Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 5 з паловай мільёнаў штрафу за тое, што назваў чыноўніка «тэрарыстам»


Леанід Аўтухоў, архіўнае фота
Леанід Аўтухоў, архіўнае фота

Завяршыўся судовы працэс над Леанідам Аўтуховым, актывістам партыі БНФ з Гарадка.

Судзьдзя Гарадоцкага райсуду Аляксандра Носава прызнала актывіста вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкула 23.5 — за «абразу службовай асобы пры выкананьні службовых паўнамоцтваў асобай, не падначаленай па службе».

Леанід Аўтухоў параўнаў начальніка раённай управы па працы, занятасьці і сацыяльным забесьпячэньні Пятра Прасолава з «тэрарыстам у Луганску і Данецку» — запіс з такімі словамі актывіст пакінуў у кнізе скаргаў райвыканкаму. За гэта судзьдзя пастанавіла аштрафаваць актывіста на 30 базавых велічынь, што складае 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў.

«Адно радуе: суд, па сутнасьці, прызнаў, што ў Луганску і Данецку дзейнічаюць тэрарысты. Судзьдзя нават перапытала: вы напісалі „паводзіў сябе, як тэрарыст“ — маючы на ўвазе тых, хто са зброяй нападае ў Луганску і Данецку? Так, я напісаў менавіта такія словы, разьлічваючы на тое, што вышэйшае кіраўніцтва патлумачыць спадару Прасолаву, што незаконна і нетактоўна зь людзьмі абыходзіцца нельга!» — кажа Леанід Аўтухоў.

Канфлікт з начальнікам раённай управы па працы, занятасьці і сацыяльным забесьпячэньні Пятром Прасолавым выйшаў праз тое, што Леаніда Аўтухова зьнялі з уліку ў цэнтры занятасьці. Актывіст перакананы, што гэта незаконна, і таму зрабіў запіс у кнізе скаргаў.

Пётар Прасолаў вырашыў, што запіс абразьлівы, і напісаў заяву ў міліцыю. Сьпярша на Леаніда Аўтухова склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула 9.3 — за «абразу, сьвядомае прыніжэньне гонару і годнасьці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме». 30 сакавіка распачаўся суд, але судзьдзя Аляксандра Носава абвясьціла перапынак і скасавала гэтую справу. 3 красавіка на Аўтухова склалі новы пратакол, ужо па іншым артыкуле — 23.5, паводле якога прадугледжваецца больш сур’ёзнае пакараньне.

8 красавіка актывіста пачалі судзіць наноў. Ён заявіў хадайніцтва, каб судовы працэс прыпынілі і далі яму магчымасьць заключыць дамову з адвакатам. Перапынак быў абвешчаны ўсяго на адзін дзень. Увечары спадар Аўтухоў зьвярнуўся ў адвакацкую кантору, але адзіны адвакат, які мог узяць удзел у працэсе 9 красавіка, быў вольны толькі з 16 гадзін. Судзьдзя Аляксандра Носава вырашыла, што чакаць ня будзе, і правяла працэс без удзелу адваката. Паводле Леаніда Аўтухова, судзьдзя незаконна пазбавіла яго права на абарону.

Цяпер беспрацоўны актывіст мусіць выплаціць амаль 5 з паловай мільёнаў штрафу. Яму гэта будзе цяжка: спадар Аўтухоў страціў сталую працу ў 2008 годзе — яго скарацілі пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў, куды ён балятаваўся. З тае пары ўладкавацца працаваць яму не ўдавалася, у тым ліку з дапамогай рэгіянальнага цэнтру занятасьці. Калі ён прыходзіў па накіраваньні цэнтру, то альбо абяцаных вакансіяў на прадпрыемствах не было, альбо яны аказваліся ўжо занятыя, або прапанаваная праца не адпавядала ягонай кваліфікацыі. У лютым гэтага году актывіста зьнялі з уліку па беспрацоўі, бо ён, маўляў, адмаўляецца ад прапанаванага працаўладкаваньня. За апошнія гады ён больш за 50 разоў спрабаваў уладкавацца на працу, і ўсё безвынікова. На думку Аўтухова, яго знарок зрабілі «палітычным дармаедам», бо ў раёне ведаюць пра ягоныя апазыцыйныя погляды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG