Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: вайсковец са зброяй — патэнцыйная небясьпека


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Расейскі салдат Валеры Пермякоў, які служыў на 102-й расейскай вайсковай базе ў армянскім горадзе Гюмры, прызнаўся ў забойстве шасьці чалавек з адной сям’і.

Пермякоў, якога пасьля затрыманьня перадалі камандаваньню вайсковай базы, расказаў, што ўцёк з часьці. Расейскі бок не зьбіраецца выдаваць свайго вайскоўца праваахоўным органам Армэніі.

Трагедыя выклікала ў Армэніі шок. Зноў загучалі пытаньні пра ўмовы знаходжаньня расейскіх вайскоўцаў у гэтай краіне.

На гэты момант расейскія вайсковыя базы за межамі краіны разьмешчаныя ў Абхазіі, Армэніі, Беларусі, Казахстане, Кіргізстане, Прыднястроўі, Сырыі, Таджыкістане і Паўднёвай Асэтыі. У Беларусі расейскіх базаў дзьве. Гэта станцыя папярэджаньня аб ракетным нападзе ў Ганцавічах, вузел сувязі расейскага ВМФ у Вялейцы і ў 2015 павіна зьявіцца авіябаза ў Бабруйску.

Які кантынгент служыць на расейскіх вайсковых базах у Беларусі і ці магчыма, што падобны выпадак можа здарыцца ў Беларусі? Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін так адказаў на гэтыя пытаньні карэспандэнта Свабоды:

«Чалавек са зброяй не заўсёды мае патрэбны мэдычны кантроль. Былі выпадкі, калі і ў беларускім войску людзі са зброяй сыходзілі. У прынцыпе, ад такой сытуацыі ніхто не застрахаваны.

Вельмі многія не вытрымліваюць вайсковай службы, асабліва людзі, схільныя да душэўных расстройстваў

У нас у асноўным расейскія вайскоўцы выконваюць функцыі па абслугоўваньні станцыяў папярэджаньня аб ракетным нападзе ў Ганцавічах і станцыі сувязі расейскага флёту ў Вялейцы. Практычна гэтыя спэцыяльнасьці не зьвязаныя з нашэньнем зброі. Наколькі я ведаю, функцыі па ахове тэрыторыі гэтых вайсковых аб’ектаў выконвае беларускі бок, хоць статус гэтых вайсковых аб’ектаў ацэньваецца расейцамі як вайсковыя часьці. І там службу праходзяць расейскія вайскоўцы як тэрміновай, так і кантрактнай службы. Ну, цяпер больш кантрактнікі.

У прынцыпе, у любым вайсковым фармаваньні такая сытуацыя магчымая, калі чалавек, нездаровы псыхічна, які атрымаў доступ да зброі, можа ўчыніць злачынства з выкарыстаньнем гэтай зброі. Тым больш дэзэрцір і гэтак далей. У лётчыкаў расейскіх Узброеных сілаў ёсьць асабістая зброя. Вядома, любую сытуацыю можна гіпатэтычна ўявіць, нейкі канфлікт, разборкі, і зброя можа быць прымененая. Але я ня думаю, каб за межамі вайсковай часьці яны хадзілі са зброяй. Існуе строгі парадак, успадкаваны ад савецкай арміі, — парадак выдачы, нашэньня і захоўваньня зброі.

Але надзвычайныя сытуацыі былі і ў савецкія часы, калі дэзэрціры ўцякалі са зброяй, і на гэтай глебе былі злачынствы і нават трагічныя выпадкі. Наагул, армія — гэта сыстэма, якая ўяўляе сабой патэнцыйную небясьпеку, бо там людзі са зброяй і не заўсёды можна гарантаваць душэўнае здароўе людзей, якія праходзяць там службу, хоць яны праходзяць мэдычную камісію і так далей. Вельмі многія не вытрымліваюць вайсковай службы, асабліва людзі, схільныя да душэўных расстройстваў».

XS
SM
MD
LG