Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адсочваньне дзяржавай кожнага кроку ў інтэрнэце — ужо сёньняшні, а ня заўтрашні дзень, — Андрэй Бастунец


Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Упраўленьне «К» ды іншыя адмысловыя службы міліцыі, якія сочаць за інтэрнэтам, у сувязі з тэрактамі ў Францыі ўзмацнілі ўвагу да падзей, якія адбываюцца ў сеціве. Пра гэта 19 лістапада паведаміў журналістам міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.

«Яны арыентаваныя на выяўленьне патэнцыйных і рэальных пагроз нашай бясьпецы, найперш у інтэрнэце», — сказаў Ігар Шуневіч пра сваіх падначаленых.

Таксама, паводле міністра, узмоцнена праца па кантролі за падразьдзяленьнямі, адказнымі за інтэрнэт.

«Мы правяраем сёньня пільнасьць нашых супрацоўнікаў сіламі іншых службаў, адказных за такія праверкі», — дадаў Ігар Шуневіч.

Як дадатковая ўвага праваахоўнікаў да інтэрнэту адаб’ецца на свабодзе ў сеціве і правах простых карыстальнікаў інтэрнэту? Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец прызнае, што такая пагроза існуе і выяўляецца ня толькі ў Беларусі.

— Так, ёсьць такая небясьпека, і, дарэчы, гэта тычыцца ня толькі Беларусі. Можна ўзгадаць, што ў ЗША пасьля тэрактаў 2001 году былі сур’ёзныя падвышэньні паўнамоцтваў спэцслужбаў і адзначаўся ціск на пэўныя грамадзянскія свабоды. Таму цалкам прадказальна, што гэта і тут паўтарыцца разам з тым, што будуць больш пільна адсочваць паводзіны грамадзянаў у сеціве.

Дарэчы, нагадаю, што незалежна ад гэтых тэрактаў да 1 студзеня ўсе правайдэры мусяць усталяваць у сябе адмысловае абсталяваньне, якое дазволіць фіксаваць, якія чалавек наведвае сайты, як ён сябе ў сеціве паводзіць. Гэта прадугледжана дэкрэтам Лукашэнкі, які скіраваны на барацьбу з наркатрафікам, але ў гэтым дэкрэце ёсьць норма, якая наўпрост тычыцца ўсіх карыстальнікаў. Мяркую, прыкладна гэтаксама будзе і з барацьбой спэцслужбаў з тэрарызмам. Зразумела, што гэта справа сур’ёзная, але ў нашых умовах яна можа па-рознаму закрануць кожнага.

Відавочна, што інтэрнэт-прастора, якая была найбольш вольная ў інфармацыйным полі, таксама паступова трапляе пад дзяржаўны кантроль

— А як вы ацэньваеце сёньняшні стан спраў са свабодай у інтэрнэце?

— Інтэрнэт, як і ўся інфармацыйная прастора, паступова бярэцца дзяржавай пад усё большы кантроль. Мы бачым, што такое тэарэтычнае кіраўніцтва тут ажыцьцяўляе Міністэрства інфармацыі, якое можа прымаць рашэньні аб блякаваньні сайтаў. Мы бачылі нядаўна, як пасьля ДДОС-атак пэўны час не маглі працаваць сайты БелаПАНу. Зноў нагадаю пра дэкрэт, які дазваляе адсочваць кожны крок чалавека ў інтэрнэце ў Беларусі. Гэта будзе з 1 студзеня, але я мяркую, што для нас гэта ўжо сёньняшні, а ня заўтрашні дзень. Відавочна, што інтэрнэт-прастора, якая была найбольш вольная ў інфармацыйным полі, таксама паступова трапляе пад дзяржаўны кантроль, а тыя праблемы, зь якімі мы ўвесь час сутыкаемся ў традыцыйных мэдыях, пераносяцца і ў інтэрнэт.

Андрэй Бастунец сказаў, што БАЖ будзе адсочваць сытуацыю са свабодай у інтэрнэце і рэагаваць на пэўныя выпадкі абмежаваньня гэтай свабоды без законных падстаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG