Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесю Садоўскую асудзілі да двух з паловай гадоў і вызвалілі ў залі суду


«Гэта так званая «хатняя хімія, — пракамэнтаваў судзьдзя Павал Жэчка рашэньне асудзіць Садоўскую на 2 гады і 6 месяцаў без накіраваньня ва ўстанову абмежаваньня волі. Знаходжаньне Садоўскай пад вартай з 25 лютага па 16 чэрвеня ўлічылі ў адбыцьцё тэрміну пакараньня па схеме „адзін дзень за два“».

Садоўская ўжо некалькі гадоў вядзе змаганьне з аддзелам адукацыі, выхаваньня, спорту і турызму Маладэчанскага выканкаму, каб вярнуць сабе 9-гадовую дачку Кацярыну. Маці сьцьвярджае, што дзіця ў яе забралі незаконна.

Алесю Садоўскую абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 366 Крымінальнага кодэксу — «гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненьні да асобы, якая выконвае свае службовыя паўнамоцтвы». Праз... «помсту за выкананьне службовых абавязкаў».

Пацярпелай у судзе выступала загадчыца аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму Іна Драпеза. Яна сьцьвярджае, што 1 лютага 2016 году Алеся Садоўская ў сваім кабінэце ўдарыла яе па шчацэ, спрабавала задушыць, цягала за валасы і біла нагамі. Абвінавачаньне кажа, што ў выніку Драпеза атрымала ацёк шчакі, гематомы і драпіну на нагах — «лёгкія пашкоджаньні». У якасьці сьведак выступаюць супрацоўніцы аддзелу адукацыі.

«Я не разумею, чаму я вінаватая», — сказала Садоўская пасьля абвяшчэньня прысуду. Яна абвінавачаньні не прызнае. Кажа, што спрабавала адабраць у чыноўніцы мабільны тэлефон, на які тая намагалася яе здымаць падчас размовы. Яна заяўляе, што ў той дзень у кабінэце начальніцы супраць яе была ўчыненая правакацыя, каб схаваць парушэньні ў дачыненьні да яе 8-гадовай дачкі Кацярыны. Нібыта яе хочуць выставіць «неадэкватнай», каб апраўдаць адабраньне ў яе дзіцяці.

«Былі дапушчаныя парушэньні, якія аддзел адукацыі адмаўляўся прызнаваць. Потым ён ізноў рабіў парушэньні ў дачыненьні да маёй дачкі. Цяпер пацярпелая хоча, каб гэта ўсё было затаіць, і ніхто пра гэта не даведаўся, — сказала суду Алеся Садоўская. — Ведаючы, што я не пакіну без увагі гэтыя парушэньні, што ўсе пра гэта даведаюцца, — яна робіць усё, каб нанесьці мне шкоду і націснуць нейкім чынам. Іншага тлумачэньня ў мяне няма».

Адвакат Садоўскай Марыя Волкава падчас судовых спрэчак распавяла гісторыю доўгіх змаганьняў жанчыны за сваю дачку Кацярыну. Па меркаваньні абароны, менавіта на падставе аналізу гэтых падзеяў, суду трэба было рабіць высновы пры вынясеньні прысуду. Тым ня менш, Садоўскую прызналі вінаватай.

Начальнік РУУС накіроўвае той жа Драпезе на разгляд — то бок асобе, чые дзеяньні абскарджваюцца. І ўсе ходзяць пасьміхаюцца, усе ўсё разумеюць, і ўсім пляваць

У судзе Садоўская зноў падрабязна распавяла пра гісторыю сваіх стасункаў з аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Раней яе абвінавацілі паводле арт. 364 КК — «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах помсты за выкананьне службовай дзейнасьці» — і асудзілі на шэсьць месяцаў прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня. Падставай для крымінальнай справы стаў выпадак, калі Садоўская нанесла «ня менш за 10 удараў» жаночай торбачкай і рукамі супрацоўніку МУС. Пасьля 4 месяцаў стацыянарнага лячэньня ў РНПЦ псыхічнага здароўя яе выпісалі для амбуляторнага назіраньня з дыягназам «хранічнае афэктыўнае расстройства».

Дачка Кацярына, пакуль маці была ў «Навінках», атрымала статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, і была накіраваная ў прыёмную сямʼю. Пазьней аддзел адукацыі праз суд заабраў у Садоўскай дачку (не пазбавіўшы бацькоўскіх правоў) на той падставе, што ў яе ёсьць псыхічнае захворваньне.

Садоўская з гэтым не пагадзілася, зноў абскардзіла рашэньне, і суд стаў на яе бок. Інцыдэнт у кабінэце чыноўніцы здарыўся якраз тады, калі суд Маладэчанскага раёну прыступаў да разгляду пазову Алесі Садоўскай, якая хацела пацьвердзіць, што дачку ў яе адабралі незаконна.

25 траўня 2016 года суд вынес рашэньні на карысьць Садоўскай, адмовіўшы аддзелу адукацыі ў зыску пра адабраньне дачкі ў Алесі Садоўскай без пазбаўленьня яе бацькоўскіх правоў. Алеся спадзяецца, што дачка хутка будзе разам зь ёю. Цяпер Кацярына знаходзіцца ў прыёмнай сямʼі.

«Чамусьці наш маладэчанскі РУУС ніяк ня хоча рэагаваць. Напісала Драпеза заяву, на яе адразу рэагавалі, завялі крымінальную справу. Я пішу неаднаразова такія заявы пра незаконнае ўтрыманьне маёй дачкі, у мяне ёсьць дакумэнты. Начальнік РУУС накіроўвае той жа Драпезе на разгляд — то бок асобе, чые дзеяньні абскарджваюцца. Пра які разгляд ідзе размова? І ўсе ходзяць пасьміхаюцца, усе ўсё разумеюць, і ўсім пляваць», — заявіла Садоўская пасьля вызваленьня.

XS
SM
MD
LG