Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бастунец: Журналісты ператварыліся з барацьбітоў у прафэсіяналаў


У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» Старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец тлумачыць, чаму ўлады перасьледуюць фрылянсэраў, распавядае, як БАЖ адзначыць сваё 20-годдзе і адказвае на пытаньне, ці стала беларуская журналістыка менш зубастай, чым раней.

Цыганкоў: Апошнія месяцы мы штотыдзень чуем пра новыя судовыя і адміністрацыйныя справы адносна фрылянсэраў, журналістаў, якія не зьяўляюцца сталымі супрацоўнікамі ў нейкім СМІ. Іх прыцягваюць да адказнасьці за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Навошта ўлада ідзе на гэта, нават на фоне выбарчай кампаніі?

Бастунец: «Штотыдзень» — гэта гучыць занадта мякка. Бо толькі сёньня было ўжо 2 справы ў Гародні, якія скончыліся штрафамі для журналістаў. А ў Глыбокім па двух справах касацыйная інстанцыя пацьвердзіла вырак суду. Таму гэта адбываецца вельмі часта, фактычна штодня.

Чаму? У мяне няма адказу. Спачатку я думаў, што гэта нейкі эксцэс выканаўцы. Але з цягам часу гэта пайшло па ўсёй краіне. Дарэчы, у судах як нейкі узор фігуруюць дакумэнты з папярэдніх справаў – каб судзьдзям было прасьцей выносіць прысуды.

Цыганкоў: Як самі журналісты-фрылянсэры рэагуюць на гэты перасьлед? Ці ўсе працягваюць змагацца, ці некаторыя (як я неяк бачыў у Фэйсбуку) гатовыя плюнуць на журналістыку ў такіх умовах?

Бастунец: Даводзілася чытаць і такія эмоцыі. Але пераважная большасьць працягваюць змагацца за свае правы, рыхтуюць з нашай дапамогай скаргі — і, магчыма, некаторыя зь іх трапяць у Камітэт ААН па правах чалавека.

Цыганкоў: 18 жніўня ініцыятыўная група Анатоля Лябедзькі правяла пікет у абарону журналістаў-фрылянсэраў.

Бастунец: Я лічу, што нам удалося прыцягнуць увагу палітыкаў да гэтай праблемы. Яна ўжо абмяркоўвалася і на прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка дзяржавы, і ў перадачы «Клюб рэдактараў» на «БТ-1».

Цыганкоў: Калі згадаць словы Лукашэнкі, то ён выказаўся ў стылі «так, гэта няправільна, я разьбяруся». Але з таго часу сытуацыя, здаецца, толькі пагоршылася?

Бастунец: Сытуацыя не пагоршылася, але яна не зьмянілася, засталася на тым самым узроўні. А гэты ўзровень – 31 справа, якая завершылася судовай пастановай супраць журналістаў ад пачатку году. Для параўнаньня – летась было толькі 10 справаў.

Цыганкоў: У «Клюбе рэдактараў» на «БТ» удзельнікі гэтай перадачы Генадзь Давыдзька і Павал Якубовіч выказваліся ў тым сэнсе, што фрылянсэры – гэта ніхто, маўляў, такую сур'ёзную справу як журналістыка нельга давяраць непрафэсіяналам. Ці былі вы зьдзіўленыя тым фактам, што журналісты дзяржаўных СМІ ня толькі не праяўляюць карпаратыўную салідарнасьць, а наадварот, імкнуцца неяк прынізіць калег і нашкодзіць ім?

Бастунец: Так, было дзіўнавата гэта чуць. Тым больш, што фрылянсэры — гэта не беларускае вынаходніцтва, і ня толькі ў журналістыцы яны працуюць. У заходняй журналістыцы вельмі шмат фрылянсэраў, часам амаль палова калектыву. Гэта тыя, хто не зьвязаныя з рэдакцыямі сталымі кантрактнымі адносінамі, але рыхтуе матэрыялы. І гэта норма.

Цыганкоў: Ці была нейкая рэакцыя мінародных журналісцкіх саюзаў на тое, што адбываецца з фрылянсэрамі ў Беларусі?

Бастунец: Так, зразумела. І Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў зьвярталася ў Міністэрства інфармацыі, і шэраг нацыянальных журналісцкіх асацыяцыяў зьвярталіся. Запрашалі міністра інфармацыі Беларусі Лілію Ананіч прыехаць у Брусэль, і абмеркаваць гэтыя праблемы. Але выніку пакуль не відаць.

Цыганкоў: У гэтым годзе адзначаецца 20 гадоў БАЖу. У 1995 годзе было 38 чалавек (і я сярод іх), якія вырашылі заснаваць новую журналісцкую арганізацыю. Які шлях прайшоў БАЖ за гэтыя гады?

Бастунец: Колькасныя парамэтры відавочныя – сёньня ў БАЖ каля 1200 чалавек. Арганізацыя атрымала шмат адзнакаў за гэты час, якія пацьвярджаюць яе аўтарытэт. Самыя яркія — у 2003 годзе «Залатое пяро свабоды» Сусьветнай асацыяцыі газэтаў. А ў 2004-м — прэмія Сахарава Эўрапарлямэнту.

Цыганкоў: Ад пачатку існаваньня БАЖ не сьціхаюць дыскусіі наконт таго, што ён перш за ўсё зь сябе ўяўляе — ці гэта прафсаюз, ці прафэсійная суполка, ці нават праваабарончая арганізацыя?

Бастунец: Калі БАЖ зьявіўся, то гэта перш за ўсё быў адказ на ціск уладаў. А рэакцыя Саюзу Журналістаў на гэта не задавальняла нашых калегаў. Сёньня БАЖ сапраўды аб'ядноўвае некалькі асноўных накірункаў і функцыяў. Гэта і прафсаюзная, і праваабарончая, і адукацыйная, і клюб па інтарэсах. Магчыма, калі б сытуацыя ў краіне мянялася ў бок большай свабоды слова — тады БАЖ больш набываў бы прафсаюзных функцыяў.

Цыганкоў: Амаль 20 гадоў старшынёй БАЖу была Жана Літвіна, а вы доўгі час былі намесьнікам. Тым ня менш – ці адкрылі вы для сябе нейкія новыя аспэкты, ці ёсьць сытуацыі, якія вы ня ведалі раней?

Бастунец: Не, я не знайшоў такога сэйфу, які быў раней ад мяне схаваны, а цяпер мне далі ад яго ключы. Большасьць пытаньняў мне былі добра вядомыя. Адзінае, чаго я не чакаў – ня думаў, што гэтак шмат часу будзе адымаць арганізацыйная праца.

Цыганкоў: Як будзе адзначаецца гадавіна ўтварэньня БАЖу?

Бастунец: 16 верасьня якраз быў той самы сход, на якім быў заснаваны БАЖ. У гэты дзень мы плянуем сабрацца, згадаць тое, што адбылося за 20 гадоў. Будуць праведзеныя сустрэчы ў рэгіёнах, і кожны рэгіён будзе сам вызначаць іх фармат. Спадзяюся, мы атрымаем нейкі запал натхненьня, каб рухацца далей.

Цыганкоў: Які ўвогуле стан нашых СМІ? Ёсць меркаваньне, што яны сталі бяззубымі, прынамсі, менш зубастымі, чым у 90-я і нулявыя. Ці падзяляеце вы такое меркаваньне?

Бастунец: Не. Я лічу, што нашыя незалежныя СМІ сталі больш прафэсійнымі.

Хаця, вядома, некаторых лідэраў мы страцілі — газэты “БДГ”, “Свабода”. Але мне здаецца, журналісты сталі больш разумець сутнасьць сваёй прафэсіі. І ператварыліся з барацьбітоў у тых, хто бачыць сваёй задачай распаўсюд інфармацыі і забесьпячэньне пляцоўкі для яе абмеркаваньня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG