Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апусьціць. Па «паняцьцях» і «беспределу»


Падставай для абмеркаваньня стаў званок на «Свабоду» бацькі былога кіраўніка праваабарончай «Плятформы», а цяпер асуджанага бабруйскай калёніі Андрэя Бандарэнкі. Сп. Валер Бандарэнка паведаміў, што паводле зьвестак, якія ён атрымаў з гэтай папраўчай установы, супраць ягонага сына зладжана правакацыя — зэкі распаўсюдзілі пра яго зьвесткі, што «раней, яшчэ ў першую адседку, Андрэй нібыта сядзеў у камэры з чалавекам, у якога быў нізкі статус. І з гэтай прычыны такі статус павінен распаўсюджвацца і на яго. Сын, напрыклад, ня можа сядзець у сталоўцы за агульным сталом. Таму ён увогуле адмовіўся прымаць ежу...»

Больш дакладнай інфармацыі пра сытуацыю з Андрэем Бандарэнкам ані бацька, ані іншыя людзі з Андрэевага атачэньня ня маюць

«Праз каставую сыстэму вязьня могуць раздушыць»

Сам Андрэй Бандарэнка ў сваіх інтэрвію «Свабодзе ў турмах» гаварыў пра тое, што наданьне вязьню статусу «апушчанага» сёньня ў беларускай турме не выглядае так па-дзікунску, як, напрыклад, у расейскай «чорнай зоне», «дзе чалавека могуць сэксуальна гвалтаваць; тым ня менш праз каставую сыстэму вязьня могуць раздушыць. І такія скаргі ў „Плятформу“ паступаюць. Вядомыя выпадкі, калі людзі, якіх зрабілі „пеўнямі“, перажывалі страшныя душэўныя пакуты. Нягледзячы на тое, што такое прыніжэньне асобы чалавека супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна зь якой годнасьць чалавека павінна ахоўваецца дзяржавай (арт.25), турэмная адміністрацыя закрывае на ўсе гэта вочы».

Ці ёсьць сэксуальны гвалт у турмах? (запіс 2012 году)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

Адкуль ідуць гэтыя поўныя дзікунства зладзейскія рытуалы? Паводле адной з вэрсіяў, зьвязаныя яны з рэформай савецкай пэнітэнцыярнай сыстэмы 1961 году, калі месцы пазбаўленьня волі былі падзеленыя на некалькі рэжымаў і асноўная маса вязьняў-першаходаў сталася аддзеленая ад рэцыдывістаў з назапашаным тымі досьведам жыцьця за кратамі. У выніку сярод зьняволеных стаў распаўсюджвацца не характэрны дагэтуль звычай караць вінаватага гвалтоўным сэксуальным актам. За кратамі такіх людзей пачалі называць «пеўнямі», «апушчанымі», «пакрыўджанымі», «адсаджанымі». Сынонімаў у крымінальным жаргоне шмат.

Згодна з блатнымі «паняцьцямі», чалавека «апускалі» толькі за вельмі сур’ёзныя правіны — напрыклад, «стукацтва», «крысятніцтва» (крадзеж у іншых зьняволеных), ня вернуты своечасова доўг (асабліва картачны), «беспредел» або грубае парушэньне зладзейскіх законаў (зьбіцьцё або «апусканьне» без дастатковых на тое прычынаў). Сюды ж — асобы зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, пэдафілы, нэкрафілы...

Дотык любога вязьня да «апушчанага», у тым ліку да ягоных рэчаў, знаходжаньне зь ім у адной камэры — гэта таксама падстава для пераводу чалавека ў ніжэйшую турэмную касту. Часам «пеўнем» можа стаць зьняволены, які выканаў нейкую працу, зьвязаную з чысткай прыбіральняў... У дачыненьні да «апушчаных» створана вялікае мноства табу.

Чаму савецкія крымінальныя традыцыі прыжыліся ў постсавецкіх краінах?

Валеры Савянкоў
Валеры Савянкоў

Былы зьняволены, вілянчук Валеры Савянкоў, які сядзеў у турмах Беларусі, Расеі, Літвы, а апошнім часам дапамагае вязьням падаваць скаргі на парушэньні іхніх правоў у літоўскія ды эўрапейскія судовыя інстанцыі, кажа, што турэмная каставасьць жыве далёка ня толькі ў Беларусі ці Расеі, але і на ўсёй прасторы былога СССР, прычым пры негалоснай падтрымцы адміністрацыі. Паводле Валера Савянкова, «гэта магутная зброя супраць тых, хто не даспадобы. А жывыя савецкія крымінальныя традыцыі ў постсавецкіх краінах таму, што жывыя носьбіты той зэкаўскай савецкай субкультуры. Моладзь, якая праходзіць лягерную школу, пераймае гэтыя традыцыі і культывуе іх. Для саміх ЗК гэта надзейны сродак, каб караць «казлоў» (тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй), а для турэмнікаў — каб трымаць у страху радыкалаў ды падобных асобаў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:37 0:00
Наўпроставы лінк

«Стаць «апушчаным» у турме ці на зоне — гэта для многіх пытаньне жыцьця і сьмерці, бо такую ганьбу можа перанесьці далёка ня кожны, — працягвае Валеры Савянкоў. — Ніякія катаваньні ня зробяць таго, чаго можна дасягнуць, проста пасадзіўшы вязьня ў камэру з „апушчанымі“. Многія ламаюцца, некаторыя звыкаюцца і прымаюць правілы гульні, які выпадаюць на долю гэтых ЗК. Аднак калі ў чалавека захаваўся нейкі ўнутраны стрыжань, ён жыць з такім кляймом ня зможа. Тут або сьмерць, або вяртаньне рэпутацыі ды годнасьці. У апошнім выпадку зэк, паводле „паняцьцяў“, павінен жорстка расквітацца з тым, хто пусьціў пра яго падобныя чуткі. Але і пасьля такога ўчынку аўтарытэты рукі яму не пададуць. Дзеля той жа перастрахоўкі, каб самім ня трапіць у „петушатню“».

Што значыць быць адсажаным ад агульнага стала?

Зьвяртае на сябе ўвагу наступная акалічнасьць: тэма прыніжэньня чалавечай годнасьці, як выглядае, лічыцца настолькі табуізаванай ды ганебнай, што, прынамсі ў СМІ, цяжка знайсьці інфармацыю пра зьвязаныя зь ёю афіцыйныя скаргі вязьняў. Вязьні могуць скардзіцца ў самыя розныя судовыя інстанцыі, аж да Вярхоўнага і Канстытуцыйнага суду. Гэтымі днямі, напрыклад, былы палітвязень, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі заявіў, што адстойвае ў Канстытуцыйным судзе правы зьняволеных, якіх дыскрымінуюць у пытаньнях характару, умоваў ды аплаты працы на турэмнай вытворчасьці. Што тычыцца маральных катаваньняў у сувязі з наданьнем чалавеку ніжэйшага статусу (а адказнасьць за гэта ў беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме, дзе няма «чорных зонаў», нясуць не зладзейскія парадкі, а адміністрацыя), то пра гэта адкрыта загаварыў бацька Бандарэнкі.

Удзельнік нашых ранейшых перадачаў, былы асуджаны Ігар Міхнавец, які мае немалы «турэмны стаж», характарызуе выпадкі кшталту тых, што адбыліся з Бандарэнкам і некаторымі іншымі былымі палітвязьнямі, як так званы «беспредел». Ён не выключае, што ў турэмнай адміністрацыі, хутчэй за ўсё, ёсьць нейкая інструкцыя зьверху, бо сама яна «такія рашэньні ніколі не прымае».

Наўпроставы лінк

Міхнавец: «Пасадзіць чалавека ў камэру да „пакрыўджаных“, гэта „беспредел“, бо турэмнікі разумеюць, што за гэтым будзе. „Пакрыўджаныя“ таксама разумеюць, як сябе паводзіць: калі ім саджаюць у камэру чалавека, яны стукаюць у дзьверы і просяць іх вывесьці адсюль, перавесьці ў іншую камэру. Бо яны ведаюць, што ня маюць права знаходзіцца ў адным месцы зь людзьмі не сваёй касты. Гэта ўнутраная „субардынацыя“. Яна добра вядомая ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. Праз такія рэчы ў іх там у свой час і пагоны ляцелі, калі нехта пераразаў сабе вены. Гэта ўсё сур’ёзна і гэта ўсё — інтрыга з высокіх кабінэтаў нейкіх. Мясцовыя самі на гэта ніколі ня пойдуць, тым больш Андрэй — чалавек вядомы. Там начальнік калёніі Какунін, ён быў пры мне ў Навасадах начальнікам па рэжыме, я ведаю выдатна гэтага афіцэра, ён вельмі добра разьбіраецца ў гэтых „паняцьцях“. Ніколі б ён самастойна не прыняў такога рашэньня, гэта дзесьці зьверху...»

Што азначае тое, што чалавек у месцах зьняволеньня «адсаджаны ад агульнага стала»? Паводле Ігара Міхнаўца, вязьню кажуць: ён мусіць сталавацца толькі разам з «пакрыўджанымі», а гэта вельмі сур’ёзна.

Міхнавец: «Калі ён сядзе есьці за стол з гэтымі „пакрыўджанымі“, тады сапраўды больш ніхто не падасьць яму рукі з тых, хто там знаходзіцца. А так цяпер у яго становішча — ён пад пытаньнем, я так разумею. А пад пытаньнем — гэта значыць, ён і да тых не сядае, і да „мужыкоў“ за стол таксама не сядае. Таму проста адмаўляецца есьці. Ну ўявіце: калі ў зоне строгага ці агульнага рэжыму сядзе „пакрыўджаны“ да „мужыкоў“ за стол, яго проста там „запаложаць“, „разьбяруць“, паб’юць проста там. І кожны „пакрыўджаны“ гэта ведае».

«Трапіў за краты — трэба жыць паводле гэтых законаў»

Як паводзіць сабе ў гэтай сытуацыі вязьню, які, з аднаго боку, добра знаёмы з турэмнымі традыцыямі, а зь іншага — неаднойчы на волі выступаў супраць любой дыскрымінацыі чалавека? Пачаць прыніжаць прыніжанага ці, наадварот, адкрыта, нягледзячы на наступствы, ігнараваць гэтыя парадкі?

Адзін са сталых удзельнікаў нашай перадачы з былых асуджаных Зьміцер Вольны, які, як кажуць, «завязаў» са сваім турэмным мінулым, лічыць:

«Гэта турма. Там усё роўна, хто ты, хоць прэзыдэнт — калі быў нейкі кантакт з „пакрыўджанымі“, то сам атрымаеш такі статус. У лепшым выпадку будзеш жыць асобна: ні з тымі і ні з тымі. Як бы да высьвятленьня абставінаў. Але так можна жыць да канца дзён».

Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч

У мінулым двойчы палітвязень Мікола Аўтуховіч, які адседзеў за кратамі самы вялікі сярод усіх палітзьняволеных тэрмін — калі сямі з паловай гадоў, узгадвае, што яму ў Гарадзенскай турме таксама спрабавалі «падкінуць» асуджанага зь нізкім турэмным статусам, але ён заявіў кантралёрам: у вас роўна тры хвіліны, каб гэтага чалавека тут не было.

«Я папярэдзіў, што інакш або зь ім нешта зраблю, або сабе ўскрыю шыю (у мяне было ўжо два „ўскрыцьці“ дагэтуль, і яны ведалі, што я не жартую). Я настаяў, і таго сядзельца з маёй камэры вывелі... У такіх выпадках паводле правілаў вязьніцы трэба нешта рабіць, супраціўляцца, ніяк не дапускаць таго, каб апынуцца ў адной камэры зь „пеўнем“. Інакш „пеўнем“ станеш сам. У турме свае вельмі жорсткія законы. Трапіў за краты — трэба жыць паводле гэтых законаў. Або ты дэманструеш свой супраціў, або цябе залічваюць у „апушчаныя“. Цябе ніхто ня будзе гвалціць. Цябе з гэтым статусам проста будуць прыніжаць».

Тым ня менш, адзначае Мікалай Аўтуховіч, калі вязьня «апусьцілі па беспрадзелу», шанец вярнуцца ў нармальную касту ў яго ўсё ж ёсьць. Гэта вырашаюць так званыя крымінальныя аўтарытэты.

Аўтуховіч: «У гарадзенскай турме сядзяць „аўтарытэты“ крымінальнага сьвету, якія разглядаюць такія справы і разрульваюць сытуацыю. У тых канкрэтных выпадках, калі яны бачаць у гэтым „падставу“ з боку адміністрацыі, ніжэйшы статус здымаюць. Калі я вызваляўся, мне перадалі запіску ад аўтарытэтных людзей, што з палітвязьняў, якіх паводле загаду зьверху перавялі па „беспределу“ ў ніжэйшую касту, усё зьнялі. Дарэчы, турэмная адміністрацыя з сваімі „апушчанымі справамі“ трапіла ў ня надта прыемную гісторыю, а таму была вельмі зацікаўленая, каб падобная інфармацыя ня выйшла на волю».

«Сумленны чалавек працягвае сваю лінію і ў турме»

Паводле таксама двойчы палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, у падобнай сытуацыі ёсьць розныя мэтады паводзінаў. Адны да канца ні з тымі і ні з тымі, другія абвяшчаюць галадоўку, іншыя рэжуць вены, жываты, хто на што здатны. Сам Дашкевіч прытрымліваецца наступнага прынцыпу: калі ты на волі імкнуўся жыць сумленна, будзе лягічным, калі гэтую лінію будзеш працягваць і ў турме.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Калі я быў у турме, я імкнуўся не дапускаць прыніжэньня асобы, кім бы гэты чалавек ні быў і да якога б статусу ні належаў. Калі меў такую мажлівасьць, то заўсёды імкнуўся падтрымаць гэтага вязьня, паразмаўляць зь ім, засьведчыць пра Езуса Хрыста. Мяркую, што Андрэй як сумленны чалавек не дапусьціць прыніжэньня асобы!»

Канкрэтную сытуацыю з Андрэем Бандарэнкам, паколькі інфармацыя з другіх-трэціх рук, вельмі цяжка камэнтаваць, — дадае Зьміцер Дашкевіч, — аднак відавочна, што цяпер у беларускіх турмах «паняцьці» больш ідуць ад адміністрацыі, чым ад зэкаў.

Наўпроставы лінк

Дашкевіч: «Трэба сказаць так: наагул усё, што робіцца на сёньняшні дзень у беларускіх зонах, апроч „крытых“ турмаў (і то там свае нюансы), — гэта робіцца адміністрацыяй. Адміністрацыя выкарыстоўвае „паняцьці“ дзеля таго, каб здушыць любыя праявы свабодалюбства ў асуджаных. То бок трэба разумець, што дэ-юрэ, калі выкарыстоўваць толькі юрыдычныя мэханізмы, адміністрацыя мала што можа зрабіць з зэкам. Напрыклад, калі я там абвяшчаў галадоўкі супраць дзеяньняў адміністрацыі, якія мне не падабаліся, ну што яна можа зрабіць? Ды нічога. Абвясьціў зэк любы галадоўку, прыйшоў міліцыянт, ён яго элемэнтарна паслаў разоў дзесяць за пяць сэкундаў — і ўсё, яму фіялетава, асуджанаму. А калі прыходзяць блатныя, то зэк ужо ня можа паслаць паводле паняцьцяў. У маім выпадку, напрыклад, казалі: ды закапаем, ды зарэжам, туды-сюды. А потым, калі разумелі, што мяне гэтым асабліва ня возьмеш, казалі так: ну давай мы вырашым твае праблемы, што ты хочаш, што табе не падабаецца?»

«Палітвязьняў прыніжаюць без аніякіх межаў »

«Цяпер, — працягвае Зьміцер Дашкевіч, — гэта ўжо не 2006 год, пастаўлена задача, каб у турмах палітвязьні апыналіся пад маральным ціскам, гвалтам. І таму тыя правакацыі, якія з Андрэем адбываліся, яны ў меншых формах адбываліся са мной. Мы ведаем, што там Статкевічу нейкіх „пакрыўджаных“ падсаджвалі ў камэру. З Саньнікавым тое ж самае рабілася. У адміністрацыі стаіць задача — арганізаваць гвалт, маральны і псыхалягічны. Яны выкарыстоўваюць усе мэтады. Усе тыя блатныя, якія ёсьць у зонах, гэта стопрацэнтовыя супрацоўнікі апэраддзелу. І рыторыку блатную, і ўсе гэтыя паняцьці апэраддзел праз асуджаных выкарыстоўваў, таму што па-іншаму яны б не маглі кіраваць зонай, каб не было блатных. І яны трымаюць блатных толькі тых, празь якіх яны могуць кіраваць зонай. І таму ўсё, робіцца ў дачыненьні да Андрэя, — гэта абсалютна ясна, што робіць адміністрацыя».

Калі я адбываў пакараньне, мне казалі — адтуль і адтуль пайшла каманда, ты выбачай, што ты хочаш, ты нашых дзяцей карміць ня будзеш

З гледзішча Зьмітра Дашкевіча, цяпер за кратамі такія, зыходзячы з зэкаўскіх паняцьцяў, самыя непаважаныя ў крымінальным сьвеце злачынцы, як пэдафілы, могуць сустрэць менш прыніжэньня, чым людзі, якія зьвязаныя з апазыцыяй:

«Яшчэ гадоў дзесяць таму, калі нехта сядаў за пэдафільства, з тым чалавекам рабілі гэтаксама, як ён рабіў зь дзецьмі на волі, прычым маглі так рабіць увесь ягоны тэрмін. А цяпер усё гэта большасьці сыходзіць з рук. Дый адміністрацыя сама такіх людзей ізалюе, каб нікому на вочы не трапляліся. А ў дачыненьні да палітычных вязьняў для іх няма ніякіх межаў у прыніжэньнях. І, па-другое, ёсьць непасрэдныя каманды са спэцслужбаў. Я ў сваім выпадку ведаю: калі я адбываў пакараньне, мне казалі — адтуль і адтуль пайшла каманда, ты выбачай, што ты хочаш, ты нашых дзяцей карміць ня будзеш».

Скончаныя мярзотнікі становяцца памочнікамі адміністрацыі

Ці сапраўды асобы, якія пакараныя за сэксуальныя злачынствы ў дачыненьні да дзяцей, могуць адчуваць сябе за кратамі менш прыніжанымі, чым асобныя вязьні з апазыцыі, і ў дачыненьні да іх зусім ня дзейнічаюць жорсткія зладзейскія «паняцьці»?

Уладзімер працуе турэмным псыхолягам. З палітвязьнямі яму сутыкацца не даводзілася, а вось з паўторна асуджанымі пэдафіламі — неаднойчы. Паводле ягоных словаў, гэтыя асуджаныя, безумоўна, маюць псыхічныя адхіленьні, але хто з ЗК іх ня мае? Узроставы, сацыяльны, інтэлектуальны ды маральны ўзровень гэтай катэгорыі — самы розны. Ёсьць і сапраўдныя інтэлектуалы, і асобы зь лёгкай ступеньню дэбільнасьці, ёсьць вонкава прыемныя людзі і ёсьць скончаныя мярзотнікі. Іх агульная рыса? Надзвычайная здольнасьць уцерціся ў давер да адміністрацыі, прымільгацца, бо сядзець трэба доўга, а хочацца сядзець добра.

З поўнай адказнасьцю скажу: усе гэтыя „апушчаныя“ не адчуваюць сябе нейкімі прыніжанымі ці надта ўшчэмленымі

Уладзімер: «Так, гэтыя людзі, а разам зь імі прадстаўнікі некаторых іншых непапулярных у зладзейскім сьвеце катэгорыяў (нетрадыцыйная арыентацыя, вялікія даўгі, разумовая адсталасьць, надзвычайная неахайнасьць і г.д.) належаць да так званых „пакрыўджаных“. Але каб у гэтую касту гвалтоўна пераводзілі іншых, такога няма. Гэта б расцэньвалася як „надзвычайнае здарэньне“. Пры гэтым з поўнай адказнасьцю скажу: усе гэтыя „апушчаныя“ не адчуваюць сябе нейкімі прыніжанымі ці надта ўшчэмленымі. Сапраўды, яны ня могуць прэтэндаваць на нейкія лідэрскія пазыцыі сярод асуджаных. Так, яны сьпяць у асобным кутку, сталуюцца асобна, бо іхнія сталы стаяць крыху збоку, але сталы такія самыя, як і ў іншых ЗК, і ежа такая самая, і посуд такі самы, без аніякіх дзірачак. Ніякага дыскамфорту яны ў гэтай сувязі не адчуваюць.Яны гэтак жа, як і астатнія ЗК, ходзяць на працу, ёсьць сярод іх і перадавікі вытворчасьці. Псыхапаты па жыцьці, яны ў турме паводзяць сабе абсалютна інакш. Яны добра разумеюць, што тут за кратамі за сваю нястрыманасьць яны могуць атрымаць па поўнай. Гэта добрыя псыхолягі, якім удаецца ўцерціся ў давер да адміністрацыі. Яны ўсяляк дапамагаюць ёй, дакладаюць на іншых вязьняў. Робяць усё, каб заслужыць умоўна-датэрміновае. Яны становяцца надзейнымі памочнікамі адміністрацыі. Калі ў двух словах, яны не пакутуюць за кратамі».

— Ці можна сказаць, што ў калёніі да іх ставяцца талерантна?

— Справа не ў талерантнасьці, а ў дзеяньнях адміністрацыі. Яна не зацікаўленая ў розных эксцэсах. Калі хто каго ў выніку зарэжа, пачнуцца розныя сур’ёзныя праверкі, уключна з пракурорскімі, інфармацыя трапіць у СМІ, а каму гэта трэба?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG