Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка не зьбіраецца выходзіць з карцэру


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка працягвае знаходзіцца ў карцэры бабруйскай калёніі, куды ён быў зьмешчаны паводле сваёй просьбы, каб пазьбегнуць канфлікту зь іншымі вязьнямі калёніі. Пра няпростую сытуацыю Андрэя Бандарэнкі апавядае ягоны бацька, Валер Бандарэнка.

«Андрэя ўчора наведваў адвакат. Мала што ведаю, праз тэлефон перакінуліся парай словаў, бо я ня змог выехаць у Бабруйск. Ведаю, што адвакат размаўляў з Андрэем праз шкло. Той казаў, што ўсё ідзе, як было. Знаходзіцца ў карцэры паводле сваёй заявы, а пасьля выхаду 12 студзеня, калі нічога ня зьменіцца, напіша зноў заяву на той жа карцэр. А гэтак нібыта няма ніякіх перамен да горшага».

Былы дырэктар праваабарончай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Меркаваньні адносна віны Бандарэнкі разышліся. Адны мяркуюць, што ён сапраўды вінаваты і пакараньне яму абранае ў адпаведнасьці зь дзейнай практыкай. Іншыя — што справу часткова сфабрыкавалі, а пакараньне праваабаронцу несувымернае ягонай віне. Сам Андрэй Бандарэнка на судзе прызнаваў віну часткова і выбачаўся перад двума пацярпелымі, але трэцяга пацярпелага называў правакатарам і заяўляў, што эпізод зь ягоным удзелам быў правакацыяй спэцслужбаў, якія задумалі паквітацца зь ім за праваабарончую дзейнасьць.

Трымаюць Андрэя Бандарэнку ў бабруйскай калёніі, дзе ён ужо знаходзіўся, калі адбываў першую судзімасьць — паводле сфальшаванага абвінавачаньня. Сваякі Бандарэнкі мяркуюць, што яго накіравалі менавіта ў бабруйскую калёнію адмыслова. Ужо ў пачатку знаходжаньня ў калёніі ў Бандарэнкі ўзьнік канфлікт зь іншымі вязьнямі, праз што ён мусіў папрасіцца ў карцэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG