Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Форуму прадпрымальнікаў далі памяшканьне. Шумчанка: «Разгортваецца народная барацьба»


Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

Рэспубліканскаму грамадзкаму аб’яднаньню «Пэрспэктыва» дазволілі правесьці форум прадпрымальнікаў 25 студзеня ў Доме культуры менскага аўтазаводу.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка.

Раней прадпрымальнікам адмовілі ў арэндзе залі Міністэрства эканомікі, хоць арэнда была нават аплачаная. Патлумачылі тым, што з 25 студзеня ў памяшканьні плянуецца правядзеньне калегіяў міністэрстваў «з удзелам першых асобаў».

Анатоль Шумчанка паведаміў, што працягваецца актыўны збор сродкаў на арэнду залі ДК МАЗа, якая мае каля тысячы месцаў.

«Арэнда залі каштуе 5,7 мільёна ў гадзіну. То бок мінімум трэба 25 мільёнаў рублёў. На форум людзі хочуць ехаць аўтобусамі, як і мінулы раз. Я думаю, заля будзе поўная, людзі нават у праходах будуць стаяць.

Цяпер ідзе дзікі працэс кансалідацыі. І пакуль улады маюць добрую магчымасьць гэта лякалізаваць, зьняць гэты працэс. А для гэтага трэба зьняць праблему. Эканамічны адказ вельмі сур’ёзны.

Людзі сядзяць дома, на працу не выходзяць, яны церпяць, але ўлады яшчэ больш церпяць, бо не атрымліваюць падаткі.

Адзін ІП плаціў недзе 5–7 мільёнаў. А незадаволенасьць у рэгіёнах: людзі прыходзяць, а гандлёвыя цэнтры не працуюць у нармальным рэжыме. Гэта ўсё барацьба, гэта ўсё праца».

Паводле Шумчанкі, прадпрымальнікі хочуць зноў сабрацца ў Менску, каб данесьці да ўладаў сваю пазыцыю.

«Мы будзем рабіць гэта столькі, колькі трэба, пакуль мы не дастукаемся і ня вернем сытуацыю ў нармальнае рэчышча, каб нармальна жыць і працаваць у нашай краіне. Тут разгортваецца народная барацьба».

На папярэднім форуме прадпрымальнікаў 11 студзеня яго ўдзельнікі ў надзеі на рашэньне праблемаў ІП, зьвязаных з указам № 222 «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі» дамовіліся не выходзіць на працу да правядзеньня наступнай сустрэчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG