Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анатоль Цітоў выдаў кнігу «Гербоўнік беларускіх гарадоў»


Анатоль Цітоў

Анатоль Цітоў

Дасьледчык-геральдыст Анатоль Цітоў выдаў новую кнігу пра гісторыю беларускай геральдыкі — «Гербоўнік беларускіх гарадоў». Гэта яго чацьвёртая праца. Яна выйшла накладам тысяча асобнікаў у выдавецтве «Беларусь» і прысьвечаная старажытным гербам гарадоў Беларусі. «Гербоўнік беларускіх гарадоў» — гэта вынік 40-гадовых дасьледаваньняў беларускай геральдыкі, сказаў Свабодзе Анатоль Цітоў:

«У параўнаньні з папярэднімі выданьнямі ў гэтую кнігу дададзеныя некалькі новых гербаў, і цяпер іх колькасьць дасягнула ста дваццаці. Гэткім чынам, кніга — найбольш поўны збор беларускіх гарадзкіх гербаў. Яна ўтрымлівае геральдыку выключна беларускіх старажытных гарадоў. Мяркую так, што ўжо ў бліжэйшыя пяцьдзясят-семдзесят, а можа і сто гадоў сюды могуць дадацца тры-чатыры гербы, ня больш. Магчыма, гэта могуць быць гербы Бялынічаў, Бешанковічаў, Талачына. Бо ёсьць патрыёты Беларусі — геральдысты-аматары, якія кажуць, што маюць нейкія зьвесткі пра гэта. Але я пакуль ня маю такіх зьвестак, таму гэтае пытаньне яшчэ патрабуе грунтоўнага дасьледаваньня.

Асаблівасьць гэтай кнігі ў тым, што тут сабраныя даўнія гербы старажытных беларускіх гарадоў, якія мелі Магдэбурскае права. Кожны з гэтых гербаў меў зьмястоўную перадгісторыю стварэньня і ўтрымліваў гэтую гісторыю ў сымболіцы герба. Гэткім чынам яны падавалі гісторыю свайго месца і адрозьнівалі іх ад іншых месцаў. У гэтым істотнае адрозьненьне старажытнай геральдыкі ад сучасных наватвораў».

«Гербоўнік беларускіх гарадоў» утрымлівае шмат архіўных зьвестак з гісторыі старажытных беларускіх гербаў, аздоблены фотаілюстрацыямі. Як паведаміў Анатоль Цітоў, неўзабаве з друку мае выйсьці яшчэ адна кніга, прысьвечаная старажытным майстрам гадзіньнікаў — «Загармістры ў Беларусі».

XS
SM
MD
LG