Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пройдзем з камэрай шляхамі Скарыны», — Ананіч анансавала фільм пра беларускага першадрукара


Помнік Францыску Скарыну ў Полацку

Помнік Францыску Скарыну ў Полацку

Рабочая назва фільму — «Дарогамі Францішка Скарыны», здымуць яго да Дня беларускага пісьменства 2017 году.

Пра гэта паведаміла 9 лістапада на пасяджэньні Нацыянальнага аргкамітэту падрыхтоўкі і правядзеньня Дня беларускага пісьменства ў Полацку міністар інфармацыі Лілія Ананіч, перадае БелТА.

«Канцэпцыя Дня беларускага пісьменства такая, каб паказаць сувязь гісторыі і сучаснасьці, паказаць, што ідэі Францішка Скарыны актуальныя сёньня для разьвіцьця Беларусі ды іншых краін. Мы прапануем акцэнт Дня беларускага пісьменства зрабіць ня толькі на тэатралізаваным паказе, але і падрыхтаваць фільм, прайсьці з камэрай шляхамі Францішка Скарыны па гарадах і краінах», — сказала міністар.

Паводле Ананіч, фільм прадэманструе, што краіны сьвету, дзе бываў і жыў Францішак Скарына, маюць непарыўную сувязь зь Беларусьсю. Заключныя здымкі прапануецца правесьці ў Полацку.

Летам 2016 году міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў падтрымаў ідэю надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Францішка Скарыны, а самалётам — імёны выдатных дзеячаў мастацтваў.

Раней прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі зьвярнуліся да прэмʼер-міністра Андрэя Кабякова, у Менгарвыканкам, Менгарсавет і да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай належным чынам ушанаваць 500-годьдзе беларускага кнігадрукаваньня. У тым ліку яны прасілі надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Францішка Скарыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG