Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбітны беларускі стартап хоча навучыць увесь сьвет кантраляваць радыяцыю


Заснавальнік праекту маніторынгу экалёгіі R-NOX Вадзім Радзівіл

Заснавальнік праекту маніторынгу экалёгіі R-NOX Вадзім Радзівіл

Беларускія айцішнікі прыдумалі, як спалучыць дазымэтар са смартфонам, а таксама знайшлі спосаб пакрыць гарады сьвету сыстэмай сэнсараў, каб стварыць глябальную мапу экалягічнай бясьпекі.

Дзеля максымальнага эфэкту экалягічнага маніторынгу датчыкі найлепей разьмясьціць у гіпэрмаркетах, вакзалах, парках ды іншых людных месцах. Усе дадзеныя будуць сьцякацца ў «воблака» і аналізавацца адмысловымі ведамствамі — мэрыямі, міністэрствамі, урадамі. Кожны ахвотны зможа ў рэжыме онлайн атрымаць зьвесткі пра паветра, ваду і прадукты, якія ён спажывае.

Раз ужо беларусам так «падфарціла» з Чарнобылем, — кажа заснавальнік праекту маніторынгу экалёгіі R-NOX Вадзім Радзівіл, — мы мусім стаць прафэсіяналамі ў галіне экалягічнай бясьпекі.

Страхі адносна Чарнобылю і радыяцыі за 30 гадоў нікуды не падзеліся, — перакананы спадар Радзівіл. Каб іх пераадолець і вывесьці экалягічны маніторынг на глябальны ўзровень, менская кампанія R-NOX прыцягвае спэцыялістаў з усёй Эўропы. У прыватнасьці, каманда распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне і ўжо вырабіла дазымэтар ZIVE новага пакаленьня — з выхадам у сеціва і падлучэньнем да адзінай лічбавай экасыстэмы.

«Інтэрнэт рэчаў» супраць трубкі Гейгера-Мюлера. Новыя тэхналёгіі замест таблетак

Сфэры ўжытку звышдакладнага дазымэтра

Сфэры ўжытку звышдакладнага дазымэтра

«Мы дасьледчыкі-альтруісты», — кажа пра сябе і сваіх калегаў заснавальнік R-NOX Вадзім Радзівіл. На яго перакананьне, кожны чалавек мае права ведаць, наколькі бясьпечная экалёгія вакол яго, а звыклы ўсім дазымэтар павінен стаць сучасным, зручным і такім жа неабходным прадметам, як смартфон.

Спалучэньне дазымэтра са смартфонам

Спалучэньне дазымэтра са смартфонам

«Тэхналёгіі вымярэньня на ўзроўні фізыкі, па вялікім рахунку, моцна не зьмяніліся: трубка Гейгера-Мюлера была вядомая яшчэ да Чарнобылю, яна застаецца і цяпер. Але сёньня зьмяняюцца менавіта магчымасьці, як прыклад — Internet of Things (IoT), так званы «інтэрнэт рэчаў».

Філязофія «інтэрнэту рэчаў» азначае, што прылады, будынкі, любыя іншыя фізычныя абʼекты, якімі карыстаюцца паасобныя людзі і цэлыя ўстановы, злучаныя паміж сабою праз адмысловае праграмнае забесьпячэньне і могуць абменьвацца дадзенымі.

«Што гэта азначае? На сёньняшні дзень тэхналёгіі дазваляюць зь меншым спажываньнем энэргіі і з большым радыюсам перадачы бачыць тое, што да гэтага не ўяўлялася магчымым, — тлумачыць Радзівіл. — Калі раней сэнсары пакрывалі абмежаваныя тэрыторыі, то цяпер, з разьвіцьцём тэхнікі, зьяўляецца ўнікальны шанец рабіць недарагія маленькія сэнсары зь нізкім спажываньнем энэргіі — такая прылада можа працаваць ад адной батарэйкі 10 гадоў. Пры гэтым несувымерна большае пакрыцьцё тэрыторыі экалягічным маніторынгам — ці радыяцыі, ці паветра, ня мае значэньня».

Нейкі час таму кампанія R-NOX наладзіла экспэрымэнтальны выпуск малагабарытнага дазымэтра ZIVE. Карыстацца ім вельмі проста, а паказаньні ў яго больш дакладныя, чым у іншых мадэляў, — кажуць стваральнікі. Да таго ж ZIVE спалучаецца са смартфонам і за кошт гэтага здольны на большае, чым звычайны дазымэтар. Напрыклад, можа зьбіраць і аналізаваць дадзеныя. Пакуль што, удакладняе спадар Радзівіл, гэта экспэрымэнтальная прылада:

Эўрапейская мапа забруджаньня цэзіем

Эўрапейская мапа забруджаньня цэзіем

«Мы іх раздаём, тэсьціруем. У Чарнобылі хлопцы ходзяць з нашымі прыборамі, „Грынпіс“ папрасіў, таксама ім было цікава паспрабаваць нешта новае, самі на кагосьці выходзім. Мы ня ставім на мэце, каб на гэтым зарабіць, проста спрабуем „пракачаць“ свае мазгі, свае тэхналягічныя магчымасьці ў гэтай галіне. Прыборы, скажам так, „выпільваем“ на калене, на рынак пакуль не выходзім. Мы выкарыстоўваем толькі найлепшыя сэнсары, таму яны досыць дарагія, для беларусаў увогуле малападʼёмныя. А эўрапейскі рынак і так досыць насычаны».

Апроч таго, каманда Вадзіма Радзівіла распрацавала праект экалягічнага маніторынгу гарадоў, апрацоўкі і сыстэматызацыі дадзеных.

Вадзім Радзівіл у 30-кілямэтровай зоне

Вадзім Радзівіл у 30-кілямэтровай зоне

«Гэта больш „софт“, чым „жалеза“. На ўзроўні „жалеза“ — сэнсары, але на ўзроўні глябальнай сыстэмы ўсё нашмат цікавей: абʼяднаньне тысяч сэнсараў у адзіную сетку, апрацоўка вялізнай колькасьці дадзеных, выдача вынікаў мэрыі ці Міністэрству аховы здароўя. Глябальны, маштабны праект, які нас цікавіць больш. Таму рухаемся ў тым кірунку», — кажа суразмоўца.

Выпрабаваньне ў асяродку аварыі

Выпрабаваньне ў асяродку аварыі

Паводле яго, у Беларусі практычна няма экалягічнага маніторынгу на мікраўзроўні. Існуе дзяржаўная праграма ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, але за яе глябальнымі задачамі ня бачна таго, што адбываецца «пад носам»:

«Пэрыяд паўраспаду цэзію — акурат 30 гадоў. Але гэта не азначае, што ён цалкам зьнікне ў 2016-м. Каб распаўся да больш-менш нізкіх значэньняў, патрэбна 300 гадоў! То бок радыяцыя як была, так яна і засталася. Апроч таго, ёсьць міграцыя радыенуклідаў — праз ваду, праз паветра; людзі разносяць, жывёлы. Вялікую небясьпеку нясуць пажары — летась гарэў радыеактыўны лес у 30-кілямэтровай зоне ва Ўкраіне. Натуральна, дым з прадуктамі гарэньня, узьняўшыся, дзесьці ўрэшце выпаў. Дзе менавіта — ніхто ня ведае, няма сыстэмы маніторынгу на мікраўзроўні. Тэхналёгіі інтэрнэт-рэчаў не выкарыстоўваюцца. Такім чынам, у нас ёсьць макраўзровень, умоўна кажучы — 100 дэтэктараў-датчыкаў на ўсю краіну: мяжа, абласныя гарады і дзесьці паміж імі. А плошча ж нашмат большая, і якраз на мікраўзроўні мы ня можам дакладна сказаць — які ўзровень радыяцыі, дзе маглі выпасьці радыенукліды пасьля пажару і г.д.»

Дазымэтрычны міні-канвэер

Дазымэтрычны міні-канвэер

Здароўе чалавека на 20% залежыць ад навакольнага асяродзьдзя. Таму трэба ведаць, дзе жывеш

Няма нічога зайздроснага ў статусе краіны, якая найбольш пацярпела ад адной з найвялікшых тэхнагенных аварыяў. Але, на думку Вадзіма Радзівіла, Беларусі з такога становішча ўсё ж варта скарыстаць — «радыеактыўны палігон» натуральным чынам пакліканы стаць усясьветным лідэрам у выпрацоўцы мэтадаў змаганьня з падобнай навалай:

Дазымэтар як падарунак

Дазымэтар як падарунак

«Страхі адносна Чарнобылю народжаныя ад няведаньня, ад адсутнасьці інфармацыі. Людзям трэба больш расказваць, а ня проста палохаць, што недзе знайшлі радыеактыўныя элемэнты. Як, напрыклад, у справаздачы МНС за мінулы год: у Гомельскай вобласьці выяўлена 15 тон малака зь перавышэньнем стронцыю. Вось гэта якраз і пужае: калі чалавек чытае зводку, уяўляе, што сам спажываў тое малако. Трэба націскаць на інфармацыйныя кампаніі, на рэальна зробленае. Беларусь як дзяржава павінна скарыстаць сытуацыю. Бо калі нам так „падфарціла“, мы павінны стаць самымі вялікімі прафэсіяналамі ў сьвеце што да маніторынгу радыяцыі, кантролю прадуктаў харчаваньня, анкалёгіі і г.д. У нас ёсьць унікальны палігон, на якім нашы тэхналёгіі ацэнкі радыяцыі можна высока ўзьняць на міжнародным узроўні. У нас ёсьць патрэбны досьвед, але ён не выкарыстоўваецца».

Вызначэньне радыяцыйнага фону

Вызначэньне радыяцыйнага фону

Пры гэтым, як кажа суразмоўца, міжнародны попыт на беларускі досьвед ужо ёсьць — аднымі зь першых, да каго ў 2011 годзе пасьля катастрофы на сваёй АЭС зьвярнуліся японцы, былі якраз беларусы:

«Калі здарылася трагедыя на атамнай станцыі „Фукусіма“, японцы першым чынам прыляцелі ў Беларусь. Менавіта таму, што ў беларусаў ужо ёсьць досьвед змаганьня з тэхналягічнай катастрофай такога парадку. Яны пытаюцца: што вы ў такой сытуацыі рабілі, што нам параіце рабіць? Так, у нас сапраўды ёсьць буйныя, сурʼёзныя кампаніі, яны шмат гадоў працуюць на ўнутраным і міжнародным рынку. Гэта прафэсіяналы сваёй справы, якія ўмеюць вельмі дакладна вымяраць узровень радыяцыі — ня проста індыкатары, а вырабляюць менавіта прафэсійнае абсталяваньне. Але толькі гэтага недастаткова...»

Мапа атамных станцыяў сьвету

Мапа атамных станцыяў сьвету

На перакананьне суразмоўцы, задачай навукоўцаў, дасьледчыкаў, кампаніяў-вытворцаў і ўвогуле дзяржавы павінна стаць лякалізацыя праблемы з тым, каб вызначаць радыеактыўны фон у радыюсе некалькіх сотняў мэтраў — на канкрэтнай вуліцы і каля канкрэтнага дому. Менавіта такую плятформу для маніторынгу экалягічнага стану гарадоў рэалізуе за мяжой менская кампанія R-NOX. А вось мясцовыя структуры адпаведнага інтарэсу пакуль не выяўляюць:

«У Беларусі на ўзроўні дзяржавы гэта нікому не цікава. Дакладней, у іх свае праекты, мы не перакрыжоўваемся. У нас больш прапановаў ад эўрапейскіх гарадоў. Чаму так адбываецца? Гарады зацікаўленыя ў лякальным маніторынгу. Існуе нават напрамак Smart City, разумны горад. Да рэгуліроўкі трафіку, велапарковак і г.д. дадаецца экалёгія. Праблема ў тым, што ва ўсім сьвеце экалёгія з кожным днём пагаршаецца: учора была лепшая, а заўтра будзе горшая, чым сёньня. Не лякальна, а ў маштабах плянэты. Мы гэта бачым па зьмене клімату нават у нас — засухі, ураганы.

«Закальцаванасьць» экалягічнага маніторынгу

«Закальцаванасьць» экалягічнага маніторынгу

Што эўрапейцам дае ўкараненьне такіх тэхналёгіяў? Найперш, напрацоўваецца вопыт у гэтай сфэры. Як вынік — паляпшэньне пазыцыяў у рэйтынгу гарадоў. Лёндан, Хэльсынкі, Вільня — усе намагаюцца стварыць сыстэмы маніторыгу экалёгіі. Цяпер там адбываецца вялікі рух, шмат конкурсаў на ўзроўні мэрыяў, якія намагаюцца прыцягнуць стартапы да стварэньня такіх вось сыстэмаў маніторынгу».

Вадзім Радзівіл перакананы: дзякуючы разьвітасьці беларускай ІТ-сфэры лёгка можна было б ня толькі адаптаваць прынцыпова новыя тэхналёгіі экалягічнага маніторынгу ў Беларусі, але і выйсьці зь імі пад беларускім брэндам на міжнародны рынак. Але пакуль важнасьць такой місіі разумеюць выключна энтузіясты:

Буйнейшыя радыеактыўныя сьметніцы

Буйнейшыя радыеактыўныя сьметніцы

«Дзякуючы разьвітасьці ІТ-сфэры ўсё можна ўкараніць вельмі хутка, атрымаўшы экспэртызу на гэтыя тэхналёгіі калі ня першымі, то аднымі зь першых у сьвеце. Што, у сваю чаргу, падвысіла б давер грамадзянаў да гарадзкіх уладаў, якія, маўляў, такім чынам клапоцяцца пра здароўе жыхароў. Бо на самой справе на выхадзе гэта дае зьніжэньне ўзроўню захворваньняў. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, фактары, якія ўплываюць на стан чалавека, такія: 50% — лад жыцьця (харчаваньне, спорт, фізычныя нагрузкі), 20% — генэтычная спадчына, яшчэ 20% — навакольнае асяродзьдзе, і толькі 10% — узровень сфэры аховы здароўя. Уяўляеце? Навакольнае асяродзьдзе ўплывае на здароўе ўдвая больш, чым мэдыцына, хоць на апошнюю сродкаў траціцца непараўнальна больш. Змагаюцца з наступствамі, а ня з коранем праблемы, зь якога ўсё і расьце».

Удзельнікі каманды R-NOX

Удзельнікі каманды R-NOX

Каманда R-NOX — гэта два дзясяткі адмыслоўцаў з розных краін Эўропы, якія працуюць у розных сфэрах, а ў вольны час займаюцца цікавай справай. У іх ліку — праграмісты, інжынэры, схематэхнікі, спэцыялісты ў базах дадзеных, дызайнэры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG