Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Андрэй Хадановіч


Андрэй Хадановіч. Фота Аляксандры Грэчкі.

Андрэй Хадановіч. Фота Аляксандры Грэчкі.

Андрэй Хадановіч – паэт, перакладнік, эсэіст. Аўтар паэтычных кніг «Старыя вершы» (2003), «Лісты з-пад коўдры» (2004), «Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі» (2005), «From Belarus with love» (2005), «Сто лі100ў на tut.by» (2007), «Бэрлібры» (2008), «Несымэтрычныя сны» (2010), «Дэжа вю: перавыбранае» (2013), «Разам з пылам: калекцыя перакладаў» (2013). Перакладае з ангельскай, францускай, польскай, расейскай, украінскай. Выкладае замежную літаратуру ў БДУ. Кіраўнік «Перакладчыцкай Майстэрні» ў Беларускім Калегіюме. Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру. Вершы Хадановіча перакладаліся на два дзясяткі моваў. Сёлета выдаў кнігу перакладаў Сяргія Жадана «Ўкраінскія авіялініі», зборнік «Беларускі мужчына» – кнігу сваіх вершаў ва ўкраінскіх перакладах, а таксама кніжку дзіцячых вершаў «Нататкі таткі».

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

За апошнія тыдні мой ідэальны чытач моцна памаладзеў. Яму/ёй ад двух да дзесяці годзікаў. Ён/яна чытае кніжку «Нататкі таткі», або толькі слухае, а ідэальныя бацькі чытаюць уголас.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Добра пішацца ў дарозе. У горадзе ці краіне, якія ўбачыў упершыню. Калі ёсьць уражаньні – і досыць часу, каб нешта зь імі зрабіць. На прыродзе. На самоце. На паперы. На калене ад рукі.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Мабыць, цікава было б пабываць у скуры аўтара, які на адным дыханьні, за неймаверна кароткі час, піша свой галоўны твор. Як абат Прэво з «Манон Леско». Ці Оскар Уайлд з «Партрэтам Дарыяна Грэя». Ці Барыс Віян зь «Пенай дзён». Але толькі ў момант стварэньня. Далей ужо менш цікава.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Герой верша Ўладзімера Арлова «Мне прысьніўся Хадановіч...»

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Іх шмат. Яны збольшага паэты. З жывых – Леанард Коэн, Рышард Крыніцкі, Алесь Разанаў, ужо згаданы Арлоў, Сяргій Жадан. Некалькі грузінаў і літоўцаў. Зь дзясятак маладых беларускіх паэтаў і паэтак, якіх вельмі люблю.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Новы раман Паўла Касьцюкевіча “План Бабароза”, бо рэдагую. Паэзію Галчыньскага, бо перакладаю. Беларускі пераклад «Валадара пярсьцёнкаў» – уголас, разам з дачкой. Калі застаецца час – прозу Мандэльштама, Платонава, Борхеса. Айтматава ў перакладзе Стральцова.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Найчасьцей чытаю па-польску і па-ўкраінску. З пэўнымі намаганьнямі – па-француску і па-ангельску. Пачаў вучыць нямецкую.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Кніга вершаў «Дэжа вю». Мабыць, таму, што выбранае. Нават «перавыбранае». Плюс некалькі ненапісаных.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Найперш хочацца давесьці да ладу дзьве кнігі вершаў. Падарожную – «Карта памяці». І хуліганскую – «Дурка беларуская». Хочацца перакласьці яшчэ некалькі песень Коэна і зрабіць яго альбом па-беларуску.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У ложку. Калі засынаю. І калі прачынаюся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG