Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Суша выдаў тры дзіцячыя энцыкляпэдыі пра Францішка Скарыну


Алесь Суша, аўтар сэрыі кніг пра Францыска Скарыну

Алесь Суша, аўтар сэрыі кніг пра Францыска Скарыну

Кнігазнавец і культуроляг Алесь Суша прэзэнтаваў у Нацыянальнай бібліятэцы адразу тры кнігі пра Францыска Скарыну. Яны называюцца «Чалавек сьвету», «Чалавек-энцыкляпэдыя» і «Чалавек-легенда».

Выданьні выйшлі ў сэрыі «Беларуская дзіцячая энцыкляпэдыя», у іх зьмяшчаецца раней невядомая інфармацыя пра жыцьцё беларускага першадрукара.

«Самым нечаканым адкрыцьцём для мяне ў гэтым выданьні зьяўляецца вэрсія пра тое, што Францыск Скарына мог быць дывэрсантам ці агентам зьнешняй дывэрсійнай службы ВКЛ, выконваць даручэньні вышэйшых дзяржаўных і царкоўных колаў ВКЛ і Польскай Кароны», — сказаў Алесь Суша.

У адной з кніг больш падрабязна апавядаецца пра кёнігсбэрскі пэрыяд жыцьця Скарыны — 1530 год.

Яшчэ адна недасьледаваная тэма ў жыцьці Францыска Скарыны — наведваньне першадрукаром Вітэнбэргу, дзе ён уключыўся ў дыскусію з Марцінам Лютэрам. На думку Алеся Сушы, роля Скарыны ў працэсе Рэфармацыі заслугоўвае асобных разваг і пытаньняў.

У сваіх кнігах Алесь Суша разбурае міт пра Скарыну-мастака:

«Ажно да 90-х гадоў Скарыну спрабавалі раскрыць як мастака, знайсьці ў яго гравюрах славянскія тыпы, „цьвяток радзімы васілька“. І знаходзілі, і абаранялі дысэртацыі. Нам пашчасьціла знайсьці яго гравюры зь яго першай кнігі, з „Псалтыра“, якія выкарыстоўваліся і ў іншых, чэскіх выданьнях. А ў выданьнях віленскага пэрыяду, у „Малой падарожнай кніжыцы“ знаходзім гравюры, якія друкаваліся ў Нюрнбэргу, у „Сусьветнай хроніцы“ Гартмана Шэдэля. Мастаком Скарына, верагодна, ня быў. Ён быў ідэолягам, перакладчыкам, выдаўцом, а ня майстрам, які рэзаў гравюры на дрэве. Гэта таксама трэба разумець, каб не ствараць новых мітаў», — сказаў Алесь Суша.

Алесь Суша падпісвае навучэнцам менскай гімназіі імя Францыска Скарыны кнігі і ілюстрацыі, зьвязаныя з жыцьцём першадрукара

Алесь Суша падпісвае навучэнцам менскай гімназіі імя Францыска Скарыны кнігі і ілюстрацыі, зьвязаныя з жыцьцём першадрукара

Кнігі пра Францыска Скарыну раскупілі вокамгненна. Такога ажыятажу на кнігі, паводле словаў Ларысы Языковіч, галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», яна ня памятае з часоў выданьня энцыкляпэдыі ВКЛ у трох тамах. Верагодна, што ў наступным годзе наклад дадрукуюць, але замест трох кніг будзе адна.

Ларыса Языковіч, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», расказвае аб праекце «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Трохмоўны фотаальбом на 500 старонак выдадуць на пачатку 2017 году

Ларыса Языковіч, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», расказвае аб праекце «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Трохмоўны фотаальбом на 500 старонак выдадуць на пачатку 2017 году

Новая сэрыя мае посьпех сярод школьнікаў і іхніх бацькоў. Кнігі напісаныя простай, зразумелай мовай. Яны зьмяшчаюць кароткія артыкулы, прысьвечаныя жыцьцяпісу Францыска Скарыны. Такі фармат, паводле словаў аўтара, адпавядае новым формам мысьленьня.

Навучэнцы менскай гімназіі імя Францыска Скарыны размалёўваюць беларускага першадрукара і пішуць пажаданьні Алесю Сушу. Сярод іншага, зычаць мець болей пасьпяховых кніг

Навучэнцы менскай гімназіі імя Францыска Скарыны размалёўваюць беларускага першадрукара і пішуць пажаданьні Алесю Сушу. Сярод іншага, зычаць мець болей пасьпяховых кніг

У кнігах больш за 300 ілюстрацыяў. Некаторыя — на паласу ці на разварот. Шмат якія раней не публікаваліся. Напрыклад, вэнэцыянская Біблія, зь якой Скарына рабіў пераклад. Таксама багата фатаздымкаў, якія рабіў сам аўтар, працуючы над выданьнямі Скарыны ў розных краінах сьвету.

«За апошнія гады давялося папрацаваць у бібліятэчных зборах Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы, Латвіі, Вялікай Брытаніі ды Чэхіі. На жаль, беларусы недастаткова працуюць з замежнымі крыніцамі, дзякуючы якім яшчэ магчымыя пэўныя адкрыцьці. Таксама неабходна зьвярнуцца да працы па ўшанаваньні Францыска Скарыны як у Беларусі, гэтак і за мяжою. Помнікаў Шаўчэнку, па падліках украінцаў, больш за тры тысячы. А помнікаў Скарыну — толькі пара дзясяткаў, пераважная большасьць іх знаходзіцца ў Беларусі», — сказаў Алесь Суша.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG