Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для асобаў з вышэйшай адукацыяй тэрмін альтэрнатыўнай службы складзе 24 месяцы, без вышэйшай адукацыі — 36 месяцаў.

Закон забараняе «альтэрнатыўшчыкам» прымаць удзел у забастоўках, займацца іншай працай, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

У Беларусі прыняты Закон «Аб альтэрнатыўнай службе», яго асноўныя палажэньні ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2016 году. Пра гэта паведамляе Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Цяпер беларусы змогуць замест вайсковай службы займацца грамадзка карыснай дзейнасьцю. На альтэрнатыўную службу будуць браць тых грамадзян, якія заявяць, што ня могуць прымаць прысягу і насіць зброю з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў. Іх будуць накіроўваць ва ўстановы аховы здароўя, сацыяльнай сфэры, жыльлёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, у арганізацыі, якія займаюцца добраўпарадкаваньнем тэрыторыяў, будоўляй і рамонтам дарог. Альбо яны будуць браць удзел у ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацыяў прыроднага і тэхнагеннага характару.

Каб пайсьці на альтэрнатыўную службу, неабходна не пазьней як за 10 каляндарных дзён да заканчэньня мерапрыемстваў па прызыве зьвярнуцца зь пісьмовай заявай у прызыўную камісію. Камісія разгледзіць заяву ў прысутнасьці заяўніка. На такое пасяджэньне могуць запрасіць «прадстаўнікоў рэлігійных і іншых арганізацыяў, іншых грамадзянаў, якія могуць даць тлумачэньні па сутнасьці заявы». Урэшце камісія прымае рашэньне пра замену вайсковай службы на альтэрнатыўную.

На альтэрнатыўную службу будуць браць тых грамадзян, якія заявяць, што ня могуць прымаць прысягу і насіць зброю з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў.

Закон пералічвае выпадкі, калі грамадзяніну могуць адмовіць у альтэрнатыўнай службе. Такое рашэньне прызыўнік можа абскардзіць у абласных або Менскай гарадзкой прызыўных камісіях або ў судзе.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны вызначае арганізацыю, дзе грамадзянін павінен праходзіць альтэрнатыўную службу, а таксама дату яе пачатку.

Для асобаў з вышэйшай адукацыяй тэрмін альтэрнатыўнай службы складзе 24 месяцы, без вышэйшай адукацыі — 36 месяцаў. Пры гэтым «альтэрнатыўшчыкі» будуць атрымліваць «месячнае ўтрыманьне ў 150% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва». З 13-га месяца службы ўтрыманьне павінны павысіць на 20% бюджэту пражытковага мінімуму, з 25-га месяца — на 40%.

Звольніцца з альтэрнатыўнай службы можна па заканчэньні тэрміну, па хваробе або ў выпадку пазбаўленьня волі. Законам таксама вызначаны акалічнасьці, пры якіх можна датэрмінова звольніцца з альтэрнатыўнай службы.

Грашовае ўтрыманьне для альтэрнатыўшчыкаў будзе большае, чым для ваеннаслужачых тэрміновай службы, бо наймаць жытло і харчавацца альтэрнатыўшчыкі будуць за свой кошт.

Прадстаўляючы сёлета ў траўні закон у Палаце прадстаўнікоў, міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў дэпутатам, што колькасьць альтэрнатыўшчыкаў «будзе мізэрная».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што закон парушае правы тых, хто не жадае служыць у войску зь іншых, ня толькі рэлігійных прычын.

«Мы з такім вузкім тлумачэньнем „перакананьняў сумленьня“ толькі рэлігійнасьцю катэгарычна ня згодныя. Перакананьні сумленьня могуць быць значна шырэйшыя, пра гэта кажа і Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў сваім 8-м артыкуле прадугледжвае, што альтэрнатыўная служба можа быць прадстаўленая і зь іншых „палітычных і маральна-этычных меркаваньняў“. Прыкладам, калі чалавек — пацыфіст. Але як гэта праверыць? Шмат у якіх краінах гэта і не правяраюць, гэта вызначаецца на заяўнай падставе».

Міхась Пашкевіч

Міхась Пашкевіч

Каардынатар кампаніі «За альтэрнатыўную службу» Міхась Пашкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што прыняты беларускімі ўладамі закон зусім ня той, якога чакалі праваабаронцы:

«Гэта зьдзек. Па ўсіх прынцыповых момантах гэта ня тое, чаго мы чакалі. Мы выступалі за больш лібэральную вэрсію закону, каб любы малады грамадзянін Беларусі, належыць ён да нейкай рэлігійнай групы ці не, мог атрымаць магчымасьць праходзіць альтэрнатыўную службу. Гэта тычыцца тэрмінаў, умоваў службы і заробкаў.

Адзіны плюс, што гэты закон нарэшце прыняты, праца, якая павінна была скончыцца недзе ў 1999 годзе, нарэшце скончылася.

Але я асабіста не задаволены, і я на такую службу не пайшоў бы. Але я і не атрымаў бы яе, бо я ня змог бы давесьці, што маю перакананьні, якія не дазваляюць мне трымаць зброю ў руках па вэрсіі сёньняшняга закону.

Гэты закон на „троечку“ па дзесяцібальнай сыстэме. Мы працягнем працу па правах прызыўніка. Варта заняцца больш грунтоўнымі рэчамі кшталту адмены прызыву. Паляпшаць гэты закон ня мае сэнсу, ён мусіць стаць перажыткам мінулага.

Адзінае, што апраўдвае вайсковае лобі ў Палаце прадстаўнікоў, гэта сытуацыя на Данбасе. Яны скажуць, што вось, маўляў, сёньня адмяняць прызыў нельга. Гэта праўда. Нават Літва, Латвія, Чэхія аднаўляюць прызыў. Але ў прынцыпе праз пару гадоў прызыўное войска трэба адмяняць. Таму я расчараваны. Трэба даводзіць, каб гэты закон разам з законам аб вайсковым абавязку клаўся ў архіў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG