Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сахаруша: амаль паўстагодзьдзя з Радыё Свабода


Анатоль Сахаруша: амаль паўстагодзьдзя з Радыё Свабода
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:42 0:00
Наўпроставы лінк

Анатоль Сахаруша: амаль паўстагодзьдзя з Радыё Свабода

Адзін зь лідэраў «сьвіных бунтаў» у Малечы на Берасьцейшчыне Анатоль Сахаруша — апазыцыянэр з антысавецкім мінулым. Каля 50 гадоў ён слухае Радыё Свабода, у войску назваў сваім кумірам белага адмірала, з пачатку 90-х — сябра БНФ, які страціў надзею на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі пры цяперашняй уладзе.

Жыхар мястэчка Малеч Анатоль Сахаруша — знакавая постаць у Бярозаўскім раёне. Менавіта ён летась ачоліў пратэсты сялянаў супраць забароны трымаць сьвіней, якую ўвялі ўлады дзеля прафіляктыкі «афрыканскай чумы».

Вяскоўцы зьбіралі подпісы, ладзілі сходы, на якія мусілі прыяжджаць чыноўнікі і ўлагоджваць канфлікт. Падобных «сьвіных бунтаў» журналісты не апісалі ў ніводным іншым раёне краіны.

Напрыканцы 2014 году выйшла адмыслова пастанова Саўміну, якая зьменшыла вакол фэрмаў буфэрныя зоны, дзе забаронена трымаць сьвіней, з 5 кілямэтраў да 500–1000 мэтраў. Цяпер жыхары Малеча заводзяць парасят і кажуць, што дабіцца гэтага дапамог Анатоль Сахаруша.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь вясковым апазыцыянэрам.

Як Радыё Свабода давяло да знаёмства з КДБ

З 1968 году Анатоль Сахаруша слухае Радыё Свабода. Старэйшы брат падараваў яму прымач:

«Якраз „Праская вясна“ была. Я тады вучыўся на трэцім курсе Пружанскага сельскагаспадарчага тэхнікуму. А тады ж прымач быў як сёньня самы круты ноўтбук. А 24-й гадзіне радыёкропка пераставала працаваць, а мы, студэнты, праз прымач маглі слухаць музыку і ўначы. Сядзелі зь дзяўчатамі на цэнтральнай клюмбе тэхнікуму ды слухалі.

І я неяк раніцай уключыў і натрапіў, што па-беларуску ідзе перадача. Пачаў слухаць. І аднойчы я пачуў, што ў Маскве на Чырвоную плошчу выйшлі некалькі студэнтаў, якія пратэставалі супраць уводу нашых войскаў у Чэхаславаччыну. І мяне гэта настолькі зацікавіла! Што там, думаю, за студэнты, ім што, тут амэрыканцы трэба? Думаў, у каго пра гэта запытаць, і прыйшла ідэя зьвярнуцца да выкладчыка грамадазнаўства. А ён так на мяне паглядзеў, і пытаецца, дзе я пра гэта пачуў. Я і кажу, што прымач маю, а там казалі. Пытаецца, а што за радыё, а я яму і кажу, што Радыё Свабода — беларускае радыё. Ён спытаў яшчэ, ці я яго і далей слухаю, а я адказаў бяз нейкага сумніву, што канечне, мне яно падабаецца».

У выніку празь нейкі час Анатоля Сахарушу выклікалі да дырэктара, дзе распытвалі пра слуханьне «варожых галасоў» у прысутнасьці супрацоўнікаў КДБ. Прымач у яго забралі, з маці правялі прафіляктычную гутарку.

Да Анатоля Сахарушы завітаў незалежны дэпутат Валер Білібуха
Да Анатоля Сахарушы завітаў незалежны дэпутат Валер Білібуха

«Уся гэтая сытуацыя толькі яшчэ больш пабудзіла маю цікаўнасьць. Я чакаў выходных, каб паехаць дахаты ды паслухаць Радыё Свабода. Бацька зразумеў мяне добра — ён сам слухаў Свабоду, „Голас Амэрыкі“, у яго была радыёла „Рэкорд-61“. Да яго прыходзілі мужыкі-франтавікі, і яны слухалі. Мяне з пакоя выстаўлялі, бацька тлумачыў, што там ня песьні, якія б мяне цікавілі. Я тады ўсё думаў, чаго сьвятло тушылася ў пакоі ды завешваліся вокны, а бацькавы госьці там нешта слухалі ды потым абмяркоўвалі. А пасьля здарэньня ў тэхнікуме бацька мне ўжо дазволіў радыёлу дома слухаць», — распавядае Анатоль Сахаруша.

Пасьля гутаркі з асобамі з КДБ, кажа суразмоўца, яго пачалі пільнаваць і нават загадалі некаторым студэнтам даносіць, ці ня слухае ён замежнае радыё і надалей. А ўжо пасьля сканчэньня тэхнікуму адна выкладчыца распавяла Анатолю Сахарушу, што пасьля гісторыі з слуханьнем «варожых галасоў» зьбіраўся пэдсавет, дзе ўздымалася пытаньне аб яго выключэньні. Але двое выкладчыкаў заступіліся, і вырашылі пакінуць.

Пасьля заканчэньня тэхнікуму Анатоль Сахаруша ўсё жыцьцё працягваў слухаць Радыё Свабода, зь перапынкам на час службы ў войску.

Служба ў марфлёце: савецкаму адміралу назваў сваім кумірам белага адмірала Аляксандра Калчака

Пасьля сканчэньня сельгастэхнікуму, на пачатку 1970-х, Анатоля Сахарушу забралі ў савецкае войска. Служыць давялося на Паўночным флёце:

«Там, у канцы службы, адбыўся такі выпадак. Пэрыядычна здаваліся іспыты па палітпадрыхтоўцы. Атрымалася так, што ў гэтай камісіі быў начальнік палітуправы Паўночнага флёту віцэ-адмірал Фёдар Сізоў. Нам гэта быў такі гонар... Ну, і камандзір пра мяне яму далажыў перад іспытам, што спагнаньняў у мяне ніякіх не было, у службовай картцы 41 падзяка. І гэты віцэ-адмірал Сізоў мне якое пытаньне задае — маўляў, у кожным родзе войскаў ёсьць свае куміры, а хто мой кумір? А я яму і кажу, што мой кумір — адмірал Аляксандар Калчак. Там зьнямела ўся камісія... А гэты Сізоў пачынае мяне распытваць — а чаму Калчак? Кажу — таму што там у царскім вайсковым ведамстве былі ня дурні, разумныя людзі. І калі яны 26-гадовага марскога афіцэра паставілі камандуючым флётам, то, значыць, у яго ж там нешта ў галаве было. Потым яшчэ Сізоў у мяне пытаўся, ці падабаецца мне Поўнач, а я яму і адказаў, што падабаецца, але я б тут ня жыў бы. То Сізоў мне сказаў тады, што была б яго ўлада, то ён бы мне жыцьцё на Поўначы яшчэ на гадоў дзесяць-пятнаццаць працягнуў... Я, праўда, тады гэтага жарту не зразумеў».

А я яму і кажу, што мой кумір — адмірал Аляксандар Калчак. Там зьнямела ўся камісія...
Анатоль Сахаруша
Анатоль Сахаруша

Пасьля іспыту, кажа Анатоль Сахаруша, ягонаму зампаліту зрабілі вымову. Але той на маладога чалавека крыўды ня меў і нават патаемна прынёс забароненую самвыдатаўскую кніжку пра Калчака, адкуль Сахаруша даведаўся яшчэ болей пра гэтага белага адмірала. Выявілася, кажа спадар Сахаруша, што яго начальнік па палітычнай падрыхтоўцы таксама быў «не зусім савецкіх» поглядаў — патаемна распавядаў яму «праўду пра Савецкі Саюз» і нават перад кароткатэрміновым звальненьнем загадаў жаўнерам зайсьці ў царкву і набыць сабе нацельныя крыжыкі.

Пасьля скандалу на іспыце Анатолю да сканчэньня службы ўжо перасталі давяраць адказныя даручэньні, пазбавілі зброі і адправілі з флёту першым, адразу, як прыйшоў тэрмін.

У саўгасе атрымаў ад начальства мянушку «Ёрш»

Пасьля вяртаньня з войска Анатоль Сахаруша працаваў у «паказальным» малецкім саўгасе начальнікам вытворчага ўчастку. Кажа, што доўга ня мог ужыцца з галоўным аграномам, бо сам меў агранамічную адукацыю і не цярпеў, калі ягонай брыгадзе загадвалі, дзе і што трэба саджаць. Часта спрачаўся і з дырэктарам з гэтай нагоды. У выніку дырэктар негалосна загадаў не камандаваць Сахарушу, на якім полі якую культуру саджаць, калі на ягоным участку выявіліся вышэйшыя ўраджаі.

«Першы сакратар райкаму партыі мяне „Яршом“ называў, ведаў маю ўпартасьць, часта на гутаркі выклікаў. І ён мне ўсё казаў: „Ты дабром ня скончыш...“ Калі выходзіў ад яго з кабінэту, то сарочка ў мяне была на сьпіне мокрая», — кажа Анатоль пра пільную ўвагу з боку партыйных органаў.

Партрэт Васіля Быкава і бел-чырвона-белы сьцяг у хаце Анатоля Сахарушы
Партрэт Васіля Быкава і бел-чырвона-белы сьцяг у хаце Анатоля Сахарушы

У тэхнікуме Анатоль Сахаруша стаў камсамольцам, але ў камуністычную партыю так і не ўступіў. Калі выйшаў камсамольскі ўзрост (27 гадоў), яму прапаноўвалі стаць сябрам партыі. Анатоль доўга адмаўляўся, урэшце ад яго адчапіліся.

Але ў часе завочнай вучобы ў сельгасакадэміі Сахарушу папярэдзілі, што «хаця б ты і тры акадэміі скончыў, але безь сяброўства ў партыі ты вышэй за брыгадзіра ня скочыш».

«Я сказаў, што не кар’ерыст, мне ня трэба пасады, мяне задавальняе і гэтая праца», — кажа Анатоль.

На гэты час, кажа суразмоўца, ён ужо «паразумнеў», стала слухаў «варожыя галасы». Адразу ж па вяртаньні з войска набыў сабе новы прымач «Акіян», дзе штодзень шукаў хвалі Радыё Свабода.

Перабудова, незалежнасьць, прыход Лукашэнкі, страта спадзяваньняў на разьвіцьцё фэрмэрства

У часе перабудовы, кажа Анатоль Сахаруша, «газэты сталі цікавейшыя», і часам можна было нават у іх прачытаць тое, пра што перадавалі па Радыё Свабода:

«Для мяне гэта не было вялікім зьдзіўленьнем, бо я гэта слухаў шмат гадоў... Казаў людзям, што Свабода гаварыла пра гэта ўсё».

Газэта «Крыніца», якую выдае Анатоль Сахаруша
Газэта «Крыніца», якую выдае Анатоль Сахаруша

Незалежнасьць Анатоль Сахаруша сустрэў з найлепшымі спадзяваньнямі. Ён ужо ведаў усе заганы савецкай палітыкі ў сельскай гаспадарцы, калі на іхні «паказальны» саўгас прысылаліся два вагоны мінэральных угнаеньняў — і два вагоны на чатыры звычайныя калгасы раёну.

«А ўсе газэты толькі ўжо пра Малеч і пісалі — „досьледна-паказальная гаспадарка саюзнага значэньня...“. То і я так умею гаспадарыць — дайце мне грошы, ад іншых адбярыце, і аддайце сюды... Ну, але там сувязі з Машэравым былі ў дырэктара, ён і прылятаў сюды на верталёце».

Калі Беларусь стала незалежнаю, Анатоль Сахаруша бачыў пэрспэктывы разьвіцьця сельскай гаспадаркі празь пераход да фэрмэрства.

«Яшчэ да першых прэзыдэнцкіх выбараў я ў гэта верыў, а пасьля — расчараваўся... І чым далей, тым горш».

Спадар Сахаруша перакананы: пакуль краінай кіруе Аляксандар Лукашэнка, час для пераходу на фэрмэрства страчаны. Мала ўжо людзей, якія былі б гатовыя ўзяць зямлю і працаваць на ёй.

«Калі б у 90-я мы вярнуліся да фэрмэрства, то мы б не куплялі ні польскія яблыкі, ні эгіпецкую бульбу».

Сябра БНФ, зь якім лічыцца старшыня аблвыканкаму

З 1988 году Анатоль Сахаруша зацікавіўся дзейнасьцю БНФ, і калі ў 1993 годзе ўтварылася такая партыя, то адразу ж уступіў. У часе прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году працаваў на кандыдата Зянона Пазьняка.

«Адзін камуніст усё мяне тады папракаў, што ў КПСС я не хацеў уступаць, а ў гэтую ўступіў адразу», — кажа Анатоль.

Фотаальбом Анатоля Сахарушы — з Паўлам Севярынцам
Фотаальбом Анатоля Сахарушы — з Паўлам Севярынцам

На выбарах 2010 году Анатоль Сахаруша быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Распавёў, што ў часе перадвыбарчай агітацыі здарыўся цікавы выпадак, калі ў Малеч з агітацыяй за Аляксандра Лукашэнку прыехала ягоная давераная асоба, тагачасны старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар.

«Мне распавялі, што Сумар загадаў ладзіць сустрэчу з выбарцамі ў Малечы, бо тут давераная асоба аднаго з кандыдатаў... Пачаўся сход, і я прыйшоў. А Сумар адразу мяне паклікаў ды пры ўсіх прапануе выступіць першым. Вось так я выступіў з агітацыяй за Кастусёва ў часе прыезду даверанай асобы Лукашэнкі», — кажа спадар Анатоль.

Вяскоўцы паважаюць Анатоля Сахарушу, ведаюць яго як «праўдаруба» і пры патрэбе бягуць да яго па параду. Анатоль Сахаруша выдае і вясковую газэту — «Крыніца», дзе піша пра жыцьцё вёскі і праблемы сялянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG