Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Наваградку пра новага кіраўніка Берасьцейшчыны: «Называў мяне фашысткай...»


Анатоль Ліс

Анатоль Ліс

У Берасьці прыступіў да працы новы старшыня аблвыканкаму Анатоль Ліс. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Канстанціна Сумара, які кіраваў рэгіёнам 10 гадоў. Што думаюць пра прызначэньне берасьцейцы ды жыхары рэгіёнаў, дзе ён працаваў?

Берасьцейскі абласны савет дэпутатаў аднагалосна зацьвердзіў Анатоля Ліса на пасадзе старшыні аблвыканкаму, куды яго прызначыў Аляксандар Лукашэнка. У першым інтэрвію СМІ на гэтай пасадзе Анатоль Ліс заявіў, што пачне працу з вывучэньня праблемаў адстаючых прадпрыемстваў. Анатоль Ліс прызнаў, што Аляксандар Лукашэнка даручыў яму сканцэнтравацца найперш на вырашэньні эканамічных пытаньняў.

Берасьцейскі актывіст кампаніі «Гавары праўду» Валянцін Лазарэнкаў так пракамэнтаваў Радыё Свабода прызначэньне Анатоля Ліса:

«Быў нядаўна даклад кіраўніка гарадзкога, і ён казаў, што такія заводы, як калісь мы казалі, горадаўтваральныя — панчошны камбінат, электрамэханічны завод, машынабудаўнічы завод — яны стратныя. Павінны праходзіць рэформы. Калі эканамічных рэформаў ня будзе, то хоць пастаў сюды пяць чалавек, хоць аднаго, — нічога ня зьменіцца... Калі ты не ад народу, а прызначаны сюды і ня ведаеш, чым дакладна жыве і як тут народ уладкаваны, то мала што зьменіцца».

Былы кіраўнік Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар пратрымаўся на гэтай пасадзе больш за іншых сваіх калегаў — 10 гадоў. Хаця ў Берасьці раз-пораз узьнікалі чуткі пра ягоную хуткую адстаўку, Сумар заставаўся непахісным. У чым сакрэт «доўгажыхарства» Канстанціна Сумара на гэтай пасадзе, выказаў меркаваньне былы намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Коўш:

«Ён задавальняў нашага галоўнага кіраўніка... Памятаеце, як ён сказаў — „Вы вышэй за Бога...“ Гэтаму нашаму таварышу вельмі даспадобы, калі зь ім гавораць як з чалавекам, які вышэй за ўсіх, калі яны стоячы яму дакладаюць, калі яны робяць выгляд, што нешта запісваюць... Вельмі зручны быў кіраўнік для галоўнай дзейнай асобы ў нашай дзяржаве, таму доўга і пратрымаўся».

Вельмі зручны быў кіраўнік для галоўнай дзейнай асобы ў нашай дзяржаве, таму доўга і пратрымаўся

На думку Мікалая Каўша, зьмена старшыні аблвыканкаму па сутнасьці нічога ня зьменіць, таму што ён справаздачны перад Лукашэнкам, а ня перад народам.

Доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская зьвяртае ўвагу на татальныя зьмены ва ўрбаністычным ляндшафце, заціраньне ды зьнікненьне гістарычных сымбаляў. Яна раіць новапрызначанаму старшыні аблвыканкаму Анатолю Лісу зьвярнуць увагу на залежнасьць эканамічнага разьвіцьця рэгіёну ад асьветы, адукацыі і культуры:

«Трэба захоўваць, ахоўваць і аднаўляць аўтэнтычнае наша асяродзьдзе. Бяз гэтага мы проста далей не прасунемся, будзем размытыя ці зьнішчаныя... Галоўнае пажаданьне — скаардынаваць дзейнасьць розных пляцовак, навуковых і гаспадарчых, для таго каб была стратэгія не на год ці два, а на 20–30 гадоў... Наш рэгіён мае вялікія магчымасьці, трэба толькі сказаць — хто мы, дзе мы і для чаго мы...»

Доктар архітэктуры кажа, што ў часы Сумара былі пазытыўныя моманты для спадчыны Берасьцейшчыны — рэстаўрацыя палацаў у Скоках, Ружанах Косаве. Тым ня менш дзесяцігодзьдзе яго кіраваньня Ірына Лаўроўская ў цэлым ахарактарызавала як «крывавыя гады для гісторыка-культурнай спадчыны».

Ураджэнец Гарадзеншчыны Анатоль Ліс да прызначэньня старшынёй Берасьцейскага аблвыканкаму быў памочнікам прэзыдэнта, галоўным інспэктарам па Гомельскай вобласьці. Нарадзіўся ў 1958 годзе. Скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі, Менскі інстытут паліталёгіі і сацыяльнага кіраваньня КПБ. У 1990–1996 гадах працаваў намесьнікам старшыні калгасу ў Гарадзенскім раёне, потым быў старшынёй Наваградзкага райвыканкаму, Мазырскага райвыканкаму.

У яго няма нейкага такога адказу паміж „так“ ці „не“, заўсёды ёсьць для апазыцыі — „не“

Жыхарка Наваградку Ларыса Бухаленка распавяла Свабодзе, што берасьцейскім дэмакратам ня варта чакаць ад Анатоля Ліса нейкай лібэралізацыі:

«У пэрыяд, калі ён быў „мэрам“, я спрабавала зарэгістравацца кандыдатам на парлямэнцкія выбары... Гэта быў такі масіўны прэсінг і такое зьнішчэньне мяне як асобы, як прафэсіянала, як чалавека. І менавіта ён гэтым усім кіраваў, таму што інфармацыя праточвалася, ён мяне называў і фашысткай, і нацысткай... Ён вельмі жорсткі, вельмі трымаецца за сваё месца. У яго няма нейкага такога адказу паміж „так“ ці „не“, заўсёды ёсьць для апазыцыі — „не“. І спробы нейкай ініцыятывы ён папросту тушыць на самым пачатку... Ён намэнклятурны чалавек па выхаваньні, па адукацыі...»

Пасьля той спробы балятавацца ў парлямэнт Ларысу Бухаленку звольнілі, яна працавала лекарам у Наваградку. Анатоль жа Ліс абіраўся ў парлямэнт безальтэрнатыўна, таму што ініцыятыўную групу спадарыні Бухаленкі не зарэгістравалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG