Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін чакае вырашэньня справы дома, Беражкоў і Суботкін — на «Валадарцы»


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Гучныя справы 2015 году, якія перацяклі ў год 2016-ты.

Паводле назіральнікаў, шэраг гучных крымінальных спраў, якія былі заведзеныя ў 2015 годзе і перацяклі ў новы год, маюць няпэўныя пэрспэктывы.

Даўжэй за іншыя цягнецца справа незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, якога арыштавалі ў канцы мінулай вясны паводле абвінавачаньняў у здрадзе празь перадачу замежнікам нейкіх сакрэтных матэрыялаў. Журналіста Алесіна пратрымалі ў вязьніцы КДБ амаль месяц, потым вызвалілі на час сьледзтва пад падпіску, потым расьсьледаваньне справы спынілі, але саму справу не закрылі цалкам і падпіску аб нявыезьдзе з краіны не адмянілі.

Пры гэтым сьледчыя сказалі Аляксандру Алесіну, што хутка будуць прынятыя зьмены ў крымінальны закон, якія нібыта ўвогуле адменяць інкрымінаваны яму артыкул. «Чакайце», — абнадзеілі сьледчыя КДБ вядомага журналіста.

«Час ідзе, цягнуцца месяц за месяцам, а ў маім становішчы нічога не мяняецца. У канцы году, калі раптам зьявіліся зьвесткі, што нібыта ў Нацыянальным сходзе некія зьмены ў закон сапраўды падрыхтавалі, я сам пазваніў сьледчым у КДБ. Не, кажуць, адносна вас ніякіх указаньняў ад кіраўніцтва пра завяршэньне справы няма. Таму для мяне ўсё застаецца як было, мой прававы статус не зьмяніўся. Унутры Беларусі магу езьдзіць, тут мяне, наколькі я бачу, не кантралююць, але калі б сабраўся за мяжу — то пэўна б ня выпусьцілі. А галоўнае, што калі будзе вырашаная мая справа — невядома», — распавёў пасьля навагодніх сьвятаў Аляксандар Алесін.

Уладзімер Беражкоў
Уладзімер Беражкоў

У канцы жніўня быў арыштаваны і дагэтуль застаецца ў ізалятары на Валадарскага былы выканаўца абавязкаў гендырэктара менскага хакейнага клюбу «Дынама» Ўладзімер Беражкоў. Былога рэдактара «Прессбола» Беражкова вінавацяць у нанясеньні клюбу вялікіх грашовых стратаў праз карупцыю. Неўзабаве пасьля арышту Ўладзімера Беражкова Сьледчы камітэт, дзе расьсьледуецца ягоная справа, паведамляў, што хакейны функцыянэр нібыта прызнаў сябе вінаватым і нават хадайнічаў аб пакрыцьці стратаў. Аднак у канцы году гэтыя зьвесткі абверг адвакат Уладзімера Беражкова, а ягоны сын паведаміў мэдыям, што на бацьку сьледчыя чыняць моцны ціск. «Ламаюць гэтак, як не ламалі нават палітвязьняў», — сказаў журналістам Мікіта Беражкоў.

Журналіст Мікалай Н, які лістуецца з Уладзімерам Беражковым, апавёў апошнія вядомыя яму зьвесткі пра справу.

«Лістоў ад яго даўно не было. Але ведаю, што яму дазволілі некалькі спатканьняў са сваякамі, дык тыя кажуць, што трымаецца ён добра, на ўмовы ня скардзіцца. Неўзабаве, 16 студзеня, будзе гадавіна газэты „Прессбол“, 25 гадоў. Магчыма, давядзецца спраўляць без галоўнага юбіляра, хоць пасьля 13-га чысла павінна быць новае рашэньне адносна ягонай справы — працягваць ці не. Таму паглядзім. Ведаю, што справу сваю ён яшчэ не вывучаў, гэтага этапу не было. Яшчэ ведаю, што павінна працаваць ведамасная камісія, якая мае вызначыць, ці былі страты і ў якім памеры. Бо тое, што агучыла сьледзтва, — гэта іх разьлікі, а што скажуць іншыя экспэрты, гэта яшчэ невядома».

Між тым, як паведамляла БелТА са спасылкай на міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, справа Ўладзімера Беражкова нібыта ўжо падрыхтаваная для накіраваньня ў суд.

«Тое, што я ведаю, — справа ў стадыі завяршэньня і накіраваньня ў суд. Тэрмін утрыманьня пад вартай Беражкова падаўжалі выключна празь неабходнасьць азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы. Ён азнаёміўся зь імі разам з адвакатам», — казаў журналістам міністар Ігар Шуневіч у сярэдзіне сьнежня.

Сьледчы камітэт вядзе супроць Беражкова справу паводле артыкула аб крадзяжы праз службовае злоўжываньне. Спачатку, па словах сьледчых, у справе фігуравала сума ў 2800 даляраў, потым памер стратаў павялічыўся да мільярда рублёў.

Максім Суботкін. Фота з асабістага архіву
Максім Суботкін. Фота з асабістага архіву

На «Валадарцы» працягваюць трымаць і былога гендырэктара «Дынама-Менск» Максіма Суботкіна, які таксама быў арыштаваны летась і чакае заканчэньня сьледзтва ў справе аб нанясеньні нібыта вялікіх стратаў клюбу. У канцы году паведамлялася, што Максім Суботкін пакрыў нанесеныя ім страты, але зьвестак пра тое, што ў сувязі з гэтым яго вызвалілі, не было.

З гучных спраў мінулага году варта ўзгадаць таксама арышт і завядзеньне крымінальнай справы супроць уладальніка менскага заводу «Мотавела» Аляксандра Мураўёва, якога падазраюць у незаконным вывадзе з краіны капіталу больш як на 20 мільёнаў даляраў. Зьвесткі пра арышт Мураўёва, а таксама ягонага брата і некаторых мэнэджэраў заводу зьявіліся яшчэ ў ліпені. Які вынік сьледзтва — у СК пакуль не паведамляюць.

Журналісты працягваюць цікавіцца і лёсам Уладзімера Япрынцава, аднаго з сузаснавальнікаў холдынгу «Трайпл», бізнэс-партнэра беларускага алігарха Юрыя Чыжа. Уладзімера Япрынцава, а па некаторых зьвестках, і ягонага сына Казбэка Япрынцава, арыштавалі ў жніўні супрацоўнікі КДБ. Толькі ў канцы году старшыня КДБ Валер Вакульчык пацьвердзіў факт затрыманьня Ўладзімера Япрынцава і паведаміў, што той абвінавачваецца ў махлярстве.

Некаторыя справы 2015 году ня толькі яшчэ не расьсьледаваныя, але не затрыманыя і іх фігуранты. Найперш гэта тычыцца гучнага рабунку філіялу BSB-банку ў Менску. Паводле памераў скрадзенага гэты рабунак пабіў усе рэкорды.

25 красавіка з сэйфаў філіялу BSB-банку на плошчы Свабоды ў Менску зьніклі 690 тысяч даляраў, 64 тысячы эўра, больш за 3 мільёны расейскіх рублёў і меншыя сумы ў ангельскіх фунтах, швайцарскіх франках, грыўнях і злотых. Сьледчыя паведамілі, што паводле падазрэньня ў датычнасьці да крадзяжу распачатыя пошукі супрацоўніка банку, які зьнік. Пазьней у інтэрнэце зьявілася фота зь відэаназіраньня ў банку, на якім бачна, як супрацоўнік банку выносіць зь яго торбу. Аднак мінула ўжо больш за 7 месяцаў, але магчымага злодзея не знайшлі. «Сьледзтва і пошук злачынцы, які абрабаваў філіял BSB-банку на плошчы Свабоды ў Менску, працягваюцца», — паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Сьледчым камітэце 4 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG