Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск хоча падвысіць кошт сваіх акцыяў ляяльнасьці, каб прадаць іх Расеі, — Ягораў


Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў заяву міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея пра тое, што неабходнасьці ў разьмяшчэньні расейскай авіябазы ў Беларусі няма.

— Ці можна меркаваць, што афіцыйны Менск пачаў нейкі гандаль вакол базы, напрыклад, дэманструе тым жа эўрапейцам — базы ня будзе, калі дасьце грошай?

— Гэта ня можа стаць прадметам гандлю з Эўразьвязам. Бо ў гэтым выпадку складана выгандляваць у ЭЗ у такой лёгіцы штосьці. ЭЗ у выпадку фінансаваньня мае пэўныя правілы і рэгуляцыі, паводле якіх гэтае фінансаваньне можа быць выдзелена. І абмінуць іх вельмі складана. У простай палітычнай лёгіцы, кшталту — вы ня будзеце базу разьмяшчаць, а мы вам проста так грошы дадзім, — ЭЗ так зрабіць ня можа. Таму, калі гэта будзе выкарыстоўвацца як прадмет гандлю, то выключна з Расеяй. Вось там так працуе. Мы назіраем чарговую мікрапалітычную бойку з Расеяй, са спробай выгандляваць крыху больш ад Расеі.

— То бок можна казаць, што авіябаза стане асноўным пытаньнем у беларуска-расейскіх дачыненьнях?

— Цяпер гэта не асноўнае пытаньне ў дачыненьнях Беларусі з Расеяй. Яно не было і ня будзе галоўным. Беларусь у ваенна-стратэгічным сэнсе ня мае аўтаноміі. Яна ў значнай ступені залежыць ад Расеі. Таму пытаньне разьмяшчэньня гэтай базы і супраціўленьне гэтаму пытаньню — гэта выключна спроба Беларусі дзейнічаць супраць лёгікі Расеі, каб выгандляваць больш прэфэрэнцыяў, якія можна атрымаць у пагадненьнях па Эўразійскім саюзе, у патоках фінансаваньня, гандлёвых прэфэрэнцыях і гэтак далей. Гэта традыцыйная лёгіка паводзінаў беларускіх уладаў, калі сымбалічныя рэчы прадаюцца за канкрэтныя эканамічныя прэфэрэнцыі. Гэта ж было зь «Белтрансгазам». Мы прадавалі не за рыначны кошт. А чаму? Бо прадаючы нешта не за рыначны кошт, мы прасілі аплату нейкай сымбалічнай ляяльнасьці. І цяпер тое самае. Расея хоча затанна атрымаць тут вайсковую базу. Ну дык хто ж тут затанна што-небудзь каму-небудзь дазваляе рабіць? Гэта чарговы гандаль у сэнсе абмену геапалітычнай ляяльнасьці на эканамічныя прэфэрэнцыі. Расея не прапануе дастаткова, каб гэта было прымальна для Беларусі. А так, што ёсьць тут расейская база, што яе няма — гэта ніяк па сутнасьці не ўплывае на стратэгічную вайсковую залежнасьць Беларусі ад Расеі і татальную павязанасьць Беларусі з Расеяй у гэтай сфэры.

— Макей кажа пра тое, што, маўляў, ёсьць больш важныя, надзённыя рэчы — украінскі крызіс і сытуацыя ў Сырыі...

— Так, яны вельмі добра разумеюць сымбалічныя эфэкты і лёгіку геапалітычных раскладаў, якія ў гэтай сытуацыі зьяўляюцца. І таму яны разумеюць гэта як пэўную валюту, якою можна гандляваць на гэтым рынку. Яны кажуць, што разьмяшчэньне вайсковай базы — гэта ня проста так, вы паглядзіце, як гэта ўплывае на геапалітычны крызіс, як мы гэта патлумачым Украіне. А вы, расейцы, думаеце, што гэтыя тлумачэньні Ўкраіне — гэта высілкі, якія ад нас патрабуюцца. Дык чаму б нам не заплаціць больш? А як мы гэта патлумачым Эўропе? А ў які стан вы нас ставіце? І вось гэта такая дыпляматычная гульня, каб падвысіць кошт сваіх уласных акцыяў ляяльнасьці, якія яны прададуць Расеі.

XS
SM
MD
LG