Як паведамляе прэсавая служба адміністрацыі прэзыдэнта, польскі дыплямат сказаў, што ягоная краіна падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Грузіі, імкненьне краіны далучыцца да эўраатлянтычнай супольнасьці.
Бакі абмеркавалі і візыт у Грузію прэзыдэнта Польшчы. Анджэй Дуда мае наведаць гэтую краіну сёлета.
Мар'юш Машкевіч быў актыўным дзеячам польскай «Салідарнасьці». На пачатку 90-х гадоў пайшоў на дыпляматычную службу. Спачатку працаваў у Літве. Пазьней адкрываў першае польскае консульства ў Гародні, дзе быў генэральным консулам. З 9 чэрвеня 1998 году да 10 сьнежня 2002 году служыў амбасадарам Польшчы ў Менску.
У сакавіку 2006 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Мар'юша Машкевіча затрымалі ў Менску падчас ліквідацыі намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы і жорстка зьбілі. Пазьней асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у мітынгу апазыцыі. Пасьля заканчэньня курсу лекаваньня выпісалі з аддзяленьня рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі першага гарадзкога клінічнага шпіталя Менску. Амбасада Польшчы ў Беларусі тады накіравала ноту ў беларускі МЗС з патрабаваньнем вызваліць спадара Машкевіча ад далейшага адбыцьця пакараньня ў турме на Акрэсьціна. Просьбу польскага боку беларускія ўлады выканалі.