Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд адабраў дзіця ў жанчыны, якая ўдарыла міліцыянта жаночай торбачкай


Алеся Садоўская

Алеся Садоўская

1 верасьня суд Маладэчанскага раёну задаволіў пазоў аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму і прыняў рашэньне адабраць дачку ў жыхаркі Маладэчна Алесі Садоўскай, не пазбаўляючы яе бацькоўскіх правоў.

Справу Алесі Садоўскай Радыё Свабода падрабязна апісала, калі працэс яшчэ працягваўся. Раней Садоўская была абвінавачаная паводле арт. 364 КК — «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах помсты за выкананьне службовай дзейнасьці» і асуджаная да прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня на шэсьць месяцаў. Падставай для крымінальнай справы стаў выпадак, калі Садоўская нанесла «ня менш за 10 удараў» жаночай торбачкай і рукамі супрацоўніку МУС. Пасьля 4 месяцаў стацыянарнага лячэньня ў РНПЦ псыхічнага здароўя яе выпісалі для амбуляторнага назіраньня з дыягназам «хранічнае афэктыўнае расстройства».

Дачка Кацярына, пакуль маці была ў «Навінках», атрымала статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, і была накіраваная ў прыёмную сям’ю. А 28 ліпеня Аддзел адукацыі зьвярнуўся ў суд з пазовам аб адабраньні дзіцяці ў маці на падставе яе дыягназу. Паводле пастановы Міністэрства аховы здароўя № 36 ад 30.03.2010 афэктыўнае расстройства ўваходзіць у пералік захворваньняў, пры якіх бацькі ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.

Алеся Садоўская зьвярнулася па дапамогу да праваабаронцаў. У працэсе прымаў удзел юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла: «Сам ход працэсу паказаў, што ані органы апекі, ані пракуратура, ані суд не ўяўляюць прыроды такога кшталту пазоўных справаў. Вядома, яны рэдкія ў практыцы судоў, але, вырашаючы падобныя пазовы, неабходна кіравацца ня толькі законам, але і наяўнай практыкай, нацыянальным і міжнародным заканадаўствам у галіне забесьпячэньня законных правоў як дзіцяці, так і бацькоў».

Паганяйла прыводзіць у прыклад гісторыю сям’і інвалідаў Бахур з Івацэвіч, якім урэшце дазволілі пакінуць дзіця дома.

«Пытаньне стаіць так: яны маюць пэўныя захворваньні, але пры гэтым захворваньне можа і не перашкаджаць ажыцьцяўленьню догляду за дзіцём. Выпадак у Івацэвічах паказаў, што дзяржава, у прынцыпе, ведае гэтыя падыходы. Ведае неабходнасьць ісьці на кампрамісы і нават не на кампрамісы, а на адступленьне ад дзейных нарматыўна-прававых актаў у інтарэсах дзіцяці».

«На сто працэнтаў забясьпечаныя інтарэсы і дзіцяці, і бацькоў. Не адбылася чалавечая трагедыя!», — падсумоўвае Паганяйла.

Юрыст настойвае, што ў справе Садоўскай суд падышоў фармальна і не зрабіў неабходных захадаў.

«Суд мусіў і ўлічыць мэдычныя крытэры стану здароўя і дасьледаваць акалічнасьці, якія б сьведчылі пра магчымасьць нават пры наяўнасьці гэтага захворваньня выхоўваць дзіця. Аднак суд ухіліўся ад гэтых пытаньняў, падышоў фармальна», — кажа Паганяйла.

У тэксьце рашэньня па справе Садоўскай суд Маладэчанскага раёну спасылаецца на ч.1 і ч.4 арт.85 Кодэксу аб шлюбе і сям’і, у адпаведнасьці зь якімі суд можа прыняць рашэньне аб адабраньні дзіцяці і перадачы яго органам апекі... «калі пакіданьне дзіцяці ў асобаў, у якіх ён знаходзіцца, небясьпечнае для яго».

Аднак падчас працэсу, сьцьвярджае Паганяйла, доказаў таго, што Садоўская ўяўляе небясьпеку для дзіцяці, прадстаўлена не было.

«Гэтыя крытэры судом не дасьледаваліся, у рашэньні яны не ўказаныя, і доказаў ані органы апекі, ані пракуратура, якая падтрымала іх патрабаваньні ў судзе, не прадставілі. А суд іх не запатрабаваў», — кажа Паганяйла.

Алеся Садоўская рыхтуе касацыйную скаргу ў абласны суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG