Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэя Бандарэнку зьмясьцілі ў камэру, дзе сядзеў Мікалай Статкевіч


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка зьмешчаны ў камэру ШЫЗА, дзе раней сядзеў палітвязень Мікалай Статкевіч. «Камэра адметная тым, што ўдзень у ёй вельмі цёмна, таму немагчыма чытаць ці пісаць», — паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка.

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка адбывае 3 гады зьняволеньня ў шклоўскай калёніі, дзе яшчэ нядаўна трымалі былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча. Калі ў красавіку Статкевіча зьмясьцілі ў ШЫЗА нібыта за дысцыплінарныя парушэньні, ён апынуўся ў камэры, якая знаходзілася непадалёк ад камэры Андрэя Бандарэнкі, распавёў бацька вязьня.

«Аднойчы на шпацыры яны нават пабачыліся. Андрэй спытаў Мікалая, ці трэба яму якая дапамога, а Мікалай адказаў, што ў яго ўсё добра. Тады сын і ўявіць ня мог, у якой камэры трымалі Статкевіча, а цяпер сам у ёй апынуўся. Гэта вельмі дрэнная камэра. У ёй няма сапраўдных вокнаў, як у ранейшай камэры, а толькі невялікія шчыліны, празь якія амаль не ідзе сьвятло. Там удзень немагчыма чытаць ці пісаць, а ўночы не дазваляюць запальваць сьвятло, і ў выніку Андрэй, як ён піша, аказаўся нібыта адрэзаны ад жыцьця. Між тым ён зьбіраўся пачаць дыстанцыйнае навучаньне на юрыдычным факультэце. Такое магчыма, калі чалавек ужо мае вышэйшую адукацыю, толькі патрэбны дазвол ад кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Магчыма, яму адмыслова зрабілі такія ўмовы, каб далей не вучыўся», — мяркуе бацька Андрэя Бандарэнкі.

Ці падпадае Андрэй Бандарэнка пад амністыю, закон аб якой 28 траўня падпісаў Аляксандар Лукашэнка? Паводле Валера Бандарэнкі, літаральна за некалькі дзён да прыняцьця закону аб амністыі на Андрэя Бандарэнку наклалі чарговае спагнаньне, што «неяк зьвязана з амністыяй».

Кажа, што ціск узмацніўся, нават тэлефонныя званкі дазваляюць усё радзей

«Раптам ахоўнікі ўварваліся ў камэру, нешта доўга шукалі і нарэшце знайшлі ў нейкім месцы пыл! За гэта наклалі спагнаньне, ужо трэцяе разам з двума спагнаньнямі, якія атрымаў яшчэ ў Бабруйску. Таму, відаць, на амністыю яму разьлічваць не выпадае. Увогуле кажа, што ціск узмацніўся, нават тэлефонныя званкі дазваляюць усё радзей», — апавёў пра справы сына Валер Бандарэнка.

У 2014 годзе Андрэй Бандарэнка быў асуджаны за злоснае хуліганства, якое ён на судзе прызнаў часткова і ня выключыў, што стаў ахвярай правакацыі спэцслужбаў. Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна палітычных матываў перасьледу Бандарэнкі падзяліліся. У праваабарончым цэнтры «Вясна» лічаць, што былы калега атрымаў пакараньне, якое сувымернае ўчынку і практыцы пакараньняў за злоснае хуліганства, што склалася ў Беларусі. Між тым частка праваабаронцаў перакананая, што справу Андрэя Бандарэнкі ініцыявалі, каб адпомсьціць за ягоную праваабарончую дзейнасьць.

У бабруйскай калёніі, куды Андрэй Бандарэнка трапіў для адбыцьця пакараньня спачатку, у яго ўзьнік канфлікт зь іншымі вязьнямі, які стаў прычынай таго, што Бандарэнка сам напісаў заяву, каб яго дзеля бясьпекі зьмясьцілі ў карцэр. Андрэй Бандарэнка не выключае, што канфлікт быў справакаваны адміністрацыяй калёніі, пра якую ён раней як праваабаронца агаласіў шмат нэгатыўнай інфармацыі. На пачатку 2015 году Андрэя Бандарэнку перавялі з бабруйскай у шклоўскую калёнію. Там ён адразу апынуўся ў карцэры, а цяпер трапіў у камэру карцэра яшчэ з горшымі ўмовамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG