Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Бандарэнку зноў ізалявалі


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, які адбывае пакараньне за хуліганства ў шклоўскай папраўчай калёніі, зноў ізалявалі ад іншых зьняволеных дзеля яго бясьпекі.

Пра гэта паведаміла БелаПАН дырэктарка прыватнай інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Алена Красоўская-Касьпяровіч.

У сярэдзіне сакавіка бацька праваабаронцы атрымаў ліст, у якім Бандарэнка паведамляў, што знаходзіцца ў памяшканьні крытага тыпу да 1 красавіка, каб пазьбегнуць магчымых канфліктаў зь вязьнямі. Бандарэнка таксама паведаміў, што папрасіў адміністрацыю па гэтай жа прычыне перавесьці яго ў адзіночную камэру.

Паводле Красоўскай-Касьпяровіч, цяпер праваабаронца знаходзіцца ў штрафным ізалятары, бо «напісаў заяву з просьбай, каб яго перавялі ў бясьпечнае месца». Там ён карыстаецца ўсім як звычайны вязень, бо не зьяўляецца парушальнікам.

Андрэя Бандарэнку пасьля канфлікту зь некаторымі зьняволенымі ў папраўчай калёніі № 2 Бабруйску 2 сакавіка зь меркаваньняў бясьпекі перавялі ў Шклоў.

Некалькі гадоў таму Бандарэнка знаходзіўся ў бабруйскай калёніі за эканамічнае злачынства, але ў 2011 годзе быў прызнаны невінаватым. Калі праваабаронцу даставілі ў гэтую калёнію мінулай восеньню, адзін з асуджаных заявіў: яму вядома, што чатыры гады таму Бандарэнка знаходзіўся ў адной камэры з чалавекам зь нізкім, паводле крымінальных мерак, статусам. Праз гэта некаторыя зняволеныя забаранілі Бандарэнку сядзець у сталовай за агульным сталом, у выніку чаго праваабаронца быў вымушаны галадаць. Зь сярэдзіны лістапада адміністрацыя бабруйскай калёніі зьмясьціла Бандарэнку для яго ж бясьпекі ў штрафны ізалятар, а празь некалькі месяцаў было вырашана перавесьці яго ў іншае месца пазбаўленьня волі.

Паводле гэтай жа прычыны ў шклоўскай калёніі Бандарэнка да 1 красавіка знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу.

Андрэй Бандарэнка — стваральнік праваабарончай установы «Плятформа», якая займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўленьня волі. 12 жніўня 2014 году суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў яго вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве адносна трох грамадзянаў. Бандарэнку прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, але па амністыі тэрмін скарацілі да трох гадоў.

XS
SM
MD
LG