Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка адправіў скаргу ў ААН


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка працягвае змагацца за адмену прысуду, які вынес яму Кастрычніцкі суд Менску паводле артыкула аб злосным хуліганстве. З Магілёўскай турмы ён накіраваў скаргу на прысуд у Камітэт правоў чалавека ААН.

«Тут ён прайшоў усе судовыя інстанцыі, ад Менскага гарадзкога суду да Вярхоўнага, але ўсё безвынікова. Чаму падаў скаргу ў ААН? Бо спадзяецца, што хоць там да яго прыслухаюцца па-сапраўднаму», — сказаў Свабодзе бацька вязьня Валер Бандарэнка.

Заснавальнік і старшыня арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства — нібыта зьбіў мінака і нанёс траўмы яшчэ адной жанчыне. У судзе Андрэй Бандарэнка часткова прызнаў віну, але ня выключыў, што прынамсі ў адным з эпізодаў ягонай справы доказы былі сфальшаваныя. На думку праваабаронцы, яму адпомсьцілі за тое, што бараніў вязьняў і выкрываў злачынствы з боку міліцыі.

Меркаваньні былых калегаў Андрэя Бандарэнкі наконт законнасьці вынесенага яму прысуду разышліся. Але беларускія праваабаронцы надалей у адзін голас заклікаюць улады спыніць ціск на Андрэя Бандарэнку, які пачаўся яшчэ ў Бабруйскай калёніі. Грамадзкі камітэт падтрымкі Андрэя Бандарэнкі таксама заклікаў перагледзець ягоную справу, якую лічыць палітычна матываванай.

Складу злачынства, якое яму інкрымінавалі, на маю думку, няма, і ён цалкам мае рацыю, калі аспрэчвае вынесены прысуд

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў мяркуе, што зварот Андрэя Бандарэнкі да Камітэту правоў чалавека ААН цалкам абгрунтаваны.

«Паводле шмат каго зь юрыстаў, у тым ліку я гэтак лічу, у Бандарэнкі ёсьць усе падставы для падачы скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН, бо ў ягонай справе не былі забясьпечаныя асноўныя правы, якія яму гарантаваныя законамі Беларусі і Канстытуцыяй. І гэта ён даказвае праз пэўныя спасылкі на матэрыялы справы і працэсу. Пачынаючы з прэзумпцыі невінаватасьці і далей, уключна з правам на абарону, на абʼектыўнае і ўсебаковае дасьледаваньне доказаў ягонай нібыта віны. Увогуле складу злачынства, якое яму інкрымінавалі, на маю думку, няма, і ён цалкам мае рацыю, калі аспрэчвае вынесены прысуд. Максымальна, за што можна было прыцягнуць Бандарэнку да адказнасьці паводле тых эпізодаў, якія ёсьць у справе, — гэта за дробнае хуліганства. Але пакараньне за тое ён адбыў. А ўжо крымінальны перасьлед праваабаронцы Бандарэнкі — гэта на сумленьні беларускіх уладаў», — лічыць Міхаіл Пастухоў.

Больш за год Андрэя Бандарэнку трымаюць у адзіночнай камэры магілёўскай турмы як вязьня, які шмат разоў парушаў турэмныя парадкі. На волю праваабаронца мае выйсьці ў сакавіку 2017 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG