Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзьмітрыеў пра сыход Някляева: «Я ня той чалавек, які шкадуе»


Што зьменіцца ў дзейнасьці «Гавары праўду» пасьля абраньня новага кіраўніка кампаніі? Чаму Андрэй Дзьмітрыеў не шкадуе пра сыход Уладзімера Някляева? Ці можна назваць першыя інтэрвію Тацяны Караткевіч нязграбнымі і няўдалымі? За што многія ня любяць Андрэя Дзьмітрыева? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае новы лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Цыганкоў: 28 траўня новым кіраўніком грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» стаў Андрэй Дзьмітрыеў. Так пастанавіў арганізацыйны сход кіраўнікоў рэгіянальных структураў гэтай грамадзкай арганізацыі. Сёньня Андрэй Дзьмітрыеў — герой нашай перадачы «Інтэрвію тыдня».

Вам 34 гады. «Гавары праўду» — адна з самых вядомых і прыкметных грамадзка-палітычных структураў у Беларусі. Ці вы гатовыя да такой ролі?

Дзьмітрыеў: Так.

Цыганкоў: Кароткі і ўпэўнены адказ. Да вас кіраўніком кампаніі быў вядомы паэт, кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. І «Гавары праўду» атаясамлівалася ў грамадзкай думцы найперш зь ім. Што зьменіцца зараз у дзейнасьці кампаніі?

Дзьмітрыеў: Найперш, «Гавары праўду» стане больш выразнай па шмат якіх палітычных пазыцыях. Наперадзе два гады выбараў, і гэта вельмі добрая нагода больш выразна сказаць выбарцам, пра што кампанія «Гавары праўду». Як мы бачым будучыню Беларусі, што атрымае кожны зь беларусаў, калі прадстаўнікі кампаніі прыйдуць ва ўладу.

Цыганкоў: А вам шкада, што Някляеў пакінуў кампанію?

Дзьмітрыеў: Я ня той чалавек, які шкадуе. Гэта проста факт, гэта ягоны выбар. І мы гэты ягоны выбар паважаем. Я рады, што Някляеў учора прыйшоў на сход, падзякаваў людзям, сказаў пра 5 гадоў супрацы, зь ягоным імем мы будзем асацыявацца на старце назаўсёды. Але трэба ісьці далей, і на сёньня ў нас ёсьць пляны, мы ідзем у маратон, які аб’ядноўвае прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. І паводле таго, як мы яго пройдзем, мы будзем глядзець, ці здолеў я дамагчыся тых мэтаў, якія ставіў перад сабой, ідучы на старшынства ў «Гавары праўду».

Цыганкоў: То бок можна даваць загаловак «Дзьмітрыеў не шкадуе пра сыход Някляева»? Ужо другі раз у перадачах, калі закранаем з вамі гэтую тэму, ня чую ад вас ніякай «лірыкі», а толькі словы пра тое, што «трэба глядзець наперад».

Дзьмітрыеў: Проста для мяне гэта праца, якую я раблю з пэўнай мэтай — каб у Беларусі пачаліся зьмены, каб людзі маглі на нешта ўплываць. І таму асабістае я хачу пакідаць убаку. У нас былі размовы зь Някляевым, і пасьля ягонага сыходу таксама. Безумоўна, мы шкадуем, што так адбылося. Але засяроджвацца на гэтым — азначае засяроджвацца на мінулым. На маю думку, на думку чалавека, якому 34 гады, нам і ўсёй Беларусі трэба засяроджвацца на будучыні, на тым, што будзе і як трэба ўсё рабіць.

Цыганкоў: Пры Някляеву для «Гавары праўду» былі вельмі важнымі нацыянальныя каштоўнасьці. Цяпер, я, напрыклад, ведаю, што адзін з вашых новых намесьнікаў, Юры Варонежцаў, відавочна мае не зусім такія, як у Някляева, погляды на нацыянальныя каштоўнасьці. Ці ня зьменіцца стаўленьне кампаніі да нацыянальнай ідэі, пытаньняў мовы, гісторыі?

Дзьмітрыеў: Учора ўвечары ў нашым офісе мы ладзілі прэзэнтацыю кнігі Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды». Я быў вельмі шчасьлівы ўручыць яму пасьведчаньне ганаровага сябра «ГП», бо Арлоў — адзін з тых, хто ў свой час пачынаў «ГП».

У гэтым сэнсе нічога ня зьменіцца. «ГП» заўсёды быў такім вельмі важным саюзам паміж носьбітамі нацыянальнай ідэі і тымі людзьмі, якія ў рэгіёнах працуюць з простымі праблемамі людзей. І гэтае спалучэньне дае, я думаю, добры вынік.

Цыганкоў: Адной з прычынаў сыходу Някляева было тое, што апазыцыя ня здолела дамовіцца наконт адзінага кандыдата. А адна з прычынай правалу ідэі адзінага кандыдата, на думку многіх, — тое, што апазыцыя проста не хацела, каб нехта стаў адзіным кандыдатам, каб потым ён пасьля выбараў ня стаў агульнапрызнаным лідэрам апазыцыі. Ці вы згодныя з такім тлумачэньнем?

Дзьмітрыеў: Я гатовы прыняць такую вэрсію. Хоць думаю, што яна надта спрошчаная і тут хапае іншых матываў. Але яшчэ мне падаецца, не дамовіліся таму, што не адчувалі лёсавызначальнасьці гэтага году. І вырашылі, што можна і пачакаць. Таму зацягвалі — і зацягнулі да таго часу, калі ўжо гэтае рашэньне ня мела ніякай вагі.

Цыганкоў: Калі вы бачыце першыя крокі Тацяны Караткевіч (на думку многіх, ня самыя яркія ці нават нязграбныя інтэрвію), ці можаце вы як кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» выклікаць яе «на кілім» і сказаць — «тут і тут трэба рабіць ня так»? Ці ў вас іншы характар адносінаў?

Дзьмітрыеў: Найперш адзначу, што Тацяна — кандыдат не ад «Гавары праўду», а ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум». Па-другое, што тычыцца нейкай «нязграбнасьці» — тое, што выглядае так у вачах прыдзірлівых людзей, іншыя ацэньваюць зусім па-іншаму. Тацяна правяла за апошнія дні 5 сустрэчаў у рэгіёнах. Я бачу, як рэагуюць на яе людзі — хочуць зь ёй размаўляць, ставяцца да яе як да кандыдата, які іх слухае і разумее. А з камэрай яна працаваць навучыцца — я ў гэтым упэўнены.

Што да нашых адносінаў, то мы партнэры. Усе перамогі і паразы мы абмяркоўваем разам і ідзем далей.

Цыганкоў: Шмат гучыць вэрсіяў наконт таго, чаму «Народны рэфэрэндум» абраў менавіта Тацяну Караткевіч у якасьці свайго кандыдата. І сярод іх гучыць, што менавіта такую кандыдатуру заходнія фэмінісцкія, праваабарончыя арганізацыі могуць падтрымаць і маральна, і матэрыяльна. Як бы вы ацанілі менавіта гэты, гендэрны аспэкт?

Тацяна Караткевіч проста на сёньня найлепшы кандыдат для ідэі мірных пераменаў

Дзьмітрыеў: Я думаю, яго нельга адмаўляць. Безумоўна, калі мы думалі, які кандыдат найлепшым чынам можа прадставіць ідэю мірных пераўтварэньняў, каму больш будуць давяраць беларусы — то мы ўлічвалі і гэта. Але многія засяроджваюцца толькі на гэтым — «яна жанчына». Паслухайце, акрамя таго, што яна жанчына, гэта чалавек зь велізарным досьведам. Чалавек, які дапамагаў людзям змагацца з ушчыльненьнем у Менску, які шмат што зрабіў, яшчэ калі выкладаў ва ўнівэрсытэце 11 гадоў, чалавек, які сумленна сышоў зь дзяржаўнай установы. Усё гэта разам і прывяло да такога рашэньня — яна проста на сёньня найлепшы кандыдат для ідэі мірных пераменаў.

Цыганкоў: Беларускія апазыцыйныя палітыкі часам выклікаюць вельмі супярэчлівыя пачуцьці ў палітычна актыўнай, апазыцыйнай публікі. Чаму многія вас ня любяць?

Дзьмітрыеў: Я чалавек актыўны, штосьці раблю правільна, штосьці — не. Я чалавек публічны, многія гэта заўважаюць, і гэта выклікае супярэчлівае стаўленьне. Нехта, магчыма, думае — «А чаму гэта ён там? Можа, гэта павінен быць іншы, нейкі ідэальны вобраз, ідэальнага палітыка, якога не існуе». Я нядаўна размаўляў з выбарцамі, і яны малявалі свае ўяўленьні пра нейкага свайго ідэальнага кандыдата. Я чалавек, у якога ёсьць плюсы і мінусы. І паколькі я актыўны, больш выразна відаць мае і плюсы, і мінусы.

Цыганкоў: Можа, такое стаўленьне таму, што беларускі апазыцыйны палітык уяўляецца як бяссрэбранік, чалавек небагаты, які ўвесь час пад рэпрэсіямі. А вы пакідаеце трошкі іншае ўражаньне...

Дзьмітрыеў: Нядаўна глядзеў перадачу, дзе адзін зь беларускіх апазыцыйных палітыкаў казаў моладзі, што калі вы прыйдзеце ў палітыку, то вас паб’юць і гэтак далей, палохаў. Як мы можам заклікаць кагосьці далучацца да нас, калі мы пастаянна кажам — нас б’юць, рэпрэсуюць? Самая галоўная параза апазыцыі — што людзі, якія не цікавяцца палітыкай, глядзяць на нас і кажуць: «А дзе вынік?». Яны хочуць пабачыць нешта канкрэтнае. Мы павінны ствараць рух, да якога людзі хацелі б далучыцца. Яны павінны глядзець на нас і казаць — «Я хачу зь імі сябраваць». Менавіта такі рух — «Гавары праўду». І я буду рады, калі і ўвесь астатні дэмакратычны рух будзе такі.

Youtube-вэрсія

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG