Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэп ЗША не выключае вяртаньня амбасадара ў Беларусь, але пра канкрэтныя тэрміны ня кажа


Брыджыт Брынк, Робэрт Бяршынскі
Брыджыт Брынк, Робэрт Бяршынскі

У Менску з афіцыйным візытам знаходзяцца прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША: намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Брыджыт Брынк і намесьнік памочніка дзяржсакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робэрт Бяршынскі.

Візыт высокапастаўленых амэрыканскіх чыноўнікаў доўжыўся два дні. Брыджыт Брынк і Робэрт Бяршынскі сустрэліся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, прадстаўнікамі прэзыдэнцкай адміністрацыі, лідэрамі апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, праваабаронцамі з БХК і «Вясны», а таксама наведалі Курапаты.

Спадарыня Брынкс адзначыла, што ўсе сустрэчы і абмеркаваньні мелі пазытыўны, канструктыўны характар і вельмі яе натхнілі і абнадзеілі:

«Пасланьне, якое мы хацелі данесьці, заключалася ў тым, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць незалежнасьць Беларусі і яе намаганьні на шляху да далейшай дэмакратыі і росквіту. У адказ на вызваленьне палітвязьняў, якое адбылося пры канцы жніўня, ЗША ў каардынацыі з Эўразьвязам прыпынілі санкцыі ў дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Гэты крок носіць абмежаваны характар, ён збольшага арыентаваны на будучыню і мае на мэце падтрымку беларускай эканомікі. Мы цьвёрда перакананыя, што наступныя пазытыўныя крокі толькі ўмацуюць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, якія Злучаныя Штаты безумоўна і цалкам падтрымліваюць і якія замацуюць фундамэнт для паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША».

Робэрт Бяршынскі адзначыў, што гэты візыт адбыўся ў вельмі важны момант для абедзьвюх краінаў. Ён таксама лічыць гэты візыт у Беларусь надзвычай прадуктыўным. Але калі сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй будзе пагаршацца, санкцыі могуць быць вернутыя.

На ўдакладняльнае пытаньне журналістаў, ці задавальняе амэрыканцаў толькі вызваленьне палітвязьняў — маўляў, раней Эўразьвяз і ЗША настойвалі ня толькі на вызваленьні, але і на рэабілітацыі палітзьняволеных, — Робэрт Бяршынскі адказаў: стаўленьне не зьмянілася, ЗША настойваюць на рэабілітацыі палітвязьняў. А вось на просьбу журналістаў усё ж такі ўдакладніць, якія канкрэтныя крокі ЗША могуць зрабіць у адказ, калі гэтая ўмова ня будзе выкананая, Робэрт Бяршынскі кажа:

ЗША настойваюць на рэабілітацыі палітвязьняў

«Мы яшчэ не на тым этапе, каб засяроджвацца на канкрэтыцы. Але размова пачатая, і спадзяюся, што празь месяц-два ў Вашынгтоне працягнуцца двухбаковыя беларуска-амэрыканскія кансультацыі зь беларускімі афіцыйнымі асобамі.

Але, нягледзячы на тое, што ў нас няма пакуль больш канкрэтных дэталяў, мы вядзем абмеркаваньне зь беларускімі ўладамі, у прыватнасьці, па выбарчым заканадаўстве, а таксама што тычыцца свабоды сходаў і палёгкі ў рэгістрацыі палітычных партыяў».

Амэрыканскія чыноўнікі паведамілі, што зь нецярпеньнем будуць чакаць канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЭ аб прэзыдэнцкіх выбарах і будуць вельмі ўважліва сачыць за тымі зьменамі, які будуць адбывацца перад парлямэнцкімі выбарамі 2016 году ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі, якія дасьць АБСЭ.

Натуральна, журналісты запыталіся, ці будзе вернуты амбасадар, бо цягам апошніх сямі гадоў у Беларусі працуюць толькі часовыя павераныя. Спадарыня Брыджыт Брынк адказала, што ўсё магчыма. Пра дэталі, якія абмяркоўваюцца на ўзроўні дыпляматаў, яна паведамляць ня стала:

«Я б сказала, што ўсё магчыма, але няхай гэта будзе такое пакрокавае разьвіццё падзей... Абмеркаваньне пакрокавасьці толькі-толькі пачалося. Таму на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі мы не гаварылі пра такія канкрэтныя і прадметныя рэчы. Фокус нашых абмеркаваньняў быў скіраваны на агульную нармалізацыю адносінаў, наколькі гэта магчыма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG