Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым запомніўся год прэм’ерства Андрэя Кабякова і чаго чакаць?


Андрэй Кабякоў

Андрэй Кабякоў

Аляксандар Лукашэнка 16 сьнежня зноў пераназначыў прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэя Кабякова.

Пра гэта паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба.

55-гадовы Андрэй Кабякоў займае пасаду прэм’ер-міністра са сьнежня 2014 году. Раней ён быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта.

Андрэй Кабякоў — ужо восьмы кіраўнік ураду часоў Лукашэнкі.

Сёньня на нарадзе Лукашэнка заявіў, што ў краіне «існуе працаздольны ўрад». Але юрыдычна яго трэба перапрызначыць, унесьці прапанову па прэм’ер-міністру на ўзгадненьне Палаты прадстаўнікоў.

Беларускі ўрад 16 кастрычніка склаў паўнамоцтвы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Разам з тым члены ўраду працягвалі працу ў якасьці «выканаўцаў абавязкаў».

Кабякоў нарадзіўся ў Маскве ў 1960 годзе. У 1983 годзе скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. З 1985 году працаваў на розных пасадах у Беларусі, ад старэйшага майстра да намесьніка дырэктара па эканоміцы заводу «Дыяпраектар» у Рагачове.

У 1995 з гэтай пасады стаў намесьнікам начальніка Службы кантролю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і далей працягваў кар’еру ў вышэйшых эшалёнах улады.

У 1998 годзе прызначаны старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, у 2000–2001 гг. — першы намесьнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Потым — міністар эканомікі, зноў віцэ-прэм’ер — са сьнежня 2003 году да 28 сьнежня 2010 году.

Пасьля гэтага — намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, з 8 сьнежня 2011 — пасол Рэспублікі Беларусь у Расейскай Фэдэрацыі. Са жніўня 2012 году — кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта.

Чым запомніўся Андрэй Кабякоў за год свайго прэм’ерства?

Супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй

Падчас сустрэчы ў сакавіку зь міністрам замежных спраў КНДР Кабякоў заявіў, што Беларусь гатовая да шырокамаштабнага ўзаемадзеяньня з Паўночнай Карэяй.

Кабякоў адкажа за шлёпанцы

Падчас сустрэчы з прадпрымальнікамі Лукашэнка запатрабаваў ад прэм’ера Андрэя Кабякова пачаць насычэньне аптовых базаў асартымэнтам, «ня горшым, чым на маскоўскіх рынках». «Вы гэта зробіце, і калі там ня будзе хапаць нейкіх шлёпанцаў ці красовак, то за гэта адкажаце», — сказаў Лукашэнка. Індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасьці без дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх легальнае паходжаньне, да 1 студзеня 2016 году.

Роля донара стабільнасьці

На сустрэчы з паслом ФРГ Вольфрамам Маасам Андрэй Кабякоў заявіў, што разьвіцьцё падзей у сьвеце цягам апошняга году дазволіла эўрапейцам інакш зірнуць на Беларусь.

«Мы граем важную ролю донара стабільнасьці ў рэгіёне», — адзначыў Кабякоў.

«Ваенны стан» у эканоміцы

Прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, Лукашэнка сказаў: «Лічыце, што ў нас ідзе ў эканоміцы вайна, ваеннае становішча».

Спадзяваньне на крэдыт МВФ

Кабякоў паведаміў, што афіцыйны Менск абмяркоўвае магчымасьць прыцягненьня крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў суме 3 мільярды пад 2,28% тэрмінам на 10 гадоў.

Раманчук: Гэта год страчанага часу

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

У інтэрвію Свабодзе кіраўнік Аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў, што год прэм’ерства Андрэя Кабякова — гэта год страчанага часу.

«Гэта год імітацыі дзейнасьці. Спроба знайсьці кампрамісы паміж прадпрымальнікамі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Гэта год, калі ўрад замест рэформаў ідзе шляхам рамонту таго, што адрамантаваць ужо нельга. Калі даўгі за 10 месяцаў павялічыліся на 42%. Калі асноўную задачу ўлады бачаць у тым, каб знайсьці новыя зьнешнія крэдыты, каб аддаць старыя пазыкі. Гэта проста крызіс. Гэта крызіс мэнтальнасьці, крызіс Аляксандра Лукашэнкі. Ён нічога іншага не знайшоў апроч таго, каб прызначыць чалавека, які ёсьць шырмай для вырашэньня інтарэсаў розных намэнклятурных груповак. Таму ніякіх рэформаў ня будзе. Гэта будзе спроба знайсьці крэдыты ў МВФ і ў Расеі — без рэформаў. Гэта значыць, што намэнклятура, якая даўно хоча манэтызаваць свой статус, будзе гэта рабіць. Безумоўна, будуць ахвяры, некага будуць саджаць за краты. Але пра рынкавыя рэформы, пра эканамічную свабоду і падтрымку прадпрымальніцтва можна забыцца, бо гэтага ня будзе».

Заіка: «Гэта чалавек кар’ернага тыпу»

Леанід Заіка

Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў інтэрвію Свабодзе сказаў, што ніякіх асаблівых рэформаў ня будзе.

«Было б сьмешна. Лукашэнка 20 гадоў трымае гэтую сацыялістычную, цэнтральна-кіраваную эканоміку, якую пасьпешліва назвалі сацыяльна-арентаванай. Калі пачнуцца рэформы, то Лукашэнку месца ня знойдзецца ў будучыні. Яму трэба сысьці спачатку, а потым рэформы пачынаць».

Леанід Заіка сказаў, што ведае Андрэя Кабякова з таго часу, калі той яшчэ працаваў у службе кантролю прэзыдэнта.

«Гэта чалавек кар’ернага тыпу. Кар’ера ў яго добрая. Сам ён не эканаміст, і добра, што ён ім не зьбіраецца быць. Я думаў, ён зоймецца авіябудаўніцтвам. А чым ён запомніўся? Як на рыбзавод хадзіў. Нашы прэм’еры запамінаюцца тым, што ў белых халаціках на цялятнікі ходзяць. А ён пайшоў на рыбзавод. Толькі я думаў, чаму ён вудачку не ўзяў. Ён нечага жадае, нешта кажа, а эканоміка ў крызісе. Таму я выказваю яму спачуваньне, бо ня ўдасца яму паказаць высокі палёт інжынэрнай думкі. І што ён можа зрабіць, калі ў нас галоўны эканаміст і палітык — гэта Аляксандар Рыгоравіч? А ўсе астатнія ня маюць свайго аблічча, яны пры гэтым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG