Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананіч: журналісты абавязаны ставіць правільныя акцэнты


Лілія Ананіч, архіўнае фота

Лілія Ананіч, архіўнае фота

Міністар інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч пракамэнтавала вынясеньне папярэджаньня «Нашай ніве».

«Цяпер спрабуюць напісаць, што інфармацыя была разьмешчана ў рубрыцы „Меркаваньні“, а двойчы было напісана добра. Але можна хоць пяць разоў напісаць добра, але быць дакладнымі вы абавязаны заўсёды. А калі нехта такое меркаваньне выказаў, рэдакцыя павінна ўбачыць і паправіць, бо кожнае слова мае афарбоўку», — сказала Лілія Ананіч на сустрэчы з прэс-сакратарамі дзяржструктур.

Таксама Лілія Ананіч выказалася адносна «пэўных рэсурсаў», якія абвінаваціла ў «відавочнай заангажаванасьці».

«І колькі іх ні падсілкоўвайце інфармацыяй, яны ўсё роўна пераставяць яе ў іншую плоскасьць, гэта іх задача», — сказала міністар.

Яна заклікала прэс-сакратароў адсочваць, якая інфармацыя даводзілася, скажоная яна ці не, калі скажоная, то прынцыпова ці не.

«У адрас Міністэрства інфармацыі паступалі звароты нават не з нагоды самога выдранага слова, а тых камэнтароў, якія зьяўляюцца на форумах пасьля таго, як гэтае слова выдзіраецца. Ніхто не пазбаўляе СМІ свабоды, у іх роўныя правы на мэдыйным полі. Але трэба пісаць праўду», — цытуе БелТА міністра Ананіч.

Яна лічыць, што паводзіны прэс-сакратара павінны быць актыўнымі і, пажадана, апэратыўнымі. Бо ёсьць мяжа ўсёдазволенасьці, і трэба разьбірацца, калі інфармацыя ведамства скажаецца. Паводле Ананіч, роля прэс-сакратара ўзрастае, бо «журналісты абавязаныя ставіць правільныя акцэнты».

2 сакавіка Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні ўладальнікам інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў ej.by і nn.by.

Камэнтуючы вынясеньне гэтых папярэджаньняў, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў:

«У любым выпадку, мы бачым недапушчальнае ўмяшаньне дзяржавы ў свабоду выказваньня меркаваньняў і абмежаваньне свабоды СМІ».

Ён сказаў, што папярэджаньне — гэта не прафіляктычная мера, а санкцыя, якая ўжываецца ў дачыненьні да СМІ.

XS
SM
MD
LG