Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгоні правядзе інспэкцыю ў Беларусі


Андрэа Рыгоні, архіўнае фота

Андрэа Рыгоні, архіўнае фота

Сёньня ў Менск прыляцеў спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі, італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні.

Цягам трох дзён ён правядзе шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўладных структур і дэмакратычнай грамадзкасьці. Папярэднюю справаздачу пра вынікі візыту ў Беларусь Рыгоні прадставіць 18 сакавіка палітычнаму камітэту Парлямэнцкай Асамблеі. Пазьней адбудзецца і прэзэнтацыя ягонага поўнага дакладу на пленарным паседжаньні Асамблеі. Спэцдакладчык выкажа сваю думку пра тое, ці заслугоўвае Беларусь вяртаньня ёй статусу спэцыяльна запрошанага, які замарожаны са студзеня 1997 году.

55-гадовы італьянскі дэпутат Андрэа Рыгоні ўжо другі раз абраны спэцдакладчыкам па Беларусі. Гэта — рэдкі выпадак, калі дэпутат вяртаецца на адну і тую ж пасаду. Паміж першай і другой кадэнцыямі Рыгоні спэцдакладчыкам быў эстонскі дэпутат Андрэс Хэркель. Але летась яго не пераабралі ў склад нацыянальнай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі.

Беларускі палітык Вінцук Вячорка асабіста ведае і Андрэса Хэркеля, і Андрэа Рыгоні. Ён кажа, што гэта вельмі розныя людзі:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Андрэс Хэркель быў адным з адэкватных і дарэчных людзей на гэтай пасадзе. Ён быў галоўным рэдактарам часопіса Vikkerkaar („Радуга“). У апошнія гады перад развалам савецкай імпэрыі гэты часопіс быў вельмі папулярны і ў нас — як цэнтар інтэлектуальных пошукаў тых, хто, уласна кажучы, ствараў Народны Фронт Эстоніі. Хэркель мае практычны досьвед барацьбы з дыктатурай за незалежнасьць сваёй краіны. Таму ён абсалютна разумее нас, тых, хто змагаецца за незалежную, дэмакратычную Беларусь, якая абірае эўрапейскі шлях разьвіцьця, а ня „русский мир“.

Што да спадара Рыгоні, то я добра памятаю, як на выязным паседжаньні дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі ў Кіеве ён ухіляўся ад сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазыцыі. У рэшце рэшт тая сустрэча адбылася. І ўжо тады было бачна, што гэты чалавек, а ён тады ішоў на сваю першую кадэнцыю, не зьбіраецца адстойваць дэмакратычныя каштоўнасьці, а робіць акцэнт на супрацу з уладай. Думаю, што цяпер у сілу страты з розных прычын суб’ектнасьці беларускай палітычнай апазыцыі гэта будзе выяўляцца значна больш выразна. І таму ён задавальняе беларускія ўлады. А вось Андрэс Хэркель, у першую чаргу з каштоўнасных прычын, не задавальняе».

25 лютага спэцдакладчык правядзе размову з прадстаўнікамі сямі дэмакратычных палітычных структураў. На яе мае запрашэньне і лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Ён кажа, што дэмакратычныя сілы выпрацавалі адзіную пазыцыю — да прэзыдэнцкай кампаніі рабіць крокі насустрач беларускай уладзе, у прыватнасьці — вяртаць статус спэцыяльнага запрошанага, было б няправільным:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне ў дэмакратычным асяродзьдзі. Я падтрымліваю думку пра тое, што прэзыдэнцкія выбары ў залежнасьці ад таго, як яны будуць адбывацца, могуць стаць нейкай падставай для прыняцьця рашэньня. Тут трэба глядзець, ці будуць пэўныя зрухі, ці будуць вызваленыя палітвязьні, ці будуць нармальныя ўмовы для вядзеньня выбарчага працэсу, ці будзе адкрытым падлік галасоў? І таму я падтрымліваю агульную нашу думку — рашэньне аб вяртаньні альбо невяртаньні Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага трэба прымаць толькі пасьля заканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў».

Статус афіцыйна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею быў замарожаны для Беларусі яшчэ ў студзені 1997 году. Такой была рэакцыя Рады Эўропы на шматлікія парушэньні пры правядзеньні лістападаўскага (1996 году) рэфэрэндуму, які ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка.

У 2009 годзе падчас сваёй першай кадэнцыі Андрэа Рыгоні прапаноўваў вярнуць Беларусі статус спэцыяльна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею. Тады ён заяўляў: «Нягледзячы на тое, што Беларусь далёкая ад стандартаў Рады Эўропы ў сфэры дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека, яе кіраўніцтва зрабіла важныя крокі ў правільным кірунку».

Прапанова была адкінута дзякуючы прынцыповай пазыцыі дэпутата з Кіпру, аўтара дакладу «Зьніклыя людзі ў Беларусі» Хрыстаса Пургурыдэса. Ён, сярод іншага, прапанаваў перагледзець прапанову Рыгоні і вылучыць дадатковае патрабаваньне аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG