Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пабачыў добры знак з Брусэля


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Добрым знакам» назваў у размове са Свабодай сёньняшнюю сустрэчу з новай кіраўніцай прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Менску, нямецкай дыпляматкай Андрэа Віктарын лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Яна ў панядзелак афіцыйна прыступіла да выкананьня сваіх абавязкаў, а ўжо сёньня адбылася сустрэча з намі. І гэта сапраўды добры знак, калі параўноўваць зь яе папярэдніцай — Майрай Морай з Латвіі.

Спадарыня Віктарын пагадзілася з тым, што зь яе боку павінен быць балянс увагі да ўладаў, апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Яна сказала, што адкрытая да любой, нават крытычнай размовы. І гэта прынцыповая пазыцыя новага кіраўніцтва прадстаўніцтва, бо ў спадарыні Віктарын і новы намесьнік. Нам такі падыход спадабаўся, бо апошнім часам быў такі моцны перакос, калі Майра Мора не вылазіла з будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі».

Акрамя Лябедзькі, у размове ўдзельнічалі Ўладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч і Юрась Губарэвіч, які замяніў запрошанага Аляксандра Мілінкевіча. Зь іхніх словаў, кіраўніца прадстаўніцтва паведаміла, што рашэньне па так званым «чорным сьпісе» беларускіх чыноўнікаў яшчэ канчаткова не прынятае. Яно адкладзенае да канца кастрычніка. У Брусэлі лічаць, што патрэбны нейкі час і пасьля выбараў, каб паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі далей.

«Для яе было вельмі важна пачуць нашу пазыцыю па гэтым пытаньні. І яна пагадзілася з тым, што гэтых выбараў недастаткова, каб яны сталі галоўным крытэрам таго, ці зьмянілася сытуацыя ў Беларусі. Вельмі важна прывязаць сытуацыю да парлямэнцкай кампаніі 2016 году.

Я сказаў, што мы маем намер яшчэ раз супольна выставіць уладам свае зьмены да выбарчага заканадаўства. І ва ўладаў ёсьць шэсьць месяцаў, каб іх прыняць і правесьці ў 2016 годзе паўнавартасную парлямэнцкую кампанію.

Вакол гэтага і ішла пераважна размова. Коратка далі ацэнку гэтай кампаніі. Але на ёй не зацыкліваліся, бо тут для нас усё відавочна. І агульная ацэнка была таксама супольная — гэта ня выбары, а нейкая абракадабра», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Андрэа Віктарын
Андрэа Віктарын

Андрэа Віктарын на дыпляматычнай службе з 1989 году. У Беларусі яе некаторыя добра ведаюць, бо тут яна працавала цягам трох год у амбасадзе Нямеччыны. Дарэчы, і яе намесьнік Джым Казэнс таксама раней працаваў у Беларусі. І таксама ў амбасадзе, але — Вялікай Брытаніі.

А Майра Мора, ад’яжджаючы зь Менску, адзначыла, што пакідае Беларусь на хвалі паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам.

«Жадаю, каб адносіны такімі заставаліся і ў далейшым, таму што мы суседзі і павінны жыць у міры і згодзе. Я пакідаю сваю любімую Беларусь у вельмі добрых руках», — сказала яна 24 жніўня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, маючы на ўвазе сваю пераемніцу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG