Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэа Віктарын: «Беларусь — цэнтар Эўропы, і яна павінна прытрымлівацца эўрапейскіх каштоўнасьцяў»


Андрэа Віктарын
Андрэа Віктарын

Моладзевае крыло грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» сустрэлася з кіраўніцай прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Актывісты кампаніі прывялі з сабой і шмат сяброў — студэнтаў ВНУ, у невялікім офісе сабралася каля 70 чалавек. Закрытых тэм для абмеркаваньня не было: спадарыня Віктарын паўтары гадзіны адказвала на самыя вострыя пытаньні — шчыра, дасьціпна, эмацыйна, з гумарам.

«Цяпер вельмі спрыяльны час для дыпляматычнай працы — калі адчыняюцца дзьверы»

Уплывовая эўрапейская чыноўніца распавяла, што па адукацыі яна настаўніца нямецкай літаратуры і гісторыі, і калегі кажуць, што «настаўніцкая прырода» праяўляецца ў яе і цяпер. На дыпляматычную службу Андрэа паступіла ўжо пасьля 30 гадоў, і першымі яе дзяржавамі былі краіны Балтыі. А з 2000 па 2003 год яна была намесьніцай кіраўніка дыпляматычнай місіі ФРГ у Беларусі. Таму яна ведала, што рабіла, калі ў 2015 годзе падавала заяўку на працу ў Беларусі ўжо ў якасьці прадстаўніка Эўразьвязу:

«У верасьні мінулага году я зноў вярнулася ў Беларусь. І калі я толькі прыехала, мне здавалася, што я знаходжуся на Месяцы ці хаджу па іншай плянэце. І не таму, што я ня ведаю Беларусь — проста я прыехала зь іншай місіяй, я прыехала з сыстэмы, дзе былі двухбаковыя адносіны, у сыстэму, дзе я прадстаўляю Эўразьвяз, які складаецца са шматлікіх краін», — патлумачыла спадарыня Віктарын.

Сустрэча з Андрэа Віктарын
Сустрэча з Андрэа Віктарын

Працаваць у Беларусі ёй цікава:

«Цягам апошняга году мы назіраем значнае паляпшэньне адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. І гэта вельмі спрыяльны, добры час, каб пачынаць дыпляматычную працу — калі адчыняюцца дзьверы, зьяўляюцца магчымасьці, каб нешта ствараць. Паляпшэньні пачаліся, калі выпусьцілі палітзьняволеных у жніўні 2015 году. Паляпшэньнем можна назваць і правядзеньне выбараў, скажу так — свабодных ад гвалту. Іншымі словамі, ёсьць вялікі патэнцыял у вашай краіне — каб выбары сталі свабоднымі і справядлівымі. Так што цяпер зьявіліся магчымасьці, каб скасаваць большасьць абмежавальных захадаў супраць беларускіх уладаў і пачынаць адбудоўваць адносіны на пазытыўнай ноце.

І калі вы спытаецеся, што адрозьніваецца ў цяперашняй Беларусі ад таго, што я бачыла 15 гадоў таму, я скажу пра адраджэньне інтарэсу да ўсяго нацыянальнага. 15 гадоў таму тут цяжка было сустрэць чалавека, які размаўляў па-беларуску. Толькі „дрэнныя апазыцыянэры“ размаўлялі на мове. Людзі ня вельмі ганарыліся, што яны беларусы.

...Я ўзгадваю пахаваньне Васіля Быкава ў 2003 годзе, мы бачылі, як яно адбывалася, бо Дом літаратара знаходзіцца недалёка ад нямецкай амбасады. Была незвычайная атмасфэра, я дагэтуль памятаю, як улады спрабавалі гэта „прыглушыць“...»

«У здаровай дэмакратыі людзі імкнуцца абараняць свае правы і адкрыта выказваць сваю пазыцыю»

Не падабаецца эўрапейскаму палітыку тое, што многія інтэлектуалы, бізнэсоўцы, высокаадукаваныя людзі, якія ведаюць замежныя мовы, займаюць высокія пасады, ня хочуць займацца палітыкай:

«Яны кажуць, што палітыка — не для іх. Я зьвязваю гэта з тым, што адбылося ў 2010 годзе, калі жорстка была разагнаная Плошча. Але ў здаровай дэмакратыі людзі імкнуцца абараняць свае правы і адкрыта выказваць сваю пазыцыю, свае меркаваньні.

І цяпер мы спрабуем усталяваць кантакты паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладамі. Мы зьбіраем іх разам, каб яны кантактавалі, дыскутавалі, і я вельмі рада, што яны размаўляюць, а не шпурляюцца адзін у аднаго памідорамі. Гэта першы крок. Заўсёды зьяўляюцца добрыя ідэі падчас такіх кантактаў. І пачынаць трэба з малога, а не абавязкова з прэзыдэнцкіх выбараў ці чагосьці маштабнага. Пачынаць трэба з малых перамен у сябе ў горадзе, мястэчку».

Кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ сказала, што на наступным тыдні ў Беларусь прыяжджае чарговая дэлегацыя Эўразьвязу. І гэтым разам яны будуць абмяркоўваць з прадстаўнікамі Беларусі практычнае пытаньне — як і чым Эўразьвяз можа дапамагчы. На думку спадарыні Віктарын, вельмі важна, каб у такія перамовы была ўцягнута грамадзянская супольнасьць, прыватны сэктар, бізнэс:

«І тое, што трэба ведаць кожнаму — я, магчыма, паўтараючы гэта, камусьці дзейнічаю на нэрвы: Эўразьвяз — гэта саюз каштоўнасьцяў. Я заўсёды гэта падкрэсьліваю. Часта задаецца пытаньне, ці Беларусь эўрапейская краіна. Ваш прэзыдэнт сказаў, што Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Эўропы. І мы чакаем ад вас, што вы будзеце прытрымлівацца эўрапейскіх каштоўнасьцяў, унівэрсальных каштоўнасьцяў, якія вызнае Эўропа».

«Зь Міністэрствам юстыцыі мы не знаходзім паразуменьня»

На думку спадарыні Віктарын, пачынаць трэба з рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Яна не разумее, чаму так складана дазволіць рэгістрацыю грамадзкім арганізацыям, палітычным партыям, якія просяць легалізаваць іх дзейнасьць:

«У нас нядаўна была дыскусія зь Міністэрствам юстыцыі, і, шчыра кажучы, мы не зусім знайшлі паразуменьне зь іх прадстаўнікамі. Мы расказалі, як проста робіцца гэта ў нашай сыстэме. Калі арганізацыя настолькі, прабачце, дурная, што ня можа правільна аформіць дакумэнты, міністэрства дапамагае ім гэта зрабіць. Яны адказалі, што гэта, маўляў, ня іх справа. Так што не паразумеліся! Але мы будзем працягваць уздымаць гэтае пытаньне і надалей».

«Эўразьвяз шмат увагі аддае правам чалавека ў Беларусі. У Беларусі суды залежныя ад улады, несамастойныя. Ці разглядаецца ў гэтым кантэксьце сыстэма правасудзьдзя?» — пытаецца Ірына з Лагойску:

«Мы вельмі добра разумеем, што сыстэма судоў павінна быць незалежнай, і прадстаўніцтва ААН, прадстаўніцтва Эўразьвязу стварылі новы фармат абмеркаваньня доступу да правасудзьдзя і вяршэнства права. Мы прапануем сваю падтрымку ў межах гэтай ініцыятывы. Але патрэбныя крокі з боку беларускіх уладаў.

«Я перажыла стан шоку, даведаўшыся пра пакараньне сьмерцю яшчэ двух чалавек»

30 лістапада Эўразьвяз выступіў з афіцыйнай заявай наконт сьмяротных прысудаў, якія былі прыведзеныя ў выкананьне зусім нядаўна. Андрэа Віктарын так пракамэнтавала гэта:

«На гэтым тыдні я была вельмі засмучаная, калі даведалася, што яшчэ двух чалавек расстралялі, прывялі ў дзеяньне прысуды аб сьмяротным пакараньні. Паводле праваабарончага цэнтру „Вясна“, магчыма, і трэцяга расстралялі. Вядома, кожная краіна сама вырашае гэтыя пытаньні для сябе.

Але для мяне асабіста, для Эўрапейскага Зьвязу гэта абсалютна непрымальная мера. Хоць, магчыма, чалавек і зьдзейсьніў цяжкое злачынства, але нельга караць яго сьмерцю. І трэба памятаць пра семʼі, пра тое, што адбываецца зь іх роднымі, сваякамі. На гэтым тыдні я перажывала стан шоку, заглыбляючыся ў гэтую сытуацыю. І мы з калегамі будзем змагацца за адмену сьмяротнага пакараньня ў вас. Трэба памятаць, што ахвярамі становяцца семʼі — нават ня самі злачынцы. Іх семʼі церпяць больш за ўсё, іх бацькі прыходзяць у турму зь перадачамі, пасылкамі, і там даведваюцца, што іх дзіця расстралялі... Гэта жахліва».

«Я маю румынскія карані і памятаю часы Чаўшэску»

Пытаньні да кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі гучалі самыя розныя — ад праблемы наркотыкаў, нелегальных мігрантаў да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

На пытаньне хлопца з правінцыі, што Віктарын можа параіць маладым людзям, якія гатовыя рабіць зьмены, але ня ведаюць, з чаго пачаць, і да таго ж баяцца ўладаў, яна адказала так:

«Я разумею, чаму было зададзена гэтае пытаньне, і разумею, чаму людзі сыходзяць у цень. Я сама маю румынскія карані, частка маёй сямʼі з Румыніі, мы жылі пры Чаўшэску. Я памятаю, як людзі маўкліва сядзелі па сваіх кутах, не выходзілі на публіку — няма такога жаданьня, калі над табой вісіць небясьпека.

Я прыйшла таксама да высновы, што гэта недапушчальна, калі грамадзянскую супольнасьць, недзяржаўныя арганізацыі заганяюць у кут і разглядаюць іх як дзіўныя ці небясьпечныя. Трэба даваць людзям магчымасьць, каб яны прапаноўвалі свае ідэі. І вучыць іх, як генэраваць добрыя прапановы, таму што не заўсёды яны ўмеюць гэта рабіць. Мы хочам даць неабходныя інструмэнты грамадзянскай супольнасьці, каб прэзэнтаваць гэтыя ідэі. Знайдзіце сьмеласьць, каб выказаць свае меркаваньні. Ня трэба хутка рухацца — рабіце гэта павольна», — кажа Андрэа Віктарын.

«Я была засмучаная, калі Лукашэнка сказаў, што не зацікаўлены ні ў якіх Балёнскіх працэсах»

Яўген з Задзіночаньня беларускіх студэнтаў запытаўся пра Балёнскі працэс, пра тое, што грамадзкі сэктар і саміх студэнтаў не дапускаюць да абмеркаваньня рэформаў. На яго думку, рэформы зробленыя на 7%. І папрасіў прадстаўніцу Эўразьвязу ў Беларусі зрабіць так, каб студэнтаў далучылі да абмеркаваньня. Андрэа Віктарын адказала:

«Па-першае, я не вырашаю гэтае пытаньне, не магу наўпрост паўплываць на гэта. Але сюды прыяжджаюць экспэрты, якія ацэньваюць стан рэчаў, і важна, што Беларусь адкрываецца. Адбылася альтэрнатыўная канфэрэнцыя, якую арганізаваў Уладзімер Дунаеў, я выступала на гэтай канфэрэнцыі. І я цалкам згодная, што трэба інтэграваць грамадзянскую супольнасьць, саміх студэнтаў у абмеркаваньне праблем адукацыі.

Але я была засмучаная, калі ваш прэзыдэнт у парлямэнце сказаў: „А што такое Балёнскі працэс? Мы не зацікаўленыя ні ў якіх Балёнскіх працэсах“. На самой справе Балёнскі працэс адкрывае доступ да тэхналёгіяў, дае магчымасьць навуковага супрацоўніцтва. І з нашага боку ёсьць інтарэс да супрацоўніцтва. Трэба, каб дыскусія працягвалася».

«Праграма Ўсходняга партнэрства распрацаваная ня дзеля таго, каб супрацьстаяць вашаму ўсходняму суседу»

Малады чалавек з Магілёва запытаўся, ці лічыць эўрапейскі палітык цяперашні складаны час спрыяльным для перамен:

Я думаю, цяжкая эканамічная сытуацыя прымушае нават тых людзей, якія не лічылі, што патрэбныя рэформы, зьмяніць свае погляды

«Я думаю, цяжкая эканамічная сытуацыя прымушае нават тых людзей, якія не лічылі, што патрэбныя рэформы, зьмяніць свае погляды. Людзі ўжо гатовыя да перамен, да рэформаў. І трэба рухацца, хаця б павольна, крок за крокам.

Вельмі важна падкрэсьліць, што Эўразьвяз прапануе партнэрства ня супраць кагосьці яшчэ. Напрыклад, праграма „Ўсходняга партнэрства“ распрацаваная ня дзеля таго, каб неяк супрацьстаяць вашаму ўсходняму суседу. Я думаю, што цяпер у вас у Беларусі склалася такая сытуацыя, якая спрыяе разьвіцьцю і зьменам. 15 гадоў таму я спрабавала пераканаць многіх, што неабходна спрыяць разьвіцьцю малых і сярэдніх прадпрыемстваў, што гэта дапаможа аздаравіць эканоміку, але тады я ня ўбачыла вялікага інтарэсу. А цяпер ёсьць інтарэс, і ў мяне склалася ўражаньне, што да нас прыслухоўваюцца, што ў гэтым кірунку ёсьць магчымасьці.

На мінулым тыдні ваш міністар эканомікі быў у Парыжы на міжнароднай канфэрэнцыі Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і разьвіцьці, і там абмяркоўвалася „дарожная мапа“ па стварэньні малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якая была распрацаваная зь фінансавай дапамогай ЭЗ. І ў гэтым пляне вы рухаецеся ў правільным кірунку».

«Ня вельмі аптымальны шлях — беларусу ехаць у Эўропу як мігранту»

Прадпрымальнік Юрась кажа, што глядзіць канал Euronews, дзе ідзе шмат рэпартажаў пра нелегальных мігрантаў, шмат сродкаў выдзяляецца на сацыялізацыю мігрантаў, на дапамогу ім. Але шмат хто зь іх не жадае працаваць. А ён — беларус, які жадае працаваць:

«Калі глядзець з практычнага пункту гледжаньня, чалавек зь Беларусі прыяжджае ў ЭЗ і гатовы працаваць і плаціць падаткі, а мігранту, які ня хоча працаваць, аказваюць дзяржаўную дапамогу. Які шлях лепшы: атрымліваць падаткі з таго, хто працуе, ці даваць дапамогу гультаю?» — пытаецца Юрась.

«У вас ёсьць тэрмін — „дармаеды“, сацыяльныя паразыты, які мне ня вельмі падабаецца. У нас у Эўропе праблемы зь мігрантамі праз тое, што ў некаторых рэгіёнах, да прыкладу, у Сырыі, ідзе вайна, і людзі ўцякаюць ад вайны на Захад. Гэта не эканамічныя мігранты, якія хочуць знайсьці на Захадзе лепшыя ўмовы жыцьця, а людзі, якія ўцякаюць ад сьмерці. І мы менавіта такіх прымаем у сябе і ім даем прытулак. Але вакол гэтага ідзе шмат прапаганды, і прапагандысты выкарыстоўваюць такія выразы, якія мы лічым непрымальнымі.

На маю думку, гэта ня вельмі аптымальны шлях — беларусу ехаць у Эўропу як мігранту. Па-першае, наша заканадаўства адносна мігрантаў вельмі складанае, каб атрымаць працу. Атрымаць законны прытулак цяжка. Але можна атрымаць стыпэндыю — вучыцца, набыць працоўны вопыт і вярнуцца назад. Ёсьць шмат праграмаў, мы адкрытыя для Беларусі. Мы ведаем, што беларусы любяць сваю краіну, і, як правіла, яны вяртаюцца назад. І гэта правільна, што вы атрымліваеце веды, досьвед у Эўропе і выкарыстоўваеце гэта ўсё на радзіме».

«Наколькі мне вядома, сама Беларусь ня хоча ўступаць у Эўрапейскі Зьвяз»

На пытаньне, якія ёсьць пэрспэктывы для ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз, ці ёсьць у краіны шанцы стаць паўнавартасным сябрам ЭЗ, Андрэа Віктарын адказала так:

«Гэта пытаньне ня сёньняшняга дня. Наколькі мне вядома, сама Беларусь ня хоча ўступаць у Эўрапейскі Зьвяз. Але я нічога не выключаю. На гэты момант трэба засяродзіцца на тым, каб палепшыць нашы адносіны, зрабіць пэўныя крокі. Але, паўтаруся, на дадзены момант гэтае пытаньне не стаіць».

Ці можна спадзявацца на зьніжэньне кошту візаў для беларусаў да 35 эўра замест 60, бо 60 — гэта нават больш за сярэднюю стыпэндыю? Размовы ідуць даўно, але нічога не мяняецца, кажуць студэнты:

«Я ведаю пра высокія кошты шэнгенскіх візаў. Мы працуем над пагадненьнем аб спрашчэньні візавага рэжыму. Але трэба разумець, што гэтае пагадненьне зьвязанае зь іншым пагадненьнем — аб рэадмісіі, вяртаньні мігрантаў, якіх не прымаюць у Эўропе, у свае краіны. Гэтыя дакумэнты павінны быць падпісаныя разам. Мы дамовіліся аб тым, што пройдуць тэхнічныя кансультацыі з экспэртамі. Было нейкае непаразуменьне. Але, я спадзяюся, у наступным годзе будуць зрухі, дакумэнты будуць падпісаныя».

«Доўгі час немцы не ўздымалі свае сьцягі і не сьпявалі свой нацыянальны гімн»

Студэнты таксама цікавяцца, калі і пры якіх умовах Нямеччына прыйшла да дэмакратыі. Спадарыня Віктарын кажа:

«У Нямеччыны доўгая гісторыя. Спрабавалі прыняць добрую Канстытуцыю пасьля Першай усясьветнай вайны, але скончылася ўсё Трэцім рэйхам. У Нямеччыне з гэтай прычыны своеасаблівае стаўленьне да слова „рэфэрэндум“ — вы памятаеце з гісторыі пра Вэймарскую рэспубліку. І я хачу ўзгадаць у сувязі з гэтым дзень вызваленьня, які мы сьвяткуем — 8 траўня, калі Нямеччына была вызвалена ад нацызму.

Пасьля вайны мы паспрабавалі стварыць сыстэму гарантыяў, каб прадухіліць некаторыя рэчы, якія мелі месца дагэтуль у Нямеччыне. Нам спатрэбілася шмат часу, каб прыняць сваё мінулае. Я езьдзіла на ўшанаваньне памяці габрэяў у гета ў Бабруйску. Мяне вельмі кранула тое, што я там убачыла і пачула. Я, канечне, прадстаўляю ў Беларусі Эўрапейскі Зьвяз, але я — грамадзянка Нямеччыны і ніколі не забуду, што адбывалася падчас вайны. І менавіта з гэтай прычыны я стала настаўніцай нямецкай гісторыі і літаратуры. Для немцаў было вельмі цяжка прыняць сваю гісторыю і пачаць ганарыцца сваёй краінай. Доўгі час немцы не ўздымалі свае сьцягі і не сьпявалі свой нацыянальны гімн. Трэба было вучыцца зноў ганарыцца прыналежнасьцю да свайго народу. Гэта быў вельмі цяжкі і доўгі шлях. І цяпер у нас досыць складаныя часы. Па ўсёй Эўропе ўзьнікаюць крайне правыя рухі — у Нямеччыне, Францыі, іншых краінах. І таму трэба быць вельмі пільнымі і асьцярожнымі».

«Краіны Балтыі зрабілі правільны выбар, уступіўшы ў Эўразьвяз»

«Калі б краіны Балтыі не ўступілі ў ЭЗ, а засталіся нэўтральнымі — наколькі б яны прасунуліся?» — пытаецца Дзяніс:

«Я маю асаблівае стаўленьне да краін Балтыі, там пачалася мая дыпляматычная карʼера, я там шмат гадоў працавала. Я захапляюся іх мужнасьцю. Яны былі першыя сярод роўных, што тычыцца ўрэгуляваньня крызісу. Калі я першы раз працавала ў Рызе на пачатку 1990-х, я ня думала, што так хутка Латвія далучыцца да ЭЗ. Але гэта было правільнае рашэньне. Дзякуючы гэтаму вельмі паднялася іх эканоміка. Але вельмі сурʼёзную ролю адыгралі пытаньні бясьпекі — Латвія лічыць, што яна ў большай бясьпецы, знаходзячыся ў Эўразьвязе і зьяўляючыся часткай НАТО».

«У 2010 годзе не было памылкі, мы вымушаныя былі зрабіць абмежавальныя захады»

«Ці асэнсаваў Эўрапейскі Зьвяз памылковасьць палітыкі зачыненых дзьвярэй у адносінах да Беларусі, паколькі гэтая палітыка пазбаўляе Беларусь альтэрнатывы і штурхае ў абдымкі ўсходняга суседа?» — пытаецца Дзяніс і просіць спадарыню Віктарын выказацца наконт ідэі па працягваньні тэрміна паўнамоцтваў прэзыдэнта і даць наконт гэтага сыгнал Захаду:

«Я б хацела запярэчыць. Мы не прыйшлі да высновы, што наша палітыка была няправільнай — у 2010 годзе тысячы людзей былі зьбітыя і сотні кінутыя ў турмы. Мы вымушаны былі зрабіць абмежавальныя захады. Вы можаце не пагаджацца, гэта ваша права, але я ня згодная, што была памылка. Калі мы ўвялі санкцыі, мы зрабілі ўсё правільна. Але нам патрэбная была стратэгія выхаду з гэтай палітыкі. І ключавым пытаньнем было вызваленьне палітвязьняў. Калі гэта адбылося — мы зьмянілі палітыку.

Што да працягу прэзыдэнцкага тэрміну, на дадзены момант гэта чуткі. Трэба пачакаць, што будзе далей. Пакуль гэта чуткі, тое, што прапаноўвае Гайдукевіч, мой „любімы“ апазыцыйны палітык.

Мы таксама настойваем на рэформе выбарчага заканадаўства. Калі зьменіцца гэта, зьменіцца і шмат што іншае».

«У Беларусі ёсьць праблема і з наркотыкамі, і з алькаголем»

Сяргей прадстаўляе ініцыятыву «Маці супраць наркотыкаў». Ён называе «генацыдам» тое, што ў зьняволеньні знаходзіцца больш за 8 тысяч незаконна асуджаных за наркотыкі, і сярод зьняволеных шмат падлеткаў ад 14 гадоў. Як змагацца з гэтым?

«Я б не выкарыстоўвала ў гэтым зьвязку слова «генацыд». Генацыд — зьнішчэньне ўсяго народу. Неабходна клапаціцца пра моладзь. У вашай краіне ёсьць праблема і з наркотыкамі, і з алькаголем. З алькагольнай залежнасьці ўсё пачынаецца — гарэлка ў вас таньнейшая за ваду. Наступнае пытаньне — як адрозьніць спажыўцоў наркотыкаў ад прадаўцоў, распаўсюднікаў. Мы сочым, гаворым пра праблему.

«Беларусы пачынаюць цаніць сваю спадчыну. Ганарыцеся сваім!»

Студэнтка Наста выказвае меркаваньне, што ў Беларусі востра стаіць пытаньне мовы, культуры, нацыянальнай ідэнтычнасьці. ЭЗ мае вопыт стварэньня мультыкультурнага грамадзтва, якое ўлічвае інтарэсы кожнага чалавека, а Беларусі такога досьведу не хапае. Яна просіць спадарыню Віктарын падзяліцца эўрапейскім досьведам:

«Трэба разумець, што ўсё гэта працэс, працэс фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці. І гэта таксама яшчэ пытаньне талерантнасьці. У нас у Эўропе ёсьць лёзунг: мы разам, абʼяднаныя ў разнастайнасьці. Адзін Зьвяз, але ўсе сябры маюць сваю культуру і ідэнтычнасьць.У нас вітаецца культурная разнастайнасьць, хоць ня ўсё так проста з нацыянальнай ідэнтычнасьцю. У Нямеччыне ёсьць падзел на поўнач і поўдзень, і таксама ідуць спрэчкі пра нацыянальную ідэнтычнасьць.

Але я скажу вам камплімэнт. Калі я працавала тут 15 гадоў таму, было горш. У Віцебску, напрыклад, не гаварылі пра мастака Марка Шагала, гонар Беларусі, які там нарадзіўся. А цяпер я бачу, што беларусы пачынаюць цаніць сваю спадчыну. Вучыцеся талерантнасьці — і ганарыцеся сваім».

«Калі б мне 5 гадоў таму сказалі, што Расея захопіць Крым — я б ніколі не паверыла»

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч кажа, што імідж Беларусі мяняецца:

«Раней у Эўропе ведалі, што Беларусь — гэта апошняя дыктатура, а цяпер імідж краіны мяняецца ў лепшы бок, імідж дыктатуры зьмяніўся на імідж мірнай пляцоўкі для перамоваў. Наколькі гэта можа паспрыяць разьвіцьцю Беларусі?»

«Эўрапейскі Зьвяз прызнае пазытыўную ролю Беларусі ў вырашэньні і ўрэгуляваньні ўкраінскага канфлікту. Беларусь не ўвяла эканамічныя санкцыі, якія ўвяла Расея супраць Эўропы.

Я сама была ў шоку ад таго, што здарылася ва Ўкраіне і ў адносінах паміж Расеяй і Ўкраінай. Я ж працавала з Расеяй, і калі б мне 5 гадоў таму сказалі, што Расея захопіць Крым — я б ніколі не паверыла гэтаму, сказала б, што гэта поўнае варʼяцтва. І гэта нармальная рэакцыя, калі краіны імкнуцца абараніць сваю незалежнасьць і павялічыць узровень сваёй бясьпекі ў гэтых складаных умовах. Мы цэнім тое, што Беларусь робіць дзеля замірэньня бакоў, якія варагуюць. Ваш прэзыдэнт прапануе Менскі працэс па аналёгіі з Хэльсынскім працэсам. Я, шчыра кажучы, канечне, не зусім разумею, што гэта значыць, у чым сэнс ягонай прапановы. Але тое, што ёсьць ініцыятыва — гэта добра, прапаноўваць варыянты разьвязаньня.

Для Эўропы ёсьць адна чырвоная рыса, якую мы ніколі не пераскочым — гэта павага да тэрытарыяльнай цэласнасьці. Мы ніколі ня прымем, што Крым быў адабраны ва Ўкраіны. І мы ўдзячныя Беларусі, што яна прымае перамовы па ўрэгуляваньні гэтага крызісу, хоць гэтыя перамовы і вельмі цяжкія».

«Мы ня можам чытаць лекцыі вашаму прэзыдэнту. Але мы вельмі адкрыта гаворым пра правы чалавека»

На просьбу назваць станоўчыя і адмоўныя тэндэнцыі спадарыня Андрэа Віктарын адказала так:

«Я назіраю за сытуацыяй у Беларусі зь вялікай сымпатыяй, я ўражаная вашым народам. Кажучы пра недахопы, не скажу, што гэта памылкі. Я скажу, над чым трэба працаваць. Калі пра Беларусь гавораць як пра апошнюю дыктатуру ў Эўропе, гэта ніяк не дапамагае зьменам у самой Беларусі. У Нямеччыне гэта выказваньне, так бы мовіць, „з доўгай барадой“, і яно контрапрадуктыўнае. Мы бачым пазытыў, які ёсьць у Беларусі. Мы ня можам чытаць лекцыі вам і вашаму прэзыдэнту. Але мы вельмі адкрыта гаворым пра правы чалавека і пастаянна ўздымаем гэтае пытаньне. Трэба разьвіваць дэмакратыю, якая пачынаецца зьнізу».

Андрэа Віктарын нарадзілася ў Боне ў 1957 годзе. Спачатку атрымала адукацыю настаўніцы, у 1989 годзе паступіла на дыпляматычную службу ў МЗС. Працавала ў амбасадах Нямеччыны ў Эстоніі, Латвіі, Нідэрляндах. З 2000 па 2003 год была намесьнікам кіраўніка дыпляматычнай місіі ФРГ у Беларусі. Потым вярнулася на радзіму — працавала ў палітычным дэпартамэнце нямецкага МЗС. З 2007 па 2009 год была амбасадарам ФРГ у Армэніі, з 2012 году — нямецкім амбасадарам у Латвіі. У 2015 годзе перайшла ў сыстэму Эўразьвязу, падала заяўку, каб ачоліць прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. І з восені 2015 году зноў працуе ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG