Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананіч абяцае разабрацца з мэдыямі, якія перадрукавалі карыкатуры на прарока Мухамэда


Лілія Ананіч

Лілія Ананіч

Міністэрства інфармацыі ацэніць абгрунтаванасьць перадруку карыкатур на прарока Мухамэда некаторымі беларускімі СМІ.

Міністэрства інфармацыі ацэніць абгрунтаванасьць перадруку карыкатур на прарока Мухамэда некаторымі беларускімі СМІ.

Пра гэта падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміла міністар інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

«У знак салідарнасьці пэўныя СМІ таксама апублікавалі карыкатуры. А ці трэба было? Якія карыкатуры? Думаю, павінна быць грамадзкая ацэнка, грамадзкае асуджэньне. Трэба ўсю ўладу выкарыстаць, каб не дапускаць тэрарызму ў якой бы там ні было краіне. Калі забіваюць людзей — гэта недапушчальна. І ўсё роўна, якімі матывамі кіраваліся тэрарысты. Недапушчальны тэрарызм. Але я заўсёды аналізую, што паслужыла прычынай», — падкрэсьліла міністар.

Паводле Ананіч, у 2005–2006 гадах адно зь беларускіх СМІ апублікавала карыкатуры на прарока Мухамэда, а гэта пацягнула за сабой «вельмі жорсткую адэкватную рэакцыю дзяржавы, непапулярную ў пэўным асяродзьдзі». Адказны за публікацыю быў пакараны трыма гадамі пазбаўленьня волі, якія на практыцы выліліся ў тры месяцы, распавяла міністар інфармацыі.

«Гэта жорстка. Але, зь іншага боку, дзяржава павінна спыняць у самым зародку праявы экстрэмізму», — сказала Ананіч.

Яна адзначыла, што ня мела магчымасьці адсочваць творчую дзейнасьць Charlie Hebdo:

Журналісты павінны ўлічваць у сваёй прафэсійнай дзейнасьці грамадзкія і дзяржаўныя інтарэсы

«Але думаю, што імкненьне хадзіць па лязе нажа там прысутнічала. Як паказала практыка, гэта скончылася канкрэтнай людзкой трагедыяй. Мы смуткуем па загінулых, мы супраць тэрактаў. Але мы ўсе павінны думаць пра тое, як адгукнецца наша слова».

Пасьля тэракту нумар Charlie Hebdo, прысьвечаны памяці загінулых, выйшаў сямімільённым накладам.

«Але гэтыя сем мільёнаў накладу ў некім таксама абудзяць зьвера. І гэта ўжо дрэнна. Маё стаўленьне да такіх зьяў, як тэрарызм, як забойства журналістаў, рэзка адмоўнае — як у любога нармальнага грамадзяніна, чалавека. Але журналісты павінны ўлічваць у сваёй прафэсійнай дзейнасьці грамадзкія і дзяржаўныя інтарэсы. Гэта таксама мая пазыцыя як грамадзяніна, як чалавека, як міністра», — сказала Лілія Ананіч.

Таксама Лілія Ананіч апавяла, што Міністэрства інфармацыі з моманту ўступленьня ў сілу зьмяненьняў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі» вядзе маніторынг інтэрнэт-сайтаў на прадмет распаўсюджваньня супрацьпраўнай інфармацыі.

«Закон дае трохмесячны тэрмін для вынясеньня пісьмовага папярэджаньня. Неабходна адзначыць, што грамадзяне вельмі актыўна ўключыліся ў гэтую працу і ў адрас Мінінфарма кожны дзень паступаюць адпаведныя звароты», — сказала міністар.

Паводле Ананіч, у мінулым годзе на адрас Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет экстрэмізму паступіла важкая доля інфармацыйнай прадукцыі, якая прыйшла ў Беларусь з-за мяжы.

«У пераважнай большасьці такіх матэрыялаў мы выявілі звыш 13 найменьняў прадукцыі з прыкметамі экстрэмізму — яе распаўсюд быў забаронены. Выданьні ўтрымлівалі прыкметы распальваньня расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, прапаганду выключнай перавагі нацыяў, нацысцкую сымболіку і атрыбутыку. На разглядзе ў рэспубліканскай і абласных камісіях знаходзіцца цэлы шэраг такіх матэрыялаў».

Што да камэнтароў чытачоў на сайтах, то адказнасьць за іх будзе несьці ўладальнік сайту, патлумачыла Лілія Ананіч.

«Дзяржаўны орган будзе выносіць уладальнікам рэсурсаў папярэджаньне, калі ў камэнтарах зьмяшчаецца інфармацыя, распаўсюд якой забаронены законам, альбо наносіць шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, альбо мае непраўдзівую, абразьлівую інфармацыю. Калі на канкрэтным рэсурсе, у канкрэтным камэнтары будзе абражаны канкрэтны грамадзянін, то гэты чалавек мае права падаць у суд на аўтара».

Ананіч таксама расказала пра звароты грамадзянаў у Міністэрства інфармацыі, у якіх выказваецца «занепакоенасьць працэсамі, якія назіраюцца на пэўных інтэрнэт-рэсурсах».

«На думку заяўнікаў, не заўсёды рэдакцыйная палітыка пэўных рэсурсаў укладваецца ня толькі ў рамкі заканадаўства, але і адпавядае нацыянальным інтарэсам, — сказала міністар. — Гэтыя звароты ў Міністэрства інфармацыі — грамадзкая думка на карысьць нашай краіны і неабходнасьці прымаць рашучыя меры па супрацьдзеяньні і недапушчэньні таго, каб інфармацыйная прастора была полем для інфармацыйных войнаў. Там, дзе ёсьць неабходнасьць, трэба ўладу ўжываць па поўнай».

Адносна форумаў і блогаў Ананіч адзначыла:

«Усё, што нясе інтэрнэт-рэсурс, зьяўляецца прадукцыяй СМІ. Адказнасьць за зьмест кантэнту ляжыць на ўладальніках інтэрнэт-рэсурсаў.

Дзяржава павінна мець рычаг для процідзеяньня дэструктыўнай інфармацыі, якая патэнцыйна можа наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам».

Лілія Ананіч таксама заявіла, што да замежных інтэрнэт-рэсурсаў будуць ужывацца такія меры як абмежаваньне доступу і вынясеньне папярэджаньня, бо «дзеяньне закону аб СМІ распаўсюджваецца на ўсе сродкі масавай інфармацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG