Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Мара: Я саромеюся сьпяваць, але Бураўкіну вельмі падабалася


Алесь Марачкін, беларускі мастак, адзін з арганізатараў і першы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня», вядомы таксама як паэт Алесь Мара, расказаў Свабодзе яшчэ пра адно сваё захапленьне — сьпевы. Мультымэдыйны дыск ягоных песень і карцін летась выйшаў у Менску.

Дыск называецца «Калодзеж у жыце». На ім — запісаныя голасам аўтара вершы з аднайменнага зборніка, народныя песьні, якія знайшліся ў архіве сына мастака — Ігара Марачкіна, а таксама некалькі дзясяткаў карцін.

Адну зь песень — «Была ў Ганулі злая мачыха» — Алесь Мара запісаў з жонкай Ірынай, якая памерла некалькі год таму.

«Выдаць дыск мне параіла сьпявачка Тацяна Грыневіч-Матафонава. Мы задумалі яго так, каб там былі і карціны, і вершы з маёй кніжкі „Калодзеж у жыце“, а таксама тое, як я сьпяваю магілёўскія народныя песьні. Магілёўскія — бо адтуль паходзяць мае продкі, і ў маладосьці я запісваў фальклёр у тым рэгіёне. Гэтыя песьні я чуў ад маці, ад дзеда. Яны ўнікальныя, іх цяжка пераняць, бо яны вельмі галасістыя і з тонкімі нюансамі. Па настроі яны сумныя. Люблю іх слухаць, калі на душы самотна», — расказаў аўтар.

Алесь Мара прызнаўся, што любіць слухаць і сьпяваць народныя песьні, але публічна ніколі гэтага не рабіў — толькі ў коле сяброў:

«Гэта маё хобі. Саромеюся выступаць перад вялікай колькасьцю людзей. Але аднойчы давялося сьпяваць у АртСядзібе на адным зь мерапрыемстваў, дзе быў Генадзь Бураўкін. Ён слухаў-слухаў мае сьпевы, а пасьля дужа высока ацаніў іх. Пасьля ён папрасіў мяне запісаць гэтыя песьні, каб людзі маглі іх паслухаць».

Карціны на дыску падабраныя так, каб «не выяўляць нонканфармісцкі настрой Алеся Мары як мастака»:

«Мы так зрабілі, каб у вочы асабліва ня кідалася мая палітызаванасьць, мой нонканфармізм. Для чаго так вырашылі? Гэтая цэнзура адбылася для таго, каб дыск мог спакойна прэзэнтавацца ў школах».

Карціны на дыску падзеленыя на тэматычныя блёкі. «Асобы» — тут партрэты Вітаўта Вялікага, Рагнеды і Ізяслава, Эўфрасіньні Полацкай, Зянона Пазьняка, Кастуся Каліноўскага, Міхала Клеафаса Агінскага, Францішка Скарыны і іншых. «Краявіды» — тут прыродныя замалёўкі Полаччыны, Магілёўшчыны. «Паданьні і легенды» — тут такія пэрсанажы, як Страцім-лебедзь, Чорная дама Нясьвіжа.

Дыск распаўсюджваецца праз АртСядзібу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG