Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік судзьдзёўства Беларускай фэдэрацыі футболу, паводле сьледчых, браў хабар далярамі і каньяком


Андрэй Жукаў. Фота Сяргея Балая, БелаПАН
Андрэй Жукаў. Фота Сяргея Балая, БелаПАН

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 3 лістапада працягнулася слуханьне справы былога дырэктара дэпартамэнту судзьдзёўства і інспэктаваньня Беларускай фэдэрацыі футболу Андрэя Жукава, але паседжаньне адклалі да 30 лістапада, перадае з суду tribuna.com.

Жукаў быў затрыманы на працоўным месцы 8 чэрвеня 2016 году, прызнаў віну ў поўным абʼёме. Ён атрымліваў па 100–200 даляраў хабару за прызначэньне «правільных» судзьдзяў на гульні Першай лігі, Вышэйшай лігі і Кубку Беларусі (у тым ліку фінал, дзе «Тарпэда-БелАЗ» перамог БАТЭ па пэнальці 3:2). За прызначэньне судзьдзі на гульню «Смалявічаў» і «Смаргоні» ён атрымаў 50 рублёў (28 даляраў на той момант) і бутэльку каньяку.

Арбітар Андрэй Сарока, які праходзіць сьведкам у справе, быў сярод тых, хто «аддзячыў» Жукаву за прызначэньне сябе судзьдзём. Жукаў узяў у яго 100 даляраў і сказаў, што грошы для яго не галоўнае: маўляў, «працуй і выпраўляй памылкі». Іншы сьведка ў справе, галоўны трэнэр «Смаргоні» Мікалай Рындзюк казаў, што ён «аддзячыў» грашыма Жукаву за прызначэньне «правільнага» судзьдзі, бо Сарока, маўляў, «дасьведчаны арбітар», а іншыя «памыляюцца ў бок супернікаў». Суму Рындзюку падказаў Сарока, але Рындзюк сьцьвярджае, што панёс грошы з уласнай ініцыятывы.

Сьведка Віктар Шукан выказаў меркаваньне, што прызначэньне судзьдзяў узгаднялася са старшынём Фэдэрацыі Сяргеем Румасам і ягонымі намесьнікамі Сяргеем Сафарʼянам і Сяргеем Куніцам. Гэта пацьвердзілі іншыя сьведкі.

Сарафʼян і судзьдзя Вадзім Панчанка, якія таксама праходзяць сьведкамі, не зьявіліся на паседжаньні.

Паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэксу Жукаву пагражае ад трох да пяці гадоў абмежаваньня волі або да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Судзьдзі, якія добраахвотна заявілі пра злачынства (дачу хабару), вызваленыя ад крымінальнай адказнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG