Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны сакратар МЗС Латвіі: 60 эўра за шэнгенскую візу — гэта празьмерная плата для беларусаў


Пэрспэктывы і шляхі пашырэньня палітычнай, гандлёва-эканамічнай і транзытнай супрацы Беларусі і Латвіі, умацаваньне двухбаковай дамоўна-праўнай базы, а таксама тэматыку дыялёгу Беларусь — Эўразьвяз і інтэнсыфікацыю кантактаў у рамках міжнародных арганізацыяў абмеркавалі ў Менску намесьніца міністра замежных справаў Беларусі Алена Купчына і дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных справаў Латвіі Андрэйс Пілдэгавічс.

Сёньня на завяршэньне візыту дзяржаўны сакратар замежнапалітычнага ведамства Латвіі даў эксклюзіўнае інтэрвію Свабодзе.

— Што зьмянілася пасьля леташняга саміту «Ўсходняга партнэрства», які прайшоў у Рызе, і якія цяпер пэрспэктывы ў Беларусі для паляпшэньня дачыненьняў з Эўразьвязам?

— З нашага гледзішча праграма «Ўсходняе партнэрства» атрымала ў Рызе вельмі важную рэканфігурацыю. І галоўная зьмена ў тым, што быў прыняты прынцып дыфэрэнцыяцыі для кожнай з шасьці краінаў. То бок кожная дзяржава атрымала магчымасьць больш індывідуальна вызначаць тэмы, глыбіню спалучэньня і ўзаемадзеяньняў з Эўразьвязам. Але пры гэтым, безумоўна, захоўваецца і шматбаковая пляцоўка.

Што да Беларусі, то мы за апошнія паўтара-два гады фактычна размарозілі дыялёг, як у двух-, так і ў шматбаковым пляне. Мы сустракаемся цяпер рэгулярна.

Спадзяюся, што ўжо ў кастрычніку мы выйдзем на падпісаньне новай праграмы. На нашым дыпляматычным слэнгу яна завецца «Партнэрства ў галіне мабільнасьці». А на больш чалавечай мове — гэта партнэрства, зьвязанае зь легальнай і нелегальнай міграцыяй, з пытаньнямі перасячэньня мяжы і г.д. На гэтую праграму ўжо ёсьць грошы з Брусэлю.

Для нас у Латвіі важным было і далучэньне Беларусі да Балёнскага працэсу. Учора я наведваў БДУ. І было цікава там бачыць і размаўляць са студэнтамі, сярод якіх былі і маладыя людзі з краін Эўразьвязу. І ў гэтым партнэрстве ўдзельнічаюць два ўнівэрсытэты з Латвіі.

У ЭЗ цяпер добрыя пэрспэктывы з кожнай з шасьці краін «Усходняга партнэрства». Гэтая сыстэма індывідуальнага партнэрства ўжо працуе. І я спадзяюся, што ў бліжэйшы год мы выйдзем на больш якасныя дачыненьні зь Беларусьсю. Што гэта можа быць канкрэтна? Зрухі ў візавай практыцы. Магчыма, мы нават выйдзем на падпісаньне рамачнага пагадненьня паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Мы суседзі, мы партнэры. І было б добра структураваць нашыя дачыненьні і на заканадаўчым роўні. Мы бачым і ў вашай улады гатоўнасьць да гэтага.

— Спадар Пілдэгавічс, вы згадалі візы. Беларусь мае першы досьвед спрошчанага прымежнага перасоўваньня насельніцтва менавіта з Латвіяй. Ні з Польшчай, ні зь Літвой такой практыкі пакуль не існуе. І як гэта відаць з Рыгі, ці апраўдвае сябе гэта?

— Гэтае пагадненьне, на нашую думку, працуе. І працуе добра. Яно закранае інтарэсы тых, хто жыве паблізу дзяржаўнай мяжы. Вельмі важна, на наш погляд, што дамова адпавядае інтарэсам жыхароў дзьвюх краінаў. Мы адсочвалі сытуацыю і пераканаліся, што яна выкарыстоўваецца на парытэтных асновах. Тут няма ні перакосаў, ні крэнаў. Гэта выгодна і жыхарам Латвіі, і жыхарам Беларусі. Таму для нас такі важны гэты досьвед. Ён безумоўна пазытыўны. І таму трэба рухацца далей. З нашага гледзішча, тыя 60 эўра, якія грамадзяне Беларусі плацяць за шэнгенскую візу, — празьмерная плата. І мы з абодвух бакоў павінны рухацца да больш гнуткага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG