Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Літвы: У беларусаў захоўваюцца гены грамадзянаў ВКЛ


©Shutterstock

©Shutterstock

Сёньня ў Менску адбылося адкрыцьцё літоўскага візавага цэнтру.

Менавіта сюды трэба будзе зьвяртацца грамадзянам Беларусі, якія хочуць атрымаць шэнгенскую візу.

Выступаючы на адкрыцьці гэтага цэнтру, дырэктар консульскага дэпартамэнту МЗС Літвы Андрус Пулокас выказаў спадзеў, што нават у пікавы час беларусы ня будуць стаяць у чэргах, каб атрымаць шэнгенскую візу. Ён сказаў, што, акрамя Менску, такія цэнтры пачалі працу яшчэ ў трох гарадах Беларусі — у Горадні, Гомелі і Берасьці. Наагул цяпер Літва мае 40 візавых цэнтраў у 9 краінах. Паводле Пулокаса, першы досьвед паказвае, што гэта цалкам сябе апраўдвае.

«Мы вельмі рады, што прыйшлі да нашых бліжэйшых суседзяў — беларусаў», — адзначыў прадстаўнік літоўскага МЗС,

У візавым цэнтры, што па Чыгуначнай вуліцы ў Менску, — 29 вокнаў прымаць дакумэнты і 9 вокнаў — здаваць біямэтрычныя дадзеныя.

Паводле кіраўніцтва візавага цэнтру, будзе зроблена ўсе, каб ніводзін з наведнікаў не чакаў прыёму больш як 15 хвілін.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус згадаў літоўскую прымаўку «Недастаткова мець фізію, трэба мець візу»:

«Магчыма, некалі гэтая прымаўка састарэе, але пакуль беларусам візы патрэбныя. Мы бачым, што беларусаў цікавіць бізнэс, культура, і гэтая цікавасьць ёсьць ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, агульных рэгіёнах нашага мінулага. Беларусы — чэмпіёны па шэнгенскіх паездках. Гэта адбываецца таму, што ў беларусаў захоўваюцца гены грамадзянаў ВКЛ. Цяпер ідуць перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму. Магчыма, што пэўныя дакумэнты будуць падпісаныя ўжо падчас саміту Ўсходняга партнэрства ў Рызе 21–22 траўня», — сказаў амбасадар.

Паслуга ў цэнтры каштуе 18 эўра, але плаціць трэба ў беларускіх рублях па курсе Нацбанку на дзень здачы дакумэнтаў.

Літоўскі візавы цэнтар на Чыгуначнай вуліцы, 33.
Літоўскі візавы цэнтар на Чыгуначнай вуліцы, 33.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG