Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленьне Андрэя Бандарэнкі пад пытаньнем: яму пагражае новая крымінальная справа


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, які адбывае ў магілёўскай турме пакараньне за злоснае хуліганства, цяпер абвінавачваюць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам турмы.

Пра новую справу на Андрэя Бандарэнку паведаміў ягоны бацька Валер Бандарэнка.

«Справа заведзеная паводле артыкулу 411Крымінальнага кодэксу — гэта злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі. Знайшлі, што ён нібыта ляжаў на ложку ў час, калі нельга, а пасьля заўвагі запярэчыў і не падпарадкаваўся. Прычым цікавая рэч: у ягонай камэры ўсталяваная відэакамэра. Андрэй не прызнае, што пярэчыў і не падпарадкоўваўся, і патрабуе, каб прагледзелі відэа. Але сказалі, што таго кавалку запісу якраз і няма. Вось і дакажы, што ты невінаваты, калі сядзіш адзін, і ніхто больш гэтага ня бачыў, а яны скажуць, што ім трэба! Падобна, што хочуць яго дадаткова пакараць, каб не выпускаць у сакавіку з турмы», — мяркуе Валер Бандарэнка.

Заснавальнік ужо не існуючай праваабарончай установы «Плятформа-інавэйшн» Андрэй Бандарэнка быў арыштаваны ўвесну 2014 году і асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Паводле суду, Бандарэнка нібыта зьбіў жанчыну — суседку па падʼезьдзе, а таксама нібыта ўдарыў у твар мужчыну. Гэта адбылося побач з кавярняй, дзе праваабаронца адпачываў зь сябрамі. На судзе Андрэй Бандарэнка прызнаў віну часткова. Ён прызнаваў, што быў вінаваты ў хуліганстве ў дачыненьні суседкі, але адмаўляў віну ў зьбіваньні мужчыны на вуліцы, называючы гэты інцыдэнт правакацыяй спэцслужбаў ці міліцыі.

Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна таго, ці прызнаваць Бандарэнку палітвязьнем, падзяліліся. Некаторыя палічылі, што ягонае пакараньне адпавядае судовай практыцы ў Беларусі, якая датычыцца спраў аб злосным хуліганстве.

У месцах зьняволеньня, куды Бандарэнка трапіў пасьля суду, супраць яго чыніўся ціск і правакацыі, у выніку яго прызналі злосным парушальнікам рэжыму і са звычайнай калёніі перавялі ў крытую турму ў Магілёве, прычым зьмясьцілі ў адзіночную камэру. Калі справе паводле 411-га артыкулу КК будзе дадзены ход, былому праваабаронцу пагражае зьняволеньне яшчэ на адзін год.

Ужываньне артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу беларускія праваабаронцы лічаць мерай ціску на тых, хто змагаецца супраць злоўжываньняў адміністрацыі ці зь нейкіх прычын нямілы ўладам. У 2012 годзе гэты артыкул быў ужыты супраць лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, які мусіў выйсьці з турмы, але застаўся ў зьняволеньні яшчэ на год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG