Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анатоль Шумчанка: «Улады баяцца аб’яднаньня прадпрымальнікаў і працоўных»


Анатоль Шумчанка, архіўнае фота

Анатоль Шумчанка, архіўнае фота

Суд паводле пазову полацкай прадпрымальніцы Веры Русецкай да падатковай інспэкцыі будзе прадоўжаны 3 лютага. Праз суд яна патрабуе адмяніць накладзены на яе штраф у памеры 4 мільёны рублёў за перашкоду працы падатковых органаў.

Інцыдэнт здарыўся 16 кастрычніка 2015 году, калі падаткоўцы распачалі няплянавыя праверкі на полацкім рынку ў справе выкананьня прэзыдэнцкага ўказу № 222. Лідэр прадпрымальнікаў у Полацку Генадзь Бердзянёў, які прыйшоў падтрымаць Веру Русецкую ў судзе, паведаміў Свабодзе пра ход судовага паседжаньня:

«Прадстаўнікі падатковай службы заяўлялі ў судзе, што нібыта Вера выштурхоўвала іх са свайго працоўнага месца, кідалася манэкенамі — гэта нахабная хлусьня. Нічога падобнага не было — людзі сабраліся каля яе ралета на чацьвёрты дзень праверак самі, калі ўсе стаміліся ад гэтага беззаконьня. І, галоўнае, АМАПавец, які па ўзросьце варты быць нашым сынам, заявіў тады, што, маўляў, шкадуе, што пісталета з сабой ня ўзяў. Гэта найбольш абурыла людзей, і тады пазачынялі ралеты і пайшлі ў падатковую. І пры гэтым Веру яшчэ і вінавацяць у арганізацыі супраціву. Мы сабралі б грошы, каб выплаціць гэты чатырохмільённы штраф. Але тут пытаньне прынцыповае — падаткоўцы павінны адказаць за сваё беззаконьне».

Падтрымаць Веру Русецкую ў судзе Полацку прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. У тым ліку лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» зь Менску Анатоль Шумчанка. Ён перакананы, што штраф, накладзены падатковымі органамі на Веру Русецкую, мае на мэце запалохаць гандляроў і спыніць салідарную актыўнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў:

«Такога ніколі яшчэ не было, каб падатковая служба складала адміністрацыйныя пратаколы на індывідуальнага прадпрымальніка, што ён нібыта чыніў супраціў іх працы. Гэта сродак запалохаць чалавека і людзей агулам, каб адбіць у іх жаданьне кансалідавацца і супольна адстойваць свае інтарэсы. Гэта сьвядомыя дзеяньні падатковай інспэкцыі ў адказ на салідарнасьць прадпрымальнікаў. Гэта зь іх боку прэцэдэнт, каб баяліся іншыя людзі. Я параіў бы ўсім гэтым кантралёршчыкам пачаць зь сябе і зразумець: яны ня карнікі ў гэтай дзяржаве, а яны памочнікі нам, гандлярам, каб мы прыносілі карысьць дзяржаве — і ім у тым ліку».

Як дадаў Анатоль Шумчанка, «Пэрспэктыва», не зважаючы на перашкоды, правядзе прадпрымальніцкі форум 1 лютага ў гатэльным комплексе «Пэкін». Ён таксама мяркуе, што адмова ў правядзеньні форуму ў ДК «МАЗ» зьвязаная з тым, што ўлады баяцца аб’яднаньня прадпрымальнікаў і працоўных прадпрыемства ў справе змаганьня за свае правы: за працу, заробкі і годнае жыцьцё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG