Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка, апазыцыя, Курапаты, польскае ТБ: што будзе рабіць польская дэлегацыя ў Менску


Ілюстрацыйнае фота. Сэнат Польшчы
Ілюстрацыйнае фота. Сэнат Польшчы

Сьпікер Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі з дэлегацыяй прыбыў з трохдзённым візытам у Беларусь на запрашэньне старшыні Савету Рэспублікі Міхаіла Мясьніковіча.

У панядзелак, 5 сьнежня, мае адбыцца сустрэча дэлегатаў з Аляксандрам Лукашэнкам.

У праграме дэлегацыі таксама сустрэча са старшынём Савету рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам, са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам і прэм’ерам Андрэем Кабяковым, зь беларускімі палякамі і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, са студэнтамі і выкладчыкамі філфаку БДУ, візыт у РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, ушанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у менскіх Курапатах і паездка ў Нясьвіскі палац.

Мяркуецца, што польская дэлегацыя абмяркуе зь беларускімі ўладамі парлямэнцкую і рэгіянальную супрацу, эканоміку і разьвіцьцё супрацоўніцтва ў адукацыі, малы памежны рух, тэму Саюзу палякаў у Беларусі, Польскіх дамоў і школаў, пытаньне доступу беларусаў да TV Polonia.

Таксама польскі Сэнат і беларускі Савет Рэспублікі маюць падпісаць заяву аб супрацоўніцтве. Візыт мае праходзіць адначасова з ратыфікацыяй беларускім парлямэнтам міжпарлямэнцкага пагадненьня аб сумеснай працы ў галіне адукацыі.

У дэлегацыю разам са Станіславам Карчэўскім увайшлі сэнатары Яніна Сагатоўска, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлэк, Лешэк Пяхота і дэпутат Адам Андрушкевіч — сустаршыня польска-беларускай парлямэнцкай групы.

Польска-беларускія стасункі доўгі час былі замарожаныя — ад разгону Плошчы ў Менску ў 2010-м да 2016 году, калі ў сакавіку Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG