Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску, ва ўкраінскай амбасадзе адчынілася выстава «З Украінай у сэрцы» паводле пленэру беларускіх і ўкраінскіх мастакоў, які прайшоў на Данеччыне, у зоне АТА. Госьцем перадачы — адзін з арганізатараў пленэру Алесь Пушкін.

У Менску, ва ўкраінскай амбасадзе адчынілася выстава «З Украінай у сэрцы» паводле пленэру беларускіх і ўкраінскіх мастакоў, які прайшоў на Данеччыне, у зоне АТА. Госьцем перадачы — адзін з арганізатараў пленэру Алесь Пушкін.

— Алесь, што паклікала на Данеччыну цябе і тваіх сяброў?

— Гэты пленэр мусіў адбыцца, паколькі мы, мастакі суполкі «Пагоня» ня можам стаяць убаку ад гэтай вайны, дзе ўжо загінулі і беларусы — спачатку Міхась Жызьнеўскі, потым Алесь Чаркашын. З прапановай паехаць ва Ўкраіну я патэлефанаваў мастакам Лёніку Тарасевічу, Руслану Вашкевічу, Генадзю Драздову, Алесю Цыркунову, Андрусю Такіндангу, Алесю Сушу. Чаму менавіта ім? Бо гэта — неабыякавыя людзі, якія любяць сьмелыя праекты. На жаль, Тарасевіч быў на той час у Італіі — выстаўляўся там, таму ня змог паехаць, хоць зь вялікай прыхільнасьцю паставіўся да гэтай ідэі. Руслан Вашкевіч якраз меў выставу ў Полацку, але таксама вельмі шкадаваў, што ня зможа паўдзельнічаць. Астатнія — пагадзіліся з радасьцю. Грамадзкая арганізацыя «Браты» зладзіла нам сустрэчу ў Кіеве, дзе мы схадзілі ў Нацыянальны саюз мастакоў Украіны і папрасілі яшчэ кагосьці з украінцаў далучыцца да нашага міжнароднага пленэру. І з намі паехаў Тарас Носар — вельмі цікавы чалавек і творца. Справа ў тым, што Данецкая вобласьць самая буйная ва Украіне — 5 мільёнаў жыхароў. І ў Данецкай абласной арганізацыі мастакоў — 152 асобы. І зь іх толькі два мастакі пасьля ўтварэньня ДНР пераехалі ва Ўкраіну. Астатнія сто пяцьдзясят засталіся абслугоўваць новую ўладу. І вось Тарас Носар — адзін з тых двух. На Данеччыне ён выкладаў у мастацкай школе на ўкраінскай мове, за што зазнаў перасьлед і рэпрэсіі з боку мясцовых уладаў.

Творчы момант пленэру

Творчы момант пленэру

— Вы ладзілі пленэр фактычна на пярэднім краі, дзе да гэтай пары працягваюцца абстрэлы. Ці складана было фармальна трапіць у зону АТА?

— Намесьнік старшыні Нацыянальнага саюзу мастакоў Украіны Ўладзімер Зінчанка выдаў нам дакумэнт, які дазваляў езьдзіць па ўсёй тэрыторыі антытэрарыстычнай аперацыі — па Данецкай і Днепрапятроўскай абласьцях. Мы хацелі наведаць мясьціны, дзе ваяваў і загінуў Алесь Чаркашын: Тарагнаціўку, Пяскі, Валнаваху, Навагродзіўку, Вялікаміхайлаўку. Перад выездам туды нас праверыла Служба бясьпекі Ўкраіны.

— Ты аднойчы ўжо маляваў вайну — я маю на ўвазе твае малюнкі, прывезеныя са службы ў Аўганістане. А што цябе як мастака найбольш уразіла на Данеччыне?

— У Аўганістане я быў акупантам, мы там жылі ў замкнёнай прасторы. Тут нават параўноўваць ня варта. Украінцы аб’яднаныя адной ідэяй — Украіна стала іншай, яна крочыць у самастойнае жыцьцё. Усе вайскоўцы, зь якімі нам даводзілася кантактаваць, знаходзяцца там па закліку сэрца. Яны прынцыпова падкрэсьлівалі, што жывуць на людзкія ахвяраваньні. Я сам бачыў скрынкі зь печывам, на якіх напісана: «Зь любоўю ад жанчынаў з Чарнігаўшчыны», бачыў перададзеныя нейкай сям’ёй з Партугаліі бронекамізэлькі. Мы надзявалі тыя ахвяраваныя каскі і бронекамізэлькі, мы елі прадукты, якія прыносілі людзі з навакольных паселішчаў, і паўсюль паштоўкі: «Зь любоўю абаронцам айчыны». Да беларусаў там стаўленьне дужа прыхільнае. Нам вайскоўцы казалі: «Сябры беларусы, вас загінула двое, а ў нашым батальёне за гэты час загінула 150 чалавек. Але і вашы загінулі сярод нас. Таму вы — нашы браты».

Удзельнікі пленэру каля разбуранай царквы

Удзельнікі пленэру каля разбуранай царквы

— А не ўзьнікала жаданьне перайсьці «лінію фронту» і сустрэцца з тымі, хто апынуўся ў ДНР?

— Узьнікала. Я гаварыў тым, хто нас суправаджаў: «Сябры, каб даведацца сапраўдную, аб’ектыўную рэальнасьць, трэба пабыць яшчэ і ў Данецку». Там жа блізка — мы бачылі вежы данецкага аэрапорту. Але ў ДНР я ня трапіў. І вось чаму. Справа ў тым, што насельніцтва Навагродзіўкі (Данецкая вобласьць) адсоткаў на 80% не падтрымлівае цяперашнюю ўкраінскую ўладу, у горадзе паўсюль вісяць арыенціроўкі на сэпаратыстаў, як у нас на стэндах: расшукваецца такі і такі злачынец. Паўтаруся, там каля 80% сэпаратысты, яны хочуць у ДНР. Я хадзіў у камуфляжы, дык на мяне скоса паглядалі, прымаючы за ўкраінскага вайскоўца. Выхад у горад там — як апынуцца сярод сэпаратыстаў.

Алесь Пушкін і Алесь Цыркуноў перад выездам на лінію фронту

Алесь Пушкін і Алесь Цыркуноў перад выездам на лінію фронту

— Калі я глядзеў фотаздымкі з пленэру, мне прыгадаўся дзёньнікавы запіс Пімена Панчанкі, зроблены на фронце. Ён чытаў вершы на перадавой, а тут пачаўся артабстрэл, і ён упершыню зразумеў, што вершы ў яго даўгаватыя... А вы пад абстрэлы не траплялі?

— Толькі аднойчы. Неяк у сонечны дзень мы завялі БМП у Пясках і праехалі паралельна лініі распадзелу, каб падражніць дэнээраўцаў. І адтуль пастралялі, праўда, не з гранатамётаў, а са стралковай зброі. Як мы малявалі? Рабіўся накід вуглём, рабілася фота, прапісвалася збольшага каляровая гама — і ўсё. Пачатая праца адразу заносілася на базу, дзе мы жылі, пераязджаючы зь месца на месца. Усюды нас гасьцінна прымалі вайскоўцы ў казармах. Нас разьмяркоўвалі па два чалавекі. Мы разам зь імі ішлі ў сталовую — а там мёд з надпісам: ад пчаляроў Палтаўшчыны... У казармах там паўсюль — патрыятычныя сьпеўнікі, малітоўнікі абаронцаў айчыны, там служаць капэляны. Мне запомніўся дзед Мірон, які там знаходзіцца з двума сынамі, яму 74 гады, а ён водзіць машыну, якая падвозіць снарады. Сустракаліся мне там і беларусы. Я намаляваў партрэт жаўнера з Магілёўшчыны (ня буду называць прозьвішча) і падарыў яму. Там жа дысьлякуецца тактычная група «Беларусь» — у складзе дабраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». Некаторых з хлопцаў я таксама маляваў.

— А як табе ўдалося правезьці празь мяжу разарваныя гільзы і другія падобныя рэчы, якія ты хацеў паказаць на выставе як інсталяцыі?

Алесь Пушкін. Партрэт дзяўчыны з блёк-паста

Алесь Пушкін. Партрэт дзяўчыны з блёк-паста

— Калі мы бралі дазвол у НСМУ на правоз твораў, напісаных падчас пленэру, я абачліва запісаў у дэклярацыю, што буду везьці бандуру, вышыванку, гільзы, скрыні з-пад набояў, асколкі мінаў. Украінцы нас адразу прапусьцілі, а беларускія памежнікі спачатку пусьцілі сабаку, які панюхаў, ці порахам ня пахне, а потым памацалі кожную рэч, у тым ліку і карціны. Убачылі, што яны сьвежыя — фарба ліпне, і прапусьцілі. Праўда, у амбасадзе нас папрасілі ваенныя артэфакты не выстаўляць.

— Як выглядае інфраструктура ў зоне АТА? Ці аднаўляецца штосьці?

— Не аднаўляецца нічога. Усё разбурана ўшчэнт, паўсюль руіны. У Пясках у калідоры школы ляжаць не разарваныя міны 120-мілімэтровых армейскіх мінамётаў. А Данеччына — такая багатая зямля. Там 120 сантымэтраў чарназёму, а на глыбіні 800 мэтраў залягае антрацыт. У Пясках у свой час працаваў Інстытут расьлінаводзтва, быў цудоўны дом культуры з выдатным ансамблем бандурыстаў. Мы з пленэру нават бандуру прывезьлі. Чаравічкі, вышыванкі валяліся пасярод руінаў... Прамысловасьць там цалкам згорнутая. Хоць калі едзеш — шахты дымяць, вугаль выгружаюць, але далёка ня ў тых аб’ёмах, як раней.

— Беларускія афіцыйныя СМІ наўсьлед за расейскімі называюць вайну ва Ўкраіне грамадзянскай. А самі ўкраінцы каго лічаць агрэсарам?

— Расею — гэта адназначна. Але сама Ўкраіна стаіць на парозе грамадзянскай вайны. Мяркуй сам, апроч афіцыйных узброеных сілаў там ёсьць чатыры батальёны, скажам так, неафіцыйныя, у якіх на ўзбраеньні стаяць нават 120-мілімэтровыя гаўбіцы. Гэта вельмі магутная сіла, гэта бочка з порахам, якая можа ўспыхнуць хоць заўтра. Таму што мэты рэвалюцыі годнасьці не дасягнутыя, алігархі дагэтуль вывозяць свае капіталы ў афшорныя зоны, дагэтуль у Кіеве не разьбяруцца зь люстрацыяй. Таму гэтыя батальёны стаяць напагатове, і іхнія камандзеры мне казалі: будзе загад — мы за ноч возьмем Кіеў. Усё больш і больш украінец спадзяецца на аўтамат. На вялікі жаль.

— Якое тваё стаўленьне да тых беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне, прычым з абодвух бакоў?

Алесь Пушкін. Загінулым ва Ўкраіне беларусам прысьвячаецца

Алесь Пушкін. Загінулым ва Ўкраіне беларусам прысьвячаецца

— Я перакананы, што беларусам ня трэба ехаць на тую вайну. Там мы не перасьледуем нашых нацыянальных інтарэсаў. Наша справа — дапамагчы Ўкраіне маральна, у тым ліку мастацтвам. Ты можаш усьміхацца, але мы, мастакі, сваім пленэрам, сваімі пэндзлямі спынілі вайну! Так-так, пасьля нашай паездкі ў Пяскі там ужо не было буйнакалібэрных кулямётных абстрэлаў. Там настала зацішша. Мы зладзілі гэты пленэр, бо хочам, каб больш там беларусы ня гінулі. Хай іх застанецца толькі двое. Калі будзе сто два загінулых, у нас ня стане герояў, гэта будзе статыстыка. А пакуль у нас ёсьць два героі — Міхась Жызьнеўскі і Алесь Чаркашын.

— Відавочна, што ў вядомым выслоўі «калі гавораць гарматы — музы маўчаць» няшмат рацыі — гісторыя гэта неаднойчы пацьвердзіла. Усё ж, якая роля мастака на вайне — падымаць баявы дух жаўнераў, ці маляваць, умоўна кажучы, «голуба міру», як тое зрабіў калісьці Пабла Пікаса?

— Роля мастака — антымілітарная, антываенная. Нельга забіваць адзін аднаго дзеля розных перакананьняў. Трэба ў любых умовах дамаўляцца і мірна суіснаваць. Мастацтва мусіць адцягваць увагу чалавека ад вайны. На жаль, яе пакуль не ўдаецца канчаткова патушыць у нашай братняй Украіне. Але наша неабыякавасьць падштурхнула нас зладзіць такі пленэр. Мы, беларускія мастакі, ні кроплі не шкадуем пра гэта. Шкада толькі, што мы не змаглі знайсьці памяшканьне пад выставу ў Беларусі і вымушаныя выстаўляцца ў амбасадзе Ўкраіны, за што прынагодна выказваю падзяку ўкраінскім дыпляматам.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG