Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе я? Гомель


Праспэкт Леніна пачынаецца з прыпынку, «Зёрнышка» і «Локона»

Праспэкт Леніна пачынаецца з прыпынку, «Зёрнышка» і «Локона»

Карэспандэнты Свабоды прайшлі па першых ад вакзалу кварталах беларускіх гарадоў і паспрабавалі адказаць на пытаньне турыста, які ня ведае, куды трапіў.

Сто мэтраў па праспэкце Леніна — як па Расеі

Усе, хто прыяжджае ў Гомель на чыгуначны ці аўтамабільны вакзал, пачынаюць знаёмства з горадам з праспэкту Леніна, былой Замкавай вуліцы. Праспэкт, даўжынёю амаль паўтара кілямэтра, наўпрост вядзе да найпрыгажэйшага месца ў абласным цэнтры — гарадзкога палаца-паркавага ансамбля па-над Сожам. Мясцовыя ўлады нават намагаліся, каб яго ўключылі ў сьпіс аб’ектаў Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Зробім і мы якую сотню крокаў ад вакзалу па Леніна-Замкавай — прыкладам, у якасьці турыста, які хоча пабачыць «усясьветную спадчыну».

Справа па ходу ўпіраемся ў прыпынак грамадзкага транспарту з надпісам па-расейску: «Остановка «Вокзал». У тарцы дома № 34 — дзьве крамы з шыльдамі на мове суседняй краіны: «Зёрнышко» адкрытага акцыянэрнага таварыства «Гомельхлебпром», «Обувь», а таксама «Парикмахерская» акцыянэрнага таварыства «Локон».

Крокаў колькі наперад — і зноў натыкаемся на крамы з надпісамі па-расейску: «Продукты» адкрытага акцыянэрнага таварыства «Табаквинторг», «Матрёшка» — сувэнірная антыкварная крамка.

Першыя дзясяткі мэтраў па праспэкце Леніна

Першыя дзясяткі мэтраў па праспэкце Леніна

Далей — сувэнірная крама «Финифть», фірмовая «Аdidas», крама адзеньня «Ценопад» з прыпіскай на чырвоным палотнішчы «Мы открылись», «Ювелирная мастерская», "Ткани","Основной инстинкт«, «Банк Москва-Минск», «Белорусский мех» Віцебскага футравага камбінату, ювэлірная крама «Мономах», закрытае акцыянэрнае таварыства «Белнефтестрах», аптэка «Планета здоровья» таварыства з дадатковай адказнасьцю «Фарм-Продукт».

Крама сувэніраў

Крама сувэніраў

Яны адчыніліся

Яны адчыніліся

І заканчваюцца мае сто зь лішкам мэтраў домам № 28, дзе крама «Глобус» гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельоблсоюзпечать». Усё спрэс па-расейску.

У мінакоў запытваюся: «А Гомель — гэта чый горад?». Старшаклясьніцы ўсьміхаюцца, зьдзіўляючыся, відаць, наіўнасьці пытаньня: «Беларускі!» — адказваюць.

Але другое кароценькае пытаньне «А па чым гэта бачна?» іх бянтэжыць — яны паціскаюць плячыма і хуценька сьлізгаюць у дзьверы крамы «Ценопад».

Адміністратарка крамы і прадавачкі сьцьвярджаюць, што прыязна ставяцца да беларускамоўнай рэклямы, да шыльдаў, напісаных па-беларуску. Але ж яны, маўляў, не гаспадары і не вырашаюць, як і што рабіць, на якой мове рэклямаваць сваю краму:

«Беларуская — беларускай. А нашы гаспадары вырашылі зрабіць такую шыльду».

Маладзейшая прадавачка як бы з дакорам дадае па-расейску: «А вы мне пакажыце хоць адну краму, у якой шыльда па-беларуску. Усё ў нас у горадзе па-расейску».

Суразмоўніца збольшага мае рацыю, бо на дасьледаваным адрэзку толькі пару вузкіх шыльдак на вышыні двух з паловай мэтраў напісаныя па-беларуску: «ЛЕНІНА праспект» ды столькі ж таблічак на дамах: «Гісторыка-культурная каштоўнасць. Будынак 1959 г. Прычыненне шкоды караецца па закону».

На процілеглым баку праспэкт пачынаецца (заканчваецца) домам № 59. Ён — таксама ў ліку каштоўных. На першым паверсе камяніцы — шэраг крамаў «Техно-торгового центра», прадстаўніцтва страхавой кампаніі «Таск». Шыльды, дні і гадзіны працы зноў-такі напісаныя спрэс па-расейску. Нават фірмовая сэкцыя тэлевізараў «Витязь» — і тая на мове суседняй дзяржавы.

Пачатак праспэкту Леніна па левым баку

Пачатак праспэкту Леніна па левым баку

Малады супрацоўнік цэнтру, які назваўся Арцёмам, апавядае:

«Мне падаецца, толькі адсоткаў дваццаць напісана па-беларуску, астатняе — „расея“ і па-ангельску. Цяпер нават многія на ангельскую мову ўсё пераводзяць — тыя ж беларускія фірмы пішуць свае назвы па-ангельску. Калі браць тое, што побач, то на Прывакзальнай вуліцы беларуская кухня — „Карчма“ называецца. На праспэкце Перамогі ёсьць крама „Алеся“ — гэта ж таксама зьвязана зь Беларусьсю, беларускае народнае імя».

Арцём кажа, што ня супраць, каб вулічная інфармацыя хоць бы напалову мела беларускі правапіс. Але асабіста яму прывычней па-расейску і нават па-ангельску:

«Пяцьдзясят на пяцьдзясят — я ня супраць. Але я большы прыхільнік сучаснага, можна нават сказаць, заходняга кірунку, каб цікавей было. Я не прыхільнік цяперашняй беларускай сымболікі. Я не які там нацыст, проста я не прыхільнік беларускай мовы. Мне расейская больш падабаецца. У мяне ўсе родныя з Расеі, выхаваньне ўсё расейскае».

Пра дваццаць адсоткаў шыльдаў па-беларуску малады гандляр з расейскім выхаваньнем, вядома, перабольшыў. Статыстыкі адпаведнай няма. Але візуальна бачна, што адсотак шыльдаў ды іншай вулічнай інфармацыі ў горадзе да двухзначнай лічбы яўна не дацягвае. На тым жа правым баку праспэкту, апрача вышэйзгаданых, па-расейску абвяшчаюць пра сябе салён «Ювелир-Карат», крамы «Штофф», «Кравт», «Рассвет», «Книжный мир», «Лаура» — усё й пералічыць складана.

І толькі гандлёвыя кропкі «Асалода», «Стужка» пад беларускімі шыльдамі.

Ды яшчэ лацініцай напісана назва крамы фірмовай жаночай бялізны «Milavitsa» на першым паверсе так званага «дома камуны», пабудаванага амаль сто гадоў таму таленавітым архітэктарам Шабунеўскім для рабочых вагонарамонтнага заводу.

Аздабленьне крамы «Мілавіца»

Аздабленьне крамы «Мілавіца»

Ну, і пры сьвятлафоры на скрыжаваньні праспэкту Леніна з вуліцай Чырвонаармейскай напісана па-беларуску: «Будзьце уважлівымі» — праўда, без «ў» нескладовага.

Пашэнціла гараджанам і гасьцям хіба толькі з 17-м аддзяленьнем сувязі, пазначаным адразу на трох мовах: пасярэдзіне «Пошта», па баках — «Почта» і «Post».

У краме зь беларускай назвай «Стужка» пералік тавараў на вітрыне — гардзіны, фіранкі, заслоны, тыя ж стужкі — напісаны таксама па-расейску.

Але працаўнікі крамы разумеюць, што беларускамоўнае асяродзьдзе здольнае ўплываць на чалавека, гуртаваць людзей. Заўважаюць таксама, што, на жаль, пры ўзаконеным дзяржаўным дзьвюхмоўі цярпіць менавіта мова тытульнай нацыі. Нават у афармленьні вуліц, пра што кажа спадарыня Натальля:

«Усюды рэкляма ідзе расейская, на расейскай мове. Я нават і не заўважала, каб была на беларускай, акрамя нашай „Стужкі“. Мы ж у беларускай краіне жывём. Правільна? І я вельмі станоўча стаўлюся да нашай рэклямы. Трэба неяк нашу краіну падтрымліваць, каб мы не адвыкалі ад нашай роднай мовы».

Сталага веку гараджанка Вера Гаўрылаўна, якая прысела на лаўку пад каштанамі адпачыць, разважае гэтак пра хібную практыку аздабленьня галоўнага праспэкту абласнога цэнтру, ды ня толькі яго:

«Зьдзіўляе, канечне, што імкнуцца менавіта па-расейску. У Менску, пэўна ж, стараюцца ўсё па-беларуску пісаць, усе шыльды? А чаму ў нас не — такія, бадай, правіцелі беларускія тут, у Гомелі, што ня дбаюць. Прэзыдэнт жа ў Гомелі за афармленьнем ня будзе сачыць. Гэта нашы ў выканкамах сядзяць, не варушацца. А чаго сядзець? Думаць жа трэба! Глядзіце, вось аўтобус ідзе — на бакавіне «ЧУП Лизинг», таксама па-расейску. А чаму на беларускай мове не напісаць? Недапрацоўка нашых выканкамаў і дэпутатаў".​

Чыгуначны вакзал

Чыгуначны вакзал

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG