Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер ужо ў шклоўскай калёніі праваабаронцу Андрэя Бандарэнку зьмясьцілі ў адзіночку


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка са спасылкай на ліст ад сына.

«Вось толькі што атрымаў ад Андрэя першы ліст з шклоўскай калёніі, куды яго перавялі з Бабруйску. Ліст ішоў больш за тыдзень. Піша, што адразу ж, як прыбыў у Шклоў, яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу, бо такое абмежаваньне было накладзенае ў бабруйскай калёніі да 1 красавіка і таму да гэтага дня мусіць працягвацца. Андрэй зноў напісаў заяву, каб яго далей трымалі ў адзіночцы, але гэта будзе вырашацца ўжо ў красавіку. Паведаміў, што стаўленьне да яго ў шклоўскай калёніі нармальнае, ніякіх праблем няма. Неўзабаве могуць дазволіць патэлефанаваць, дык абавязкова скарыстаецца гэтай магчымасьцю, але калі гэта будзе дакладна, пакуль ня ведае».

На ўмовы ўтрыманьня ў адзіночцы шклоўскай калёніі Андрэй Бандарэнка ня скардзіўся, паведаміў ягоны бацька.

Раней, падчас знаходжаньня ў бабрускай калёніі, у Андрэя Бандарэнкі ўзьнік канфлікт зь іншымі вязьнямі, які, як лічыць праваабаронца, быў штучна справакаваны ўладамі, каб яму адпомсьціць.

Былы палітвязень, былы дырэктар праваабарончай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. На судзе Андрэй Бандарэнка прызнаў віну ў хуліганстве адносна дзьвюх жанчын, зь якімі ў яго ўзьнік міжасабовы канфлікт, і папрасіў у пацярпелых прабачэньня. Пры гэтым Андрэй Бандарэнка заявіў, што справу супраць яго «падмацавалі» іншым эпізодам аб хуліганстве, які, ня ягоную думку, міліцыя справакавала, каб адправіць яго за краты. Андрэй Бандарэнка ня выключыў, што гэтак яму адпомсьцілі за ягоную праваабарончую і грамадзкую дзейнасьць.

Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна справы Андрэя Бандарэнкі падзяліліся. Праваабаронцы зь «Вясны» лічаць, што ўжытая да яго мера пакараньня адпавядае судовай практыцы ў такіх справах. Між тым частка праваабаронцаў, якія сачылі за працэсам над Андрэем Бандарэнкам, перакананая, што гэта была замоўленая «пасадка» актывіста, які выкрываў злоўжываньні прадстаўнікоў улады, у тым ліку міліцыянтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG