Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскага настаўніка звольнілі з працы пасьля паездкі ў Нарвэгію


Грамадзкі актывіст Алесь Масюк, які працаваў пэдагогам у Слонімскім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму, напісаў заяву на адпачынак за свой кошт, але дырэктарка яго не адпусьціла. Зьвярнуўся да старшыні райвыканкаму — і таксама не знайшоў паразуменьня. У выніку без дазволу начальства зьехаў у Нарвэгію на запрашэньне Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Нарвэгіі (KrF).

Алесь Масюк навучаў школьнікаў асновам турызму. Акрамя гэтага, ён актыўна ўдзельнічае ў палітычным жыцьці, балятаваўся ў дэпутаты як апазыцыйны кандыдат на апошніх парлямэнцкіх выбарах. Сваіх палітычных поглядаў ніколі не хаваў, і кіраўніцтва дзіцяча-юнацкага цэнтру пра іх добра ведала.

Масюк кажа, што калі яго ўключылі ў сьпіс дэлегацыі ад беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў на паездку ў Нарвэгію, то адразу напісаў заяву і патлумачыў дырэктарцы Сьвятлане Царук, зь якой прычыны хоча адсутнічаць.

— Яна адразу мне адмовіла. І прычынай адмовы было тое, што, маўляў, паедзеш, потым напішаш, як там добра жывецца, а ў Беларусі дрэнна, і для мяне тады праблемы будуць. Маўляў, пра тваю дзейнасьць і так начальства шмат дрэннага кажа. Праўда, адразу сказала, што падумае. А на наступны дзень ужо наадрэз адмовілася абмяркоўваць маю заяву.

Паводле Масюка, спэцыфіка гуртковай працы дазваляе пры неабходнасьці пераносіць заняткі турыстычнага гуртка з аднаго дня на іншы, і на практыцы такое адбываецца. Больш за тое, ён падрыхтаваў плян адпрацоўкі сваіх заняткаў. Але ніякія аргумэнты на дырэктарку ўжо ня дзейнічалі.

Масюк зьвярнуўся да начальніка аддзелу адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкаму з просьбай паспрыяць, але і там не знайшоў падтрымкі. Пайшоў на прыём да старшыні Слонімскага райвыканкаму Алега Таргонскага. Чыноўнік паабяцаў разабрацца, а потым даслаў ліст, у якім былі перадрукаваныя артыкулы працоўнага кантракту — і, маўляў, на такія мэты адпачынак за свой кошт не прадугледжаны.

А Масюк урэшце ўзяў і наважыўся паехаць у Нарвэгію без дазволу начальства. Вось як ён патлумачыў Свабодзе сваё рашэньне:

— Я доўга ўпрошваў дырэктарку, даваў слова, што адпрацую, але яна кожны раз называла мне самыя розныя прычыны, кшталту — у нас тут павінна быць праверка, і іншае. Больш за тое, я ніколі не парушаў дысцыпліну на працы, дзе адпрацаваў амаль 8 гадоў, на мяне ніколі не было ніякіх нараканьняў. Я паказваў дырэктарцы білеты на самалёт. Я ж таксама ня мог падвесьці людзей, якія мяне запрасілі. Мне калегі па працы казалі — навошта ты сказаў, што едзеш у Нарвэгію, маўляў, назваў бы іншую прычыну. Але я не магу так проста падмануць. Я сказаў праўду і спадзяваўся на разуменьне, але... Канечне, я думаў, што будуць наступствы, але ніколі ня думаў, што мяне адразу звольняць. Мне вельмі важная мая праца, я імкнуўся яе рабіць цікава і цяпер не разумею, каму ад гэтага добра.

Дырэктарка дзіцяча-юнацкага цэнтру Сьвятлана Царук на пытаньне Свабоды — чаму яна не змагла знайсьці кампрамісу з настаўнікам і звольніла яго — адказала наступным чынам:

Ідзе навучальны працэс, і калі ўсе пачнуць ехаць куды захочуць, то што я тут буду рабіць?

— Масюк быў папярэджаны, што будзе звольнены, бо заява яго была непадпісаная. На жаль, ён мяне не паслухаў. І справа ня ў тым, што ён мог потым адпрацаваць, а справа ў тым, што ідзе навучальны працэс, і калі ўсе пачнуць ехаць куды захочуць, то што я тут буду рабіць? Я яму казала, што ён можа ўзяць адпачынак і паехаць у лістападзе. Я яго прасіла, але, мусіць, яму трэба было ісьці на кампраміс са мною, а ня мне зь ім...

На звальненьне Масюка адразу адрэагавалі ягоныя вучні. Спачатку яны нават не далі веры, што іх настаўніка, зь якім так цікава было хадзіць у паходы, звольнілі з працы. Нават хадзілі прасіць за свайго настаўніка, але дырэктарка да іх не прыслухалася.

Калегі-пэдагогі таксама вельмі добра кажуць пра Масюка, хоць прасілі не называць іх імёнаў. Цьвердзяць, што настаўнік і чалавек ён добрасумленны. Вось што сказала Свабодзе адна зь ягоных цяпер ужо былых калегаў:

— Ён карыстаўся павагай ня толькі сярод сваіх калегаў, але і вучняў. Да працы ставіўся зь цікавасьцю. Да яго на гурток хадзілі больш за 40 вучняў, такое ня ў кожнага бывала. Трэба зацікавіць дзяцей, і ён з гэтым спраўляўся. Дый наагул нас зьдзівіла, што чалавека так адразу могуць выкінуць з працы, нават не падумаўшы, што ў яго двое малых дзетак.

Спадарыня Валянціна, маці аднаго з вучняў, які займаўся ў гуртку Масюка, прыходзіла да дырэктаркі і хацела напісаць яму падзяку за працу, бо сын вельмі задаволены паходамі і ўвесь час сьпяшаецца на заняткі гуртка, маўляў, там шмат цікавага. Але ёй сказалі, што Масюк болей тут не працуе.

Чаму паўсюль гэты бюракратычны фармалізм перавышае чалавека і ягоныя патрэбы?

— Наагул дзіўна, як у нас проста могуць абыходзіцца з нармальнымі настаўнікамі. Я колькі памятаю, у сына толькі раз не было заняткаў на гэтым гуртку, бо Масюк сядзеў з хворай дачкою. А так пастаянна яны нешта майструюць, вучацца, як паводзіць сябе ў турыстычных паходах. А летам хадзілі ў паход, то сын дагэтуль расказвае, як было цікава. Ну няўжо адміністрацыя ня можа даць тыдзень адпачынку за свой кошт такому пэдагогу? Чаму паўсюль гэты бюракратычны фармалізм перавышае чалавека і ягоныя патрэбы? Калі ўжо нарэшце навучымся зь людзьмі па-людзку абыходзіцца?

Сам Масюк цяпер дома, хварэе. Кажа, што трэба шукаць працу. Спрабаваў папрасіцца назад, але дырэктарка катэгарычна адмовіла.

— Я ў прынцыпе хадзіў да дырэктаркі і прасіўся ўзяць мяне назад, бо застаўся гурток, у якім больш за 40 вучняў, а спэцыяліста няма. Я не адмаўляю, што паехаў без дазволу, але на гэта былі прычыны, я іх таксама патлумачыў. Так, няхай пакараюць, але ж не абавязкова звальняць, калі чалавек можа і хоча працаваць. Мне чамусьці ўзгадаўся выпадак, калі прэзыдэнт Лукашэнка звольніў з пасады міністра абароны генэрала Мальцава. Прычым гэта прагучала тады на ўсю краіну. Але ўсё ж яму далі новую працу, бо нельга ж так безапэляцыйна зь людзьмі абыходзіцца.

У 2008 годзе Свабода пісала, як Алесь Масюк зьвяртаўся ў пракуратуру раёну са скаргай, што яго з палітычных матываў 8 гадоў нідзе ня бралі на працу. Тады ён скончыў унівэрсытэт і ў жніўні пісьмова зьвярнуўся да начальніцы ўпраўленьня адукацыі райвыканкаму. Прычым у заяве прасіў разгледзець усе магчымыя варыянты працаўладкаваньня. Яму адмовілі.

У верасьні ён сам пайшоў па школах, і высьветлілася: вольныя гадзіны ёсьць, можна весьці гурткі, займацца арганізатарскай працай. Але калі дырэктары даведваліся, што ён займаецца палітычнай дзейнасьцю, адразу адмаўлялі. І толькі пасьля заявы ў пракуратуру яго ўсё ж узялі працаваць у дзіцяча-юнацкі турыстычны цэнтар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG