Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура пра затрыманага туркмэнскага ўцекача: «Хутчэй за ўсё яго адпусьцяць»


Чары Анамурадаў
Чары Анамурадаў

У транспартнай пракуратуры карэспандэнту Свабоды сказалі пра магчымае хуткае вызваленьне грамадзяніна Швэцыі, туркмэнскага ўцекача Чары Анамурадава, якога 18 ліпеня затрымалі ў менскім аэрапорце пасьля прылёту з Варшавы. Ордэр на арышт быў падпісаны 19 ліпеня.

«Так, аказалася, што ўжо скончыўся тэрмін дзеяньня запыту Туркмэністану аб выдачы Чары Анамурадава. Запыт завіс, таму яго ў нас затрымалі. Але, мяркую, разьбяруцца і вызваляць», — сказаў супрацоўнік пракуратуры. На пытаньне, калі гэта адбудзецца, супрацоўнік сказаў: «Дакладна ня ведаю, тэрмінаў адмысловых няма, але мяркую, што ніхто доўга яго трымаць ня будзе, нікому гэта не патрэбна, пракуратура прыме рашэньне».

Другі дзень Чары Анамурадаў, былы супрацоўнік туркмэнскай службы «Радыё Свабода» ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. «Мы перадалі яму туды патрэбныя рэчы і знайшлі адваката, які будзе яму дапамагаць», — паведаміў сябар затрыманага Мурат Ханаліеў, які стала жыве ў Беларусі ўжо шмат гадоў.

Туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў у 1990-х гадах быў асуджаны рэжымам Ніязава на 18 гадоў зьняволеньня. Ён праводзіў журналісцкія расьсьледаваньні наконт наркатрафіку з Аўганістану. Адбыўшы траціну тэрміну, быў амніставаны. Пасьля гэтага два гады жыў у Менску, потым пераехаў у Прагу, працаваў у туркмэнскай службе Радыё Свабода. У 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Швэцыі. З таго часу ў Беларусі Чары Анамурадаў ня быў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG