Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чым мы горшыя за замежнікаў?» — у Магілёве зьявіцца крама сувэніраў, зробленых інвалідамі


Алеся Цумарава
Алеся Цумарава

«На Магілёўшчыне нас 56 тысяч...», — жыхарка Магілёва Алеся Цумарава адчыняе краму, у якой будзе прадаваць сувэніры, вырабленыя людзьмі з інваліднасьцю. Яна перакананая ў посьпеху. Праект Алесі выйшаў у рэгіянальны фінал конкурсу прадпрымальніцкіх ідэяў.

Сувэніры інвалідаў з гісторыяй

«Попыт на вырабы асаблівых людзей будзе», — упэўненая Алеся. Яна сама інвалід дзяцінства з ДЦП.

«На постсавецкай прасторы існуе такі стэрэатып адносна інвалідаў, што гэта людзі, ня здольныя ні на што, — без эмоцыяў кажа суразмоўніца. — Самі ж інваліды перакананыя, што яны такія ж людзі, як і ўсе».

«У нас многае атрымліваецца, і мы гатовыя забясьпечыць сваё жыцьцё, —працягвае Алеся. — Калі мы ня можам быць занятыя ў тых прафэсіях, якія патрабуюць стопрацэнтнага здароўя, то можам самарэалізавацца ў нечым іншым».

Думка пра адкрыцьцё крамы ў Алесі зьявілася, калі яна пабачыла, што вырабы на штогадовай выставе Таварыства інвалідаў застаюцца незапатрабаваныя.

«Я зьвярнула ўвагу, што ўдзельнікі паказваюць свае працы толькі на гэтай выставе, бо іншых пляцовак няма, а гаворкі пра продаж і пагатоў не вядзецца. Вось і наважылася паўдзельнічаць у конкурсе прадпрымальніцкіх ідэяў, — кажа Алеся. — Падумала: а няблага было б адчыніць краму, у якой прадаваліся б сувэніры, зробленыя рукамі інвалідаў, і ў кожнай такой працы была б свая гісторыя. Нас жа не адзін і ня пяць чалавек: па Магілёўскай вобласьці амаль 56 тысяч, а ў самім Магілёве — 18 тысяч. І амаль усе сядзім па дамах, глядзім тэлевізар ці „хаваемся“ ў кампутары».

Як бы між іншым Алеся заўважае: ня выключана, што зоймецца прасоўваньнем сувэнірнай прадукцыі з сваёй крамы ў замежжа.

Дом, у якім будзе крама сувэніраў ад асаблівых людзей
Дом, у якім будзе крама сувэніраў ад асаблівых людзей

«Там дужа папулярныя вырабы „з гісторыяй“. Іх набываюць аматары арыгінальнага аздабленьня інтэрʼеру, купляюць і ў падарунак. Гэта даволі вялікі рынак», — кажа суразмоўніца.

Важна быць карысным

«Хоць крама яшчэ не адчынілася, але да мяне ўжо зьвярнулася 15 чалавек, гатовых выставіць свае вырабы на вітрыны. Зацікавіліся супрацоўніцтвам са мною і цэнтры дзённага знаходжаньня інвалідаў з райцэнтраў Магілёўшчыны, — працягвае суразмоўніца. — Адна з умоваў супрацоўніцтва: вырабы павінны быць канкурэнтаздольныя. Такі падыход стымулюе чалавека з асаблівасьцямі разьвівацца, удасканальваць свае ўменьні, а яшчэ — вучыцца пераадольваць перашкоды».

Як сьцьвярджае Алеся, такой крамы, якую яна зьбіраецца адчыніць, у Беларусі няма.

Сувэніры для будучай крамы
Сувэніры для будучай крамы

«Можа, падобныя і ёсьць, але каб у ёй яшчэ і вялося навучаньне, дык пэўна няма, — кажа яна. — Калі, напрыклад, чалавек з асаблівасьцямі ня ўмее як сьлед рабіць сувэніры, але ў яго ёсьць жаданьне, то ён можа наведваць майстар-клясы, на якіх яго навучаць. Зробіць першы сувэнір. Выставім яго на продаж. Ён прадасца. Гэтак у яго зьявіцца магчымасьць дадатковага заробку, і гэта яго будзе стымуляваць да далейшых посьпехаў».

«Бальшыня інвалідаў зь дзяцінства сядзіць дома, — кажа далей Алеся. — У найлепшым выпадку скончылі дзевяць клясаў, адзінкі зь іх атрымлівалі вышэйшую адукацыю. А потым з гэтай адукацыяй яны нікому не патрэбныя, бо многія прадпрыемствы, арганізацыі, установы не прыстасаваныя, каб у іх працавалі інваліды. І толькі цяпер у нас мяняецца сытуацыя. А ў Эўропе інваліды не адчуваюць сябе непаўнавартаснымі людзьмі».

«Калі за мяжой інваліды самі сябе здольныя ўтрымліваць, дык чым мы горшыя за іх?» — з усьмешкай заўважае Алеся.

З мужам Сяргеем
З мужам Сяргеем

«Для інвалідаў важна быць карыснымі, каб іх ведалі, пра іх памяталі», — пасьля паўзы кажа яна.

Пад сваю краму Алеся ўжо знайшла памяшканьне на адной з самых ажыўленых вуліц магілёўскага Задняпроўя: на Пушкінскім праспэкце. Ёй паабяцалі зрабіць да крамы пандус. Будуць палёгкі з аплатай арэнды.

«У пляне бізнэсу я пакуль на шляху да посьпеху, — прызналася Алеся. — Што да асабістага жыцьця, то я лічу сябе шчасьлівым чалавекам. Нягледзячы на тое, што ў мяне было больш за дзесяць апэрацыяў, былі праблемы з нагамі, якія маглі прывесьці мяне да інваліднага вазка, я, аднак, на сваіх нагах. Замужам. Я мама. У мяне сын. Я каханая жанчына. Гэта тое, чаго хоча любая жанчына — з інваліднасьцю яна ці не».

Калі ёсьць стрыжань, цябе не зламіць

Алесі 35 год. Сыну — дзесяць. Суразмоўніца мае вышэйшую адукацыю. Скончыла Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Машэрава. Вучылася на гістарычным факультэце бібліятэчнага аддзяленьня, працуе бібліятэкарам. Дзякуе бацькам, што не апусьцілі рукі, змагаючыся зь немаччу.

Сын
Сын

«Тое, што цяпер маю, — гэта наступствы і таго, што мне шмат часу давялося правесьці ў спэцыялізаваных установах для інвалідаў, — кажа суразмоўніца. — Там норма паводзін: пастаялец ня можа нічога патрабаваць. Па сутнасьці, гэта закрытыя ўстановы, дзе па званку падымаюць, па званку вядуць, па званку ўсё робяць. Калі там ты пакажаш слабасьць характару, то цябе будуць увесь час крыўдзіць. Калі ж у цябе будзе стрыжань, то цябе ніхто ня зможа зламіць».

Чалавеку з абмежаванымі магчымасьцямі няпроста жывецца ў сучасным сьвеце, — кажа Алеся.

«Пакуль ня зжытае стаўленьне да інвалідаў як да людзей з абмежаваным розумам. Што, маўляў, яму трэба сядзець дома і не паказвацца на людзях, бо так будзе лепей для ўсіх. Такога чалавека без асаблівага жаданьня бяруць на працу, бо ёсьць стэрэатып, што ён недаразьвіты. Такое стаўленьне да інваліда накладае на яго дужа нэгатыўны адбітак, зьніжае самаацэнку. Чалавек з асаблівасьцямі мусіць даводзіць сваю правату, а гэта дужа цяжка. Калі хто захварэў на грып, то яму кепска празь немач, а інвалід кожнае імгненьне жыве са сваім „грыпам“».

«Людзі староняцца інвалідаў, — працягвае яна. — Ня кожны „здаровы“ чалавек наважыцца прайсьціся з інвалідам. Пануе такое меркаваньне: а што скажуць іншыя, калі мяне, здаровага, убачаць зь ім?»

«Калі я знаёмілася з маладымі людзьмі, дык некаторыя зь іх казалі: „Я б з табою сустракаўся, але праз тваю інваліднасьць не магу, бо што пра мяне тады скажуць мае сябры? Ці зразумеюць блізкія, пабачыўшы мяне зь дзяўчынай-інвалідам?“»

Забыць савецкае мінулае

На думку Алесі, сытуацыя з успрыманьнем інвалідаў мяняецца.

«Згадайце, як за савецкім часам дзеці-інваліды вучыліся асобна. Цяпер жа сытуацыя інакшая. У сьвятле інклюзіўнасьці шырока практыкуецца сумеснае навучаньне. У моладзі, якая нарадзілася ў 1990 і 2000 гадах, ужо іншае стаўленьне да інвалідаў. Ад савецкага мінулага трэба як найхутчэй адыходзіць і шукаць новыя магчымасьці для самарэалізацыі людзей з асаблівасьцямі разьвіцьця».

Алеся з мужам Сяргеем на адным з этапаў конкурсу прадпрымальніцкіх ідэяў
Алеся з мужам Сяргеем на адным з этапаў конкурсу прадпрымальніцкіх ідэяў

Прыкладам таго, што стаўленьне да людзей з інваліднасьцю мяняецца ў лепшы бок, Алеся лічыць і сам факт свайго ўдзелу ў конкурсе прадпрымальніцкіх ідэяў.

«Ніхто з журы не зьвярнуў увагі, што ўдзельнік конкурсу інвалід і будзе працаваць з інвалідамі. Гэта сьведчыць, што савецкае стаўленьне да людзей з асаблівасьцямі адыходзіць у нябыт», — кажа суразмоўніца.

На пытаньне, а як жа сытуацыя зь безбарʼерным асяродзьдзем, Алеся адказвае: для інвалідаў у вазках пакуль ня ўсюды створаныя ўмовы для камфортнага жыцьця.

«Хоць паволі і тут сытуацыя мяняецца», — аптымістычна адзначыла яна і тут жа прызналася:

«Пра сябе скажу шчыра, што ўзімку я хаджу з кавенькай, бо сьлізка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG