Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязьнем сумленьня


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязьнем сумленьня і разглядае прысуд яму як частку доўгатэрміновай кампаніі перасьледу актывістаў грамадзянскай супольнасьці з боку беларускіх уладаў.

Пра гэта арганізацыя паведаміла 10 чэрвеня.

Праваабаронцы таксама абвясьцілі тэрміновую акцыю дзеля яго вызваленьня. Amnesty International заклікае міжнародную супольнасьць пісаць звароты на імя прэзыдэнта і генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, падкрэсьліваючы, што Юры Рубцоў — вязень сумленьня, зьняволены выключна за ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду выказваньня меркаваньняў, і патрабаваць ад беларускіх уладаў яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня. У зваротах таксама будзе патрабаваньне спыніць перасьлед і запалохваньне актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зьвяртае ўвагу, што беларускія праваабаронцы ад самага пачатку перасьледу грамадзкага актывіста лічылі яго палітвязьнем, і называе вельмі важным факт прызнаньня яго вязьнем сумленьня з боку Amnesty International:

«Гэта ў першую чаргу маральная падтрымка Юрыю Рубцову, які цяпер у такіх цяжкіх умовах і якому суд прызначыў два гады калёніі. Прызнаньне яго вязьнем сумленьня дазволіць перажыць яму гэты цяжкі час і захаваць моц духу. Я лічу, што гэта сыгнал міжнароднай праваабарончай супольнасьці на адрас беларускіх уладаў і беларускага грамадзтва, што справа Юрыя Рубцова мае адназначна палітычны падтэкст, — сказаў Алесь Бяляцкі, былы вязень сумленьня.

Гомельскі актывіст Юры Рубцоў быў асуджаны судом Пружанскага раёну на два гады пазбаўленьня волі 28 мая 2015 году. Гэта падоўжыла ягоны першапачатковы тэрмін, 18 месяцаў «хіміі», да якога ён быў асуджаны ў кастрычніку 2014 году за «абразу судзьдзі» (паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэксу). Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Юры Рубцоў не хацеў працаваць, адхіліў некалькі прапаноў зь мізэрнымі заробкамі.

Цяпер Юры Рубцоў у сьледчым ізалятары ў Баранавічах, ён абскарджвае судовае рашэньне.

XS
SM
MD
LG