Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бастунец: прысуды незалежным журналістам да права ня маюць ніякага дачыненьня


Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец лічыць, што адміністрацыйны перасьлед незалежных журналістаў — гэта мэтанакіраваная кампанія ўладаў.

Сёньня суд Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці прызнаў незалежную журналістку Тацяну Смоткіну вінаватай у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі і аштрафаваў яе на 4,5 млн рублёў. Гэта быў ужо 27-ы падобны суд супраць незалежных журналістаў сёлета. Агульная сума штрафаў журналістам паводле арт. 22.9 КаАП на сёньня складае 137 млн 780 тыс. рублёў (больш за 8 тыс. эўра).

«Тое, што гэтая кампанія мэтанакіраваная, у мяне няма аніякіх сумневаў, бо яна адбываецца практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. І ў гэтых розных рэгіёнах шмат у якіх справах прысутнічаюць у якасьці такога стандарту, узору паперы зь іншых судовых працэсаў. Гэта значыць, што ўсё гэта каардынуецца. Кім і зь якой мэтай гэта каардынуецца — гэта ўжо пытаньне не да мяне. Але, на мой погляд, гэтым дзяржава робіць толькі горш самой сабе, бо для журналісцкай працы ствараецца такая атмасфэра, якая не забясьпечвае адпаведных умоваў гэтай працы і не забясьпечвае празрыстасьці выбарчага працэсу — ставіць пад пытаньне яго», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Усе 27 судоў у 2015 годзе адбываліся ў рэгіёнах і ніводнага — у Менску. Бастунец лічыць гэта не выпадковай зьявай:

«Я думаю, тут можа мець месца такі суб’ектыўны варыянт, бо ў невялікіх гарадах журналісты больш навідавоку і хтосьці, магчыма, менавіта зь імі хоча нейкія свае пытаньні вырашыць, проста прыцягнуць іх да адказнасьці. Магчыма, так. А магчыма, судовыя працэсы ў Менску, і гэта можна прагназаваць, выклікаюць значна больш увагі журналістаў, якіх у Менску ўсё ж такі значна болей, чым, напрыклад, у Глыбокім».

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што справу супраць Тацяны Смоткінай завялі пасьля яе артыкула пра самадзейнасьць вучняў мастацкай школы. Бастунец у сувязі з гэтым адзначае, што ў большасьці выпадкаў адміністрацыйны перасьлед журналістаў адбываецца якраз на падставе зьяўленьня матэрыялаў, якія ніякім чынам з палітычнымі тэмамі не зьвязаныя.

«Я заўважу, што ў пераважнай большасьці выпадкаў журналістаў прыцягваюць да адказнасьці менавіта за непалітычны матэрыял. Гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна — калі за матэрыял пра творчасьць вучняў журналістку прыцягваюць да адказнасьці. Тут тыя органы, якія прыцягваюць да адказнасьці журналістаў, падыходзяць абсалютна фармальна, іх не клапоціць зьмест матэрыялаў, іх клапоціць толькі сам факт іх зьяўленьня ў замежных мэдыях. Заўважу, што гэтым фармальным падыходам яны, суды і міліцыя, зноў жа, фармальна парушаюць і Канстытуцыю, і міжнародныя абавязаньні Рэспублікі Беларусь. Бо абмежаваньне права на выказваньне думкі магчымае толькі ў тым выпадку, калі гэта можа дапамагчы прадухіліць значна горшыя парушэньні правоў грамадзян ці дзяржавы. У дадзеным выпадку наша дзяржава на гэта не зьвяртае ўвагі, і я думаю, што да права гэтыя прысуды ня маюць ніякага дачыненьня», — лічыць кіраўнік БАЖ.

XS
SM
MD
LG