных, але так атрымліваецца, што нашыя войскі, якія знаходзяцца на пярэднім краі, ужо даволі доўга і эфэктыўна ім процідзеюць. Яны ведаюць усе іхнія мэтады, добра ведаюць мясцовасьць, якой карыстаюцца баевікі.

Хоць ёсьць і складанасьці. Мінулай ноччу ў раёне Тарэцку дывэрсійная група, прыкладна 20 баевікоў, падышла практычна ўшчыльную да нашых пазыцыяў, гэта была начная вылазка. Нашыя вайскоўцы своечасова іх выявілі і падпусьцілі бліжэй, а як толькі яны наблізіліся — была дадзеная каманда на зьнішчэньне. Частка групы была зьнішчаная, частка — узятая ў палон, і частка пасьпела адысьці.

Нашыя байцы ўжо сталі настолькі вопытнымі і прафэсійнымі, што нават байцы са спэцпадрыхтоўкай ня могуць пракрасьціся на нашу тэрыторыю або нанесьці нейкую адмысловую шкоду нашай абароне.

— Вы ня раз бралі ўдзел у міжнародных міратворчых апэрацыях. З улікам гэтага досьведу — ці захоўваецца магчымасьць аднаўленьня актыўных баявых дзеяньняў і што можа стаць прычынай для гэткага разьвіцьця падзеяў?

Практычна кожны дзень і кожную ноч на акупаваную тэрыторыю прыбывае і новае ўзбраеньне, і боепрыпасы, і гаруча-змазачныя матэрыялы, і найміты

— Украіна ня будзе ініцыятарам наступальных баявых дзеяньняў, бо мы выконваем менскія дамоўленасьці. Але мы атрымліваем інфармацыю, што практычна кожны дзень і кожную ноч на акупаваную тэрыторыю прыбывае і новае ўзбраеньне, і боепрыпасы, і гаруча-змазачныя матэрыялы, і найміты. Гэта сьведчыць, што Крэмль мае намер і далей падтрымліваць канфлікт.

Гаварыць пра поўнамаштабны наступ можна колькі заўгодна, але для наступу, паводле разьлікаў ваеннай тактыкі, павінна быць перавага ў 3–4 разы. У акупацыйных войскаў такой перавагі няма.

Разам з тым мы бачым, у якой колькасьці расейскія войскі прысутнічаюць каля ўсёй мяжы з Украінаю. Мы таксама ўлічваем Прыднястроўскую групоўку расейскіх войскаў, групоўку на тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым, мы адсочваем сытуацыю разгортваньня войскаў на мяжы зь Беларусьсю і разумеем, што калі Расея захоча — яна будзе наступаць. Але шырокамаштабны наступ з боку акупаванага Данбасу малаверагодны.

— А ці валодаеце вы інфармацыяй пра ўдзел беларускіх прадпрымальнікаў у забесьпячэньні акупаванага Данбасу?

— У нас з Рэспублікай Беларусь дзейнічае нарматыўна-прававая база, пагадненьні. Мы пакуль што ня бачым грубых парушэньняў. Калі такое адбудзецца, пра гэта будзе адразу ж заяўлена па дыпляматычнай лініі. Пакуль у нас усё застаецца ў нармалізаваным выглядзе, і мы не разглядаем Беларусь як свайго патэнцыйнага праціўніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG