Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З-за чаго ўлады могуць увесьці ваеннае становішча ў Беларусі?


Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

У Беларусі апублікавана новая рэдакцыя закону «Аб ваенным становішчы», якая пачне дзейнічаць з 1 лютага. Некаторыя новыя палажэньні гэтага закону ўжо выклікалі гарачую грамадзкую рэакцыю. Ці можна сказаць, што новыя папраўкі кардынальна мяняюць заканадаўства ў гэтай сфэры? Як можа прымяняцца палажэньне закону, паводле якога агрэсія супраць любой краіны АДКБ азначае агрэсію супраць Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

— Чым выкліканая неабходнасьць для ўладаў прымаць зьмены ў закон «Аб ваенным становішчы»?

— Трэба памятаць, што праца над гэтымі зьменамі пачалася яшчэ да ўкраінскага крызісу, таму нельга гэта зьвязваць толькі зь бягучай сытуацыяй ва Ўкраіне — але, безумоўна, яна свой адбітак пакінула. Дзяржава — гэта бюракратычны арганізм, бюракратам увесь час трэба ствараць бачнасьць працы. Дастаткова сказаць, што па выніках 2013 году праца над новай рэдакцыяй гэтага закону была абвешчана самым важным вынікам дзейнасьці Навукова-дасьледчага інстытуту пры Міністэрстве абароны. Таму тут маглі супасьці аб’ектыўныя і суб’ектыўныя моманты.

— Падставай для ўвядзеньня ваеннага становішча, сярод іншага, абвешчаная канцэнтрацыя на межах зь Беларусьсю войскаў іншай краіны, а таксама правядзеньне там мабілізацыі. Па-вашаму, наколькі гэта абгрунтаваная падстава для ўвядзеньня ваеннага становішча? Або тут таксама адчуваецца подых моманту?

— Сам пачатак мабілізацыі — гэта заўсёды сьведчаньне хуткай падрыхтоўкі да вайны. Утрыманьне мабілізаванага войска каштуе вельмі шмат, гэтае войска ня можа проста сядзець у казармах, яго трэба кудысьці рухаць. Таму, як мне здаецца, мабілізацыя — аб’ектыўнае сьведчаньне падрыхтоўкі да вайны, і на гэта трэба неяк рэагаваць.

Мяне больш хвалююць зьмены ў законе, якія тычацца распаўсюду інфармацыі

Мяне больш хвалююць зьмены ў законе, якія тычацца распаўсюду інфармацыі. Новая рэдакцыя мае яўны перакос у бок абмежаваньня дзейнасьці СМІ. У сярэдзіне сьнежня ў нас ужо блякаваліся без аніякага тлумачэньня інтэрнэт-сайты шэрагу СМІ.

У новай рэдакцыі закону ёсьць норма, якая прадугледжвае абмежаваньне распаўсюджваньня інфармацыйных прадуктаў як беларускіх, так і замежных СМІ, калі яны ня ўнесеныя ў адмысловы сьпіс Міністэрства інфармацыі. На маю думку, гэта тое, на што трэба зьвяртаць асаблівую ўвагу — бо перакос там цалкам відавочны і, на маю думку, залішні.

— Паводле яшчэ адной нормы ў новым законе агрэсія супраць аднаго з удзельнікаў АДКП (Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, куды ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан) азначае агрэсію супраць Рэспублікі Беларусь. Ці можна гэта назваць новай нормай?

— З аднаго боку, гэта — так, новы матыў, раней такога не было. Але зь іншага, нормы міжнародных пагадненьняў маюць вышэйшую юрыдычную сілу ў параўнаньні з унутраным заканадаўствам. Таму можна казаць, што мае месца прывядзеньне ў адпаведнасьць нацыянальнага заканадаўства зь міжнароднымі абавязаньнямі краіны. Аднак трэба памятаць, што ўсе гэтыя постсавецкія структуры звычайна вельмі неахайныя ў выкананьні сваіх міжнародных абавязаньняў. Таму нельга казаць, што любы пачатак збройнага канфлікту з удзелам краін АДКБ адразу выкліча ўвядзеньне ваеннага становішча ў Беларусі. Але фармальна такая магчымасьць ва ўладаў зьяўляецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG