Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І беларусы, і ўкраінцы пакутуюць ад Расеі. Мы павінны быць разам» — мэр Львова даў эксклюзіўнае інтэрвію Свабодзе


Радыё Свабода падарыла мэру Львова беларускую вышыванку

Радыё Свабода падарыла мэру Львова беларускую вышыванку

Львоў — гэта горад, які нават рабоў можа зрабіць народам, — кажа мэр Львова Андрэй Садовы, які запрасіў у свой горад Аляксандра Лукашэнку. Свабода сустрэлася з кіраўніком вольнага гораду напярэдадні футбольнага матчу паміж зборнымі Ўкраіны й Беларусі.

Калі б Лукашэнка прыехаў у Львоў, ён бы зьмяніўся

— Спадар Андрэй, месяц таму вы запрасілі прэзыдэнта Беларусі на футбольны матч у Львоў. Ці сапраўды вы думалі, што Лукашэнка прыедзе?

— Мне важна, каб у Львове праходзілі сустрэчы высокага ўзроўню. Я гарадзкі галава, і для мяне важна, каб Львоў быў папулярны і вядомы.

Права запрашаць прэзыдэнта мае толькі прэзыдэнт, таму я магу толькі даваць парады. Але, наколькі я разумею, на сёньня такой сустрэчы ў Львове не адбудзецца. Напэўна, такая сустрэча ў Кіеве адбудзецца ў нейкі іншы час.

Пры гэтым мне вельмі важна, каб беларусы прыяжджалі да нас. Таму што Львоў — гэта вольны дэмакратычны горад. Як сьпяваецца ў адной песьні, Львоў — гэта горад, які нават рабоў можа зрабіць народам. Таму, я думаю, калі больш беларусаў будзе прыяжджаць у Львоў, гэта будзе зьмяняць сытуацыю.

Каб Лукашэнка быў у Львове, магчыма, штосьці й яго б памяняла. Маю такую надзею.

— Якое ў вас стаўленьне да кіраваньня Лукашэнкі?

— Нэгатыўнае. Адным словам — нэгатыўнае. Мне падабаюцца тыя краіны, дзе краіна разьвіваецца дэмакратычна, дзе ёсьць павага да чалавечай годнасьці, дзе не перасьледуюць за палітычныя погляды. Тое, што ў Беларусі шмат людзей сядзяць у турмах за свае палітычныя погляды, гэта вельмі нэгатыўна. Я бачу, што сытуацыя пачала зьмяняцца, пачалі выпускаць з турмаў. Павінен быць вольны палітычны працэс.

— Увогуле з афіцыйных прадстаўнікоў нехта зьбіраецца прыехаць?

— Я не валодаю такой інфармацыяй. Зборная будзе, будуць людзі, якія займаюцца футболам у Беларусі. Беларуская каманда ўжо выступала ў Львове. Яна ведае наш горад. Таму, я думаю, будзе вялікая гасьціннасьць, добры настрой, але заўзець я буду за зборную Ўкраіны.

— А неафіцыйныя сустрэчы вы маеце праводзіць?

— Мы атрымалі інфармацыю, што Тацяна Караткевіч мела б жаданьне сустрэцца. Калі такое пытаньне паўстане, мы зь ёй сустрэнемся без праблем. Мне цікава ведаць, што адбываецца ў Беларусі, мне цікава мець інфармацыю з усіх бакоў. Ёсьць амбасада, якая мае сваю пазыцыю, ёсьць апазыцыя.

Існуе такая традыцыя: калі ты прыяжджаеш у тую ці іншую краіну, заўжды трэба сустракацца і з уладаю, і з апазыцыяй. Тады ты лепш разумееш сытуацыю ў краіне.

Я чуў яе прозьвішча, але пакуль асабіста зь ёю не знаёмы. Калі размаўляеш з чалавекам наўпрост, ты больш дазнаесься, чым з кніжак, артыкулаў і тэлебачаньня. Асабістыя размовы маюць вялікую сілу.

Прыяжджайце ў Львоў, чэрпайце сілы для будаваньня краіны

— Ці вы калі былі ў Беларусі?

— Я быў, але гэта было трошкі даўно. Я памятаю мы на адзін дзень лёталі. Навокал былі людзі ў чорным, якія назіралі, каб мы раптам не пайшлі ў іншы бок. Такія жудасныя ўражаньні былі.

Мы вельмі дрэнна ведаем Беларусь, сапраўды. Мы жывем у інфармацыйным полі, дзе вельмі часта дамінуюць дрэнныя навіны... Таму я спрабую выкарыстоўваць усялякія магчымасьці. Прэзыдэнты зьмяняюцца, а народы і нацыі застаюцца.

Таму вельмі важна зрабіць такі калідор зь Беларусі да Львова, каб вы часьцей сюды прыяжджалі, набіраліся духу волі, духу цьвёрдасьці і будавалі сваю краіну. Таму што Беларусь ніхто, апроч беларусаў, не пабудуе. Вы павінны рыхтаваць новых лідэраў, вы павінны даваць ім сілу. А Львоў — гэта акурат той горад, дзе можна гэтую сілу чэрпаць. Таму — welcome to Lviv.

Беларусь — гэта наш сусед, у нас вялікая павага да беларусаў. Я хачу, каб адносіны паміж украінцамі й беларусамі былі лепшыя, каб больш беларусаў прыяжджала ў Львоў.

Я быў бы рады, каб быў наўпроставы авіярэйс Менск — Львоў

— Ці шмат беларусаў прыяжджае ў Львоў?

— Прыяжджаюць. Таму што Львоў — прыгожы горад. Даволі прыцягальныя кошты. Ёсьць што пабачыць і не патрэбна візы.

— Што яшчэ зьвязвае нас, апроч турызму?

— Мы некалькі разоў спрабавалі рабіць Дні Львова ў беларускіх гарадах. Але вялікай цікавасьці не было. І шкада. Хоць, мне здаецца, такое супрацоўніцтва паміж гарадамі было б вельмі карыснае. Але я разумею, што ў Беларусі жорсткая вэртыкаль, што кожны начальнік гораду мусіць узгадняць сваю дзейнасьць з вышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы. Таму пакуль такой супрацы няма, але я хацеў бы, каб такая супраца была.

— У сьпісе гарадоў-пабрацімаў Львова няма ніводнага беларускага.

— Таму што няма шчыльнага супрацоўніцтва. Таму што Беларусь — досыць закрытая краіна. І хацелася б, і каб мы лепш ведалі вас, і каб вы лепш ведалі нас. І, уласна, гэтаму можа спрыяць большая турыстычная плынь.

Я быў бы рады, каб быў наўпроставы авіярэйс Менск — Львоў. Я думаю, ён бы меў вялікую папулярнасьць сярод турыстаў зь Беларусі. Думаю, украінцы таксама б езьдзілі ў Беларусь. У вас вельмі смачныя малочныя прадукты. Бульба ў вас вельмі смачная.

І беларусы, і ўкраінцы — аднаго духу. Мы — эўрапейцы

— Вы кажаце, Львоў зьмяняе людзей. А Беларусь не зьмяняе людзей?

— Сёньня ў сьвеце паскараюцца ўсе працэсы. І мне здаецца, што таталітарызм ня мае ніякага шанцу на посьпех. І Беларусь, несумненна, будзе мяняцца. Усё, што нарадзілася, мае свой час жыцьця. Ніхто ня можа быць пры ўладзе вечна. Таму, я веру, у вас будзе шмат новых лідэраў, мудрых правадыроў, і Беларусь будзе пасьпяховая ў пляне кантактаў з усім сьветам.

Беларусы мудрыя. Яны вельмі цярплівыя. Я б хацеў, каб мы былі больш разам. Таму што чамусьці паміж Украінай і Беларусьсю ёсьць вялікая сьцяна. Я б хацеў, каб мы гэтую сьцяну зламалі і былі разам.

Вы пакутуеце ў тым ліку і ад Расеі. Таму што яна спрабуе дамінаваць над Беларусьсю. Мы пакутуем ад Расеі, таму што частка нашай тэрыторыі знаходзіцца ў акупацыі. Мне здаецца, каб мы мелі лепшую сынэргію, супрацу, гэта было б выгадна для абедзьвюх краінаў.

У нас няма ніякага моўнага бар’еру. Я выдатна разумею беларускую мову, вы разумееце ўкраінскую мову. Мы — эўрапейцы па сваім духу, па сваёй сутнасьці. Таму толькі разам. Разам мы зможам вельмі шмат зрабіць.

Вы павінны зразумець, што ў Эўропе ніхто вам ня будзе пад ногі кідаць ружы, што сьвет даволі жорсткі. Ёсьць вельмі вялікая канкурэнцыя. І ў гэтай канкурэнцыі мы можам быць добрымі партнэрамі.

Беларусам гуляць у Львове будзе няпроста

— У апошнія гады Львоў стаў футбольнай сталіцай. Гэта ўсё дзякуючы правядзеньню чэмпіянату Эўропы?

— Так, дзякуючы чэмпіянату тут гулялі вельмі моцныя зборныя. Мы маем цудоўны новы стадыён, адзін з найлепшых у Эўропе па сваёй прыгажосьці. Мы ганарымся, што і зборная тут гуляе, і шмат сусьветных камандаў тут гуляюць. Гэта стала для нас ужо нормаю.

У наступным годзе мы ў Львове будзем праводзіць матч чэмпіянату сьвету па шахматах. Таксама запрашаем. Я думаю, беларусы любяць гуляць у шахматы.

Мы, на вялікі жаль, адмовіліся ад барацьбы за месца гаспадароў зімовай Алімпіяды 2022 году. Таму што расейская акупацыя не дала нам мажлівасьці гэта зрабіць. Але мы маем вельмі вялікія пэрспэктывы і мажлівасьці. Мы таксама адмовіліся ад чэмпіянату Эўропы па баскетболе. Таксама праз вайну. Але мы маем іншыя пляны.

Такія вялікія спартовыя імпрэзы робяць горад вядомым. І гэта за сабою цягне вялікія інвэстыцыі. Гэта вельмі карысна для кожнага гораду.

— То бок інвэстыцыі ў будаўніцтва акупляюцца?

— Такія стадыёны будуюцца раз на 50 год. Напэўна, на пальцах адной рукі можна пералічыць стадыёны, якія акупляюцца. Большасьць стадыёнаў — гэта імідж, гэта інвэстыцыі ў здароўе людзей. Таму што прамоцыя футболу прадугледжвае магчымасьці бачыць лепшыя гульні футболу ўжывую.

Новы стадыён вельмі карысны для гораду. Ён можа быць месцам адкрыцьця зімовай Алімпіяды, на якую мы будзем далей прэтэндаваць. Там праходзіць шмат форумаў і фэстываляў, канфэрэнцыяў. Гэты стадыён жыве. Таму з пункту гледжаньня інвэстыцыяў у людзей ён рэгулярна акупляецца.

— Як там ужываюцца між сабой мясцовыя «Карпаты» і данецкі «Шахтар»?

— Наша львоўская каманда «Карпаты» пакуль гуляе на стадыёне «Ўкраіна». А на новым стадыёне гуляюць «Шахтар» і зборная. Таксама час ад часу каманды зь іншых гарадоў прыяжджаюць. Але калі б і «Карпаты» там гулялі, месца б хапіла для ўсіх. Тут няма ніякіх праблемаў. Поле добрае, стадыён добры. Былі б перамогі і ўдзел у эўракубках. Таму што найлепшыя каманды сьвету да нас б прыяжджалі.

— А якое ў горадзе стаўленьне да «Шахтара»?

— Я б падзяліў гэта на некалькі частак. Калі гаварыць пра «Шахтар», які здабывае перамогі на эўрапейскіх арэнах і дзе гуляюць вельмі моцныя гульцы, — вельмі добрае стаўленьне, вельмі пазытыўнае. Дзякуючы «Шахтару» шмат сусьветных камандаў прыяжджалі ў Львоў.

Магчыма, ёсьць складанае стаўленьне да Данецкага рэгіёну. Гэта праз апошнія падзеі. Але мы, наадварот, павінны паказваць нашы добрыя намеры, таму што прыяжджаць тыя людзі, якія за Ўкраіну. І «Шахтар» заняў прынцыповую пазыцыю. Яны не гуляюць у Данецку. Яны гуляюць у Львове, у Кіеве. Увогуле, пазытыўнае стаўленьне да каманды, таму што гэта пасьпяховая каманда. Я сам быў на матчах «Шахтара». Часта хаджу.

— У суботу на стадыён пойдзеце?

— Я думаю, стадыён будзе поўны, і беларусам будзе няпроста гуляць у Львове. Але — welcome.

Матч кваліфікацыі да чэмпіянату Эўропы-2016 па футболе паміж зборнымі Беларусі і Ўкраіны адбудзецца ў Львове ў суботу 5 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG