Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Хадановіч папрасіў прабачэньня за «дыскрымінацыю»


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч папрасіў прабачэньня за спрэчныя выказваньні ў прэс-рэлізе аб’яднаньня пра дыскрымінацыю расейскамоўных літаратараў у Беларусі.

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Зразумела, ніякага пытаньня моўнай дыскрымінацыі на сходзе Беларускага ПЭН-цэнтру не абмяркоўвалася й ніякай заявы мы з гэтай нагоды не прымалі. Чым бы ні кіраваўся мой шаноўны калега, што гэты рэліз напісаў і выказаў у ім сваё ўласнае меркаваньне, такога слова ўжываць было ня варта. Прабачце, так бы мовіць, за мой недагляд. Выбачаюся перад усімі калегамі-літаратарамі. Беларускамоўнымі, якіх пакрыўдзіла, быццам яны кагосьці „дыскрымінуюць“. Расейскамоўнымі, калі іх абразіла, што нехта ўзяўся „абараняць“ іх ад нейкай „дыскрымінацыі“, тады як яны нічога такога не адчуваюць», — напісаў старшыня ПЭН-цэнтру.

Ён лічыць, што час спыняць агрэсіўныя спрэчкі і прасіць прабачэньня ва ўсіх, «каго пасьпеў у запале палемікі пакрыўдзіць». Паводле Хадановіча, засноўваючы прэмію «Кніга году», ПЭН-цэнтар кіраваўся ідэяй аб’яднаньня беларускіх пісьменьнікаў, незалежна ад мовы іхнай творчасьці, ідэяй уключэньня іх у адзіны літаратурны працэс.

«Вельмі шкадую, што прыкрая памылка адцягнула грамадзкую ўвагу ад сутнасьці цікавага і пэрспэктыўнага праекта, пераключыўшы ўсю ўвагу на ўзаемныя крыўды», — адзначыў ён.

Спрэчка ўзьнікла пасьля зьяўленьня на сайце ПЭН-цэнтру прэс-рэлізу пра агульны сход аб’яднаньня 28 лютага ў Менску, на якім быў прадстаўлены «даўно чаканы, хоць і абсалютна новы праект: «Кніга году».

У гэтай сувязі ў прэс-рэлізе было сказана: «Пазыцыя ПЭН-цэнтру, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не зьбіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадзтве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам. Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул ня маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за усё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтар зьвяртае увагуна пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».

Не згадзіўшыся з такой пастаноўкай пытаньня з боку ПЭН-цэнтру, арганізацыю пакінуў журналіст і літаратар Сяргей Дубавец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG